Loading

Яго кнігу «Гэй Бэн Гіном» разам з акцёрамі тэатра-студыі «Купалінка» пераўвасабляе, пражывае, пераасэнсоўвае рэжысёрка Наталля Локіць. Атрымліваецца гісторыя пра беларускія сны, легенды і, канешне, Купалу – галоўнага героя маштабнага рамана Уладзіміра Някляева. Прэм’ера спектакля адбудзецца 16 чэрвеня ў Мультыкультурным Цэнтры ў Варшаве. 

Наталля Локіць

– Гэта вельмі цікавая кніга, яна зацягвае, гіпнатызуе. Раман містычны, раман пра Купалу – з яго разарванай душой. З яго ранай, якая точыць праз увесь твор, – распавядае Наталля Локіць

– Там шмат вельмі сур’ёзных пытанняў. Пытанняў хрысціянскага характару. Някляеў піша пра чалавека, які рухаўся да святла, але яно было настолькі невыносным, што ён пачаў шукаць шлях у цемру. Цікава было б пра гэта паразмаўляць з Уладзімірам Пракопавічам.

Першыя фрагменты гэтага спектакля паказалі на Дзень волі (невыпадкова назва «На Вальніцы»!), а 16 чэрвеня адбудзецца вялікая прэм’ера – у выкананні ўдзельнікаў тэатра-студыі «Купалінка». Яго наведваюць беларусы самых розных узростаў. Самаму малодшаму артысту, які сыграе ў спектаклі ў гэтую пятніцу, усяго пяць гадкоў.

– Наталля, у Жодзіна ў вас быў свой тэатр «Дар». «Купалінка» – гэта працяг ці штосьці новае, зусім іншае?

– Я вельмі люблю дзяцей, вельмі любіла сваю працу. Калі я прыехала сюды, мне вельмі хацелася ўладкавацца па прафесіі. І так я выйшла на «Купалінку». Як толькі нашыя першыя беларускія ластаўкі паляцелі ў Варшаву, іх падхапіла Вольга Гардзейчык- Мазярская і стварыла гэты тэатр. Так што глеба была ўзарана. Пакрысе, вельмі пяшчотна, Вольга мяне далучала да сваіх дзетак. І зараз мы разам.

– У вас у самой пяцёра дзяцей. Як вы вырашыліся на эміграцыю?

– Быў дваццаты год, былі пратэсты. Апошні раз мяне затрымалі на так званым рэферэндуме і прызначылі 200 базавых. Гэта была ўжо другая адміністрацыйная справа. Па першай я сплаціла штраф, прайшла праз вобшукі і опіс маёмасці. А калі атрымала другі штраф, то вырашыла: я не хачу яго плаціць. З працы мяне звольнілі, больш я б нідзе не ўладкавалася. Прыйшлося з’ехаць разам з дзецьмі. Мы ўсё тут. І сэрца зараз сцішылася.

– Як дзеці пражываюць эміграцыю?

– Яны зараз дыхаюць гэтай свабодай, гэтымі маршамі, якія тут ёсць. Усё нашае асяроддзе – беларускамоўнае. Яны ходзяць да мяне ў студыю. Мы бяром беларускі матэрыял, песні, танцы, вершы. Пэўна, каб выхоўваць зараз беларуса, трэба з’ехаць з Беларусі.

Увогуле, дзеці адаптаваліся даволі хутка. Дачушка нават знайшла сабе працу на лета. Ёй пятнаццаць, ходзіць на тайскі бокс, на фехтаванне. Фёдар робататэхнікай займаецца, на хуляйнозе любіць катацца. Яны, канешне, сумуюць па сваіх сябрах. Разумеюць, што не змогуць паехаць туды. Але нічога, нічога…

– У Жодзіна вы займаліся тэатрам, сваёй любімай справай.

Але ў Варшаве творчасць – не той від дзейнасці, які прыносіць грошы. Нічога, прарвёмся. Ведаеце, калі б мяне запыталі, якая ў мяне галоўная рыса характару, я б адказала: працаздольнасць!

– А жодзінцаў шмат у Варшаве?

– У нас тут нават ёсць чацік, і ён немалы. Нават з такога маленькага гарадка, як наш, такая колькасць людзей ужо тут… Гэтыя маштабы катастрафічныя. Людзі бягуць. Але прымаем, уладкоўваем, гуртуемся. 

Бывае, едзеш тут у аўтобусе, пачуеш беларускую мову, скажаш «Жыве Беларусь!», так і пазнаёмішся. І гэта самае галоўнае. Калі ты будзеш цікавіцца людзьмі, іх прытуляць, верыць людзям, не будзе часу дэпрэсаваць. Трэба яшчэ столькі ўсіх абняць і прытуліць. Таму не дачакаюцца!

Comments are closed.