Гэтай акцыяй беларусы імкнуліся прыцягнуць увагу еўрапейскіх чыноўнікаў да праблемы палітвязняў і заклікалі ўзмацніць ціск на рэжым у Мінску. Нагодай для пікету стала трэцяя гадавіна затрымання Мікалая Статкевіча.
31 траўня 2020 года аўтамабілю, у якім Мікалай Статкевіч ехаў разам з жонкай Марынай Адамовіч на пікет па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую проста на праезнай частцы вуліцы Маякоўскага ў Мінску перагарадзіў дарогу мікрааўтобус. Людзі ў цывільным выцягнулі палітыка прама з аўтамабіля, і з таго моманту Мікалай Статкевіч на волю не выходзіў. Вераніка Мішчанка, сябра прэзыдыума „Народнай грамады” кажа, што ў гэты дзень было арганізавана сапраўднае паляванне на сябраў партыі.
«У гэты дзень была татальная зачыстка «Народнай грамады». Вось гэтае затрыманне 31 траўня, мне тады ўдалося яго пазбегнуць, была затрымана каля дома мая дачка малодшая, быў затрыманы Валянцін Троцкі. Але мы думалі, што гэта будуць суткі. Мы гатовы былі: адныя суткі, другія. І нават, калі сядзелі на сутках на Акрэсціна, мы спадзяваліся, што Лукашэнка іх выпусціць, што ён не пойдзе ўжо да такой ступені на жорсткія меры. Але на жаль… Першае, што я спытала, калі выйшла з Акрэсціна: ці на волі Мікалай Статкевіч? Марына Міхайлаўна мне тады сказала, што ён не выйшаў і да таго ж Сяргея Спарыша скралі з дому. Я памятаю, што тады заплакала».
Спачатку Мікалая Статкевіча асудзілі на адміністрацыйны арышт, а пасля ўзнікла крымінальная справа. У снежні 2021-га яму прысудзілі 14 гадоў калоніі асобага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў». З чэрвеня мінулага года ён знаходзіўся ў калоніі №13 у Глыбокім. Ужо 112 дзён ад яго няма навін. Па словах Веранікі Мішчанка па ўскосных даных можна меркаваць, што як мінімум ён жывы.
«Ужо больш за 110 дзён пра яго нічога невядома, акрамя таго, што Марыне Адамовіч адказалі афіцыйна: вы можаце яму пісаць. І адзінае, што яна ведае, што ён жывы, скажам так. А так мы нічога не ведаем: лісты забаронены, лісты не перадаюцца. Ён паўгады быў у ШЫЗА і ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Гэта калонія ў Глыбокім, гэта калонія для смяротнікаў і тых, у каго пажыццёвае. Гэта былы кляштар, дзе камеры напалову ўкапаны ў зямлю, метр шырынёй і тры метры даўжынёй. І можна толькі ўявіць, што з чалавекам робяць, як яго імкнуцца павольна закатаваць».
Паплечнікі па партыі б’юць ва ўсе званы і прыцягваюць увагу да Мікалая Статкевіча на ўсіх узроўнях: ад Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу да кіраўнікоў дыпмісій асобных краін–кажа выкончываючы абавязкі старшыні партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.
«Мы нядаўна сустракаліся з амбасадарам Германіі ў Літве. Сёння сацыял-дэмакраты Германіі гэта адна з вядучых сацыял-дэмакратычных партый Еўропы. Таму мы звярнуліся з просьбай да нямецкага канцлера ўзняць гэтую тэму і аказаць ціск на рэжым.
Да таго ж мы шчыльна працуем з «хроснымі» Мікалая Статкевіча ў еўрапейскіх парламентах. Швейцарскі дэпутат правёў рэальную працу: іх амбасадар звяртаўся да ўладаў Беларусі з просьбай сустрэцца з Мікалаем Статкевічам. У такой сустрэчы было адмоўлена.
У бліжэйшы час у нас будзе стрым з Сацыялістычным Інтэрнацыяналам: ён абʼядноўвае 157 сацыял-дэмакратычных партый па свеце, многія ў сваіх краінах кіруючыя партыі, таму мы чакаем, што пэўныя дзеянні будуць прадпрыняты на такім узроўні».
Травень-чэрвень 2020 года стаў часам затрымання асноўных палітычных апанентаў Лукашэнкі. 29 траўня 2020 года ў Гродне ў выніку правакацыі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі. 31 траўня закрылі Мікалая Статкевіча. 18 чэрвеня будзе трэцяя гадавіна з моманту затрымання Віктара Бабарыкі з сынам Эдуардам. Нагадаць еўрапейцам пра лёс і самых вядомых палітвязняў Беларусі і менш медыйных асоб, якія патрапілі за краты за свае палітычныя перакананні, і павінна была акцыя ля будынка Еўрапейскай камісіі ў Вільні. За падзеямі ў Беларусі тры гады таму пільна сачылі і беларусы, якія доўгі час жывуць у Літве. Васіль Акуневіч прыйшоў на Акцыю з транспарантам «Змагары за волю Беларусі, Літва з вамі».
«З гэтым лозунгам пратэста я трэці раз сюды прыйшоў. Першы раз мы, беларусы, якія доўгі час жывуць у Літве, у 20-ым годзе, калі Лукашэнка стаў садзіць у турму сваіх канкурэнтаў, мы падтрымалі гэтых змагароў. Сёння –тры гады, як адзін з гэтых апанентаў быў затрыманы. Мікалай Статкевіч тры гады сядзіць, а апошнія 111 дзён ніхто не ведае, што з ім і дзе ён. Як не ведаем, дзе Бабарыка. Таму мы тут, чарговы раз звярнуць увагу чыноўнікаў Еўропы, якія ўжо крыху прытаміліся ад Беларусі. Нагадаць ім, што праблема існуе, мы чакаем, што не толькі чыноўнікі, але і народы Еўропы не забудуць пра Беларусь».
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.