Loading

З 24 па 27 лістапада ў Варшаве праходзіў Гістарычны кніжны кірмаш. Сёлета гэта папулярнае мерапрыемства адбылося ў 30-ы раз і аб’яднала каля 180 выдавецтваў з Польшчы, Беларусі і Украіны.

На беларускім стэндзе былі прадстаўлены 13 выдавецтваў і выдаўцоў. Акрамя свежых кніжак, гістарычных бестсэллераў і хітоў белліту адбыліся цікавыя імпрэзы. Напрыклад, сустрэчы з Віктарам Ляхарам, Сяргеем Тарасавым, Евай Вежнавец і многімі іншымі творцамі. Каманда фестывальнай кнігі «Pradmova» прэзентавала на кірмашы новы конкурс беларускіх рукапісаў, а Ігар Крэбс і Ганна Янкута прадставілі чытанкі для дзяцей. Аліна Крамко завітала на беларускі стэнд і высветліла, што сёлета прапаноўвалі выдаўцы і якія кнігі куплялі беларусы Варшавы.

Пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец) 26 лістапада прэзентавала сваю кнігу «Па што ідзеш, воўча?». З радыё Ўнэт яна падзялілася ўражаннямі ад падзеі.

«Мяне ўразіла, колькі беларускае кнігавыдавецтва зрабіла крокаў наперад. Гэта інтэлектуальныя кніжкі, перад якімі не трэба спускацца на калені, каб іх пачытаць. Іх можна чытаць і ўздымаць галаву”.

На беларускім стэндзе былі прадстаўленыя кнігі па гісторыі Беларусі, свежыя выданні мастацкай літаратуры, часопісы, календары. Некалькі квадратных метраў сталі не проста пляцоўкай для продажу, а паўнавартаснай прасторай для сустрэч і рэпрэзентацыі беларускай культуры. Сярод пакупнікоў быў і вядомы беларускі музыкант Сяржук Доўгушаў.

«Я ішоў сюды спецыяльна, каб набыць некалькі кніг у паездку ў ЗША. Мне здаецца, там ёсць трошкі голад па беларускай літаратуры. Вельмі актыўная беларуская дыяспара ў Штатах, але кніжкі туды, на жаль, не далятаюць».

Адзін з арганізатараў беларускай праграмы на Гістарычным кніжным кірмашы, архітэктар і калекцыянер Андрэй Далгоўскі падвёў вынікі ў апошнія гадзіны працы выставы.

«У гэтым годзе, у параўнанні з мінулымі, вельмі многа беларусаў. Шмат людзей прыходзіць і рэальна цікавіцца беларускай літаратурай. Зусім малая колькасць кніг паедзе далей на склады. Напрыклад, у аднаго з выдаўцоў 80% было прададзена».

Выдавец, пра якога кажа спадар Далгоўскі – гэта Андрэй Янушкевіч. Вынік яго чатырохздённай працы – амаль тысяча прададзеных асобнікаў. 

«З улікам таго, што гэта выстава гістарычнай кнігі, то шмат цікавіліся гісторыяй Беларусі, разнастайным нон-фікшэн, выданнямі пра культуру. Але трэба адзначыць, што пакупнікі парадавалі і вялікай увагай да мастацкай кнігі і дзіцячай літаратуры.

Людзі пастаянна пытаюць пра працяг серыі пра Гары Потэра, пра серыю «Вядзьмар», жадаюць каб выходзіла больш разнастайных дзіцячых кніг. Ёсць запатрабаванне нават на такі спецыфічны для Беларусі жанр, як коміксы. Беларускі чытач паказвае сябе не горш, чым сярэднестатыстычны еўрапейскі, інтарэс самы разнастайны. Я думаю, беларускія выдаўцы будуць задавольваць такі попыт».

Адна з наведвальніц кірмаша Наталля набыла ў сваю бібліятэку некалькі прыгожых выданняў.

«Я ўзяла «(Не)растраляныя», «Кароткую гісторыю Беларусі», кніжку Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». Я амаль усё чытаю анлайн, але важна было падтрымаць беларускія выдавецтвы».

Калі не атрымалася трапіць на кніжную выставу, у Беларускім моладзевым хабе можна набыць сучасную беларускую літаратуру, а таксама перакладныя творы. А інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» прапануе як кніжкі ў электронным варыянце, так і папяровыя выданні.

Поўны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.