Loading

Адукацыйная ініцыятыва «Беларуская акадэмія», якая мае аддзелы ў Коніне і Беластоку, упершыню выдала свой часопіс «Беларусь і свет» у папяровым фармаце. Гэта трэці па ліку нумар часопіса, які змяшчае каля дзясятка матэрылаў з розных галін навукі, якія наўпрост тычацца Беларусі і сітуацыі вакол яе. Аб выданні з яго галоўным рэдактарам Святланай Куль-Сяльверставай пагутарыў наш карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Часопіс, які цяпер, паводле спадарыні Святланы, з’яўляецца афіцыйным партнёрам Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які зараз праходзіць у Гданьску, ад верасня гэтага года можна не толькі пабачыць на маніторы гаджэтаў, але і патрымаць у руках. А гэта немалаважна перш за ўсё для тых, хто займаецца навуковай працай.

— Кожны даследчык хоча мець у руцэ тое, што ён зрабіў, а не толькі ў інтэрнэце. Пакуль выданне друкаванае, але пасля яно будзе, канешне, у інтэрнэце, цераз нейкі час у нашых партнёраў – Вышэйшай школы кадраў і менеджмэнта ў Коніне на іх старонцы. Таксама я думаю, «Камунікат», з якім мы сябруем, возьме гэты нумар у электронным выглядзе.

Друк вельмі добры. А па змесце кожны з нумароў уключае падбор дысцыплін, якія асвятляюцца. У залежнасці ад таго які матэрыял прыйшоў у часопіс, яго якасць. У гэтым нумары няма філасофіі. На жаль, адзін артыкул быў, але ён не прайшоў рэцэнзаванне і не ўзялі мы яго. Але ў гэтым трэцім нумары дадаўся раздзел, на вокладцы яго няма, але ў змесце ён ёсць, гэта інфарматыка. Першы артыкул менавіта па дакладных дысцыплінах, па інфарматыцы напісаў доктар Аляксей Бураўкін, таксама сябр нашай акадэміі. І адкрываем новы раздзел «Дакладныя навукі». Вельмі хацелася б, каб аўтары з Беларусі паўдзельнічалі ў развіцці менавіта гэтай часткі нашага часопіса. Дакладныя навукі – хімія, біялогія, каб не была адна гуманістыка, эканоміка і права. Гэта важна і для нас як Беларускай акадэміі, так і для супольнасці акадэмічнай, каб не былі закінутыя гэтыя навукі нават у эміграцыі. Гэта з аднаго боку, а з другога – гэта важна і для навукоўцаў данай галіны ведаў, у тым ліку маладых, якія працуюць і хочуць працаваць далей над павышэннем кваліфікацыі, займацца пошукам навуковым, што ёсць такая магчымасць надрукавацца.

— А якія аўтары ў вас друкаваліся ў гэтым нумары?

— Уклад даволі вялікі. У нас тут 11 аўтараў, адзін артыкул напісаны ў суаўтарстве, дзве асобы напісалі. Не толькі сябры Беларускай акадэміі. Рознага плану і рознага кшталту публікацыі. Адзначу не вельмі акадэмічным тэрмінам «бомба» публікацыю, якой адкрываецца нумар – вельмі значную для навукі і палітычнай сітуацыі работу Генадзя Коршунава, доктара сацыялогіі. Яна прысвечана нелегальнай міграцыі на межах Беларусі з Польшчай, Літвой, Латвіяй. У ёй паказана, як мігрантаў выкарыстоўваюць у якасці зброі ў гібрыднай вайне. І гэта не проста думка, а пацверджана факталогіяй, статыстыкай, і можна ўбачыць карэляцыю паміж падзеямі палітычнымі і хвалямі міграцыі.

Цікавая вельмі праца, на мой погляд, Руслана Бугаевіча «Польскі след у гісторыі Наваполацка». Гэта я хачу адзначыць, як гісторык. Увогуле невядомая старонка паднята. Гэта будаўніцтва газаправода ў савецкія часы, які прайшоў цераз Наваполацк, і як працавалі, жылі, камунікавалі польскія рабочыя, спецыялісты, якія туды ў Наваполацк былі прысланыя. Багаты факталагічны матэрыял, успаміны чалавек выкарыстаў, статыстыку, дакументы архіўныя.

Безумоўна, артыкул па педагогіцы Аляксандра Пупцава па дыстанцыйным навучанні, па выкарыстанні інфармацыйных сістэм, пра ролю выкладчыка і ролю тых, хто вучыцца, размеркаванне іх абавязкаў. Аляксандр Пупцаў вядомы спецыяліст у гэтай галіне.

Вольга Дробыш, прававед, зараз у Беларускай акадэміі выкладае. Параўнаўчая работа аб праблемах мовы, аб праблемах выкладанне паводле адукацыі, паводле розных прававых сістэм еўрапейскіх. Такая кампратывістыка прававая. Але я не буду называць усе працы».

Часопіс выданы накладам 50 экземпляраў. Ён мае усе патрэбныя навуковаму выданню атрыбуты – рэзюмэ на англійскай мове, навуковы апарат, спіс літаратуры, праходзіць па ўсіх еўрапейскіх каталогах, мае ISBN (International Standard Book Number). Пры патрэбе складальнікі маюць права давыдаць яшчэ сто асобнікаў. Зараз Беларуская акадэмія збірае навуковыя працы для друкавання ў наступным нумары часопіса «Беларусь і свет», выданне якога плануецца ў 2024 годзе.

Comments are closed.