Loading

«Ёсць у Варшаве сквот Syrena і ёсць ініцыятыўная група», – расказвае Максім. Новая прастора стане чымсьці кшталту фотаклуба. Туды змогуць прыходзіць людзі, якія займаюцца фатаграфіяй. Калі досведу няма – у «Цемні», што ў перакладзе значыць «цёмная комната», можна будзе яго атрымаць.

Максім Юданаў. Фота: Аляксандр Валодзін.

 – Хочацца стварыць нешта падобнае да лабараторыі. Каб у чалавека, які займаецца фатаграфіяй, была магчымасць да нас прыйсці і штосьці зрабіць. У кожнага ўдзельніка можа быць свой праект, могуць быць супольныя. Ёсць думкі пра самвыдат фотазінаў. Мы хочам, каб гэтае месца было адкрытым. Мы максімальна выкарыстоўваем наш драйв, які ў нас з’явіўся ад таго, што мы прыдумалі. Ёсць адчуванне, што ўсё атрымаецца, – кажа беларус Максім Юданаў.

Уваход у «Цемню», дарэчы, будзе не толькі з боку сквоту, але і з  вуліцы – каб зрабіць прастору максімальна адкрытай для ўсіх фотаэнтузіястаў, да якіх сябе адносіць і наш суразмоўца. А яшчэ, Максім называе сябе «любителем» фатаграфіі: «Таму што вельмі люблю гэтым займацца».

Свае першыя кадры ён зрабіў амаль 20 гадоў таму. За гэты час паспеў папрацаваць у розных месцах і пажыць у розных гарадах. Цяпер спыніўся ў Варшаве. Працуе тут будаўнічым альпіністам і працягвае здымаць. 

– Я пачаў фатаграфаваць у Піцеры. З 2005 па 2006 год я працаваў валанцёрам у дабрачыннай арганізацыі «Перспектывы». Яны займаліся людзьмі са шматлікімі псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі. Я ўдзельнічаў у двух гадавых праектах. Адзін раз у дзіцячым доме, а потым у псіханеўралагічным інтэрнаце. Трэба было дапамагаць у доглядзе, кармленні, але найважнейшым было, каб побач з людзьмі быў нейкі жывы чалавек. Былі выпадкі, калі дзецям спаўнялася 18 год, іх з дзіцячых дамоў адпраўлялі ў розныя інтэрнаты, дзе без дапамогі і падтрымкі валанцёраў яны часам нават паміралі. У нейкі момант я стаў там фатаграфаваць, і гэта быў уваход у дакументальную фатаграфію. Дарэчы, інтэрнат знаходзіўся ў прыгарадзе Пецярбурга, дзе шмат палацаў і паркаў. Але за гэтым усім парадам знаходзяцца ў тым ліку і такія месцы.

Фота: Максім Юданаў.
Фота: Максім Юданаў.
Фота: Максім Юданаў.

– Ты потым вяртаўся ў Мінск. Цяпер жывеш у Варшаве. Можаш расказаць пра гэтыя гарады не як іх жыхар, а як фатограф?

– Пра Мінск ведаю менш за ўсё, я прыязджаў туды радзей і радзей. Ён моцна змяніўся. Як і любы горад. Але пасля 2010 года я падумаў, што ён настолькі мне незнаёмы, што было б цікава яго сфатаграфаваць. Той стары Мінск, які я памятаю, я не фатаграфаваў. А новы абавязкова сфатаграфую, калі будзе магчымасць. 

Фота: Максім Юданаў.

–  У Варшаве я здымаў не вельмі шмат. Мне адразу спадабалася шматслойнасць горада. Побач з разбуранай камяніцай можа быць фешэнебельны хмарачос. Першыя месяц-два я знаёміўся з Варшавай праз фатаграфію. А зараз ужо ёсць любімыя месцы. Я вельмі люблю Наваліпкі і раён Прага. Дарэчы, Прага больш за ўсё мне нагадвае Піцер.  

Фота: Максім Юданаў.
Фота: Максім Юданаў.
Фота: Максім Юданаў.
Фота: Максім Юданаў.

– Ты фатаграфуеш на плёнку, робіш шмат чорна-белых фатаграфій. Чаму? Сучасныя тэхналогіі дазваляюць дабіцца любога эфекту…

– Мне падабаецца гэты працэс сваёй медытатыўнасцю. Ён крыху больш расцягнуты ў часе. Але галоўнае адрозненне – я не бачу вынік. Мінае нейкі час да таго моманту, як ты дастаеш плёнку з бачка, а далей, у цёмным пакоі з чырвоным ліхтаром, засвечваеш свой негатыў і потым бачыш, як малюнак узнікае на лісце паперы. У гэтым ёсць нейкая магія.

Я фотааматар у нейкім нават старым разуменні гэтага слова. Я люблю гэта рабіць і захоплены працэсам. Не самым сучасным, не такім ужо актуальным. Я не фатаграфую кожны дзень. Гэта можа залежыць ад настрою, ад майго стану. Калі я на працы (а гэта вышыня), то мне трэба нешта лёгкае, што можна пакласці ў кішэню і не паглыбляцца ў налады. Пагуляць з кімсьці па горадзе я люблю з камерай сярэдняга фармату. Яна дазваляе ўлавіць больш дэталяў.  

У Варшаве ў мяне 4 камеры. Гэта тое, што атрымалася прывезці. «Масква» – гэта сярэднефарматная, яна робіць 8 кадраў. Ёсць японская Yashica, гэта таксама сярэдні фармат і 12 кадраў. Ёсць яшчэ старая савецкая камера ФЭД-2. У Польшчы ў мяне яшчэ з’явілася ЛОМА. І гэта ідэальны інструмент для здымкаў на працы.

 – Калі здымаеш горад, то гэта часцей будынкі ці людзі?

Я пачынаў з рэпартажнай фатаграфіі, потым ад гэтага адышоў і ў нейкі момант стаў здымаць людзей у партрэтным рэжыме. Каб пераадолець бар’ер, пачынаў са сваіх сяброў. Партрэт – гэта наогул больш не пра таго, каго здымаюць, а пра таго, хто здымае. Гэта вельмі глыбокая тэма, на якую можна доўга разважаць. А ўсё, што не патрабуе ўдзелу чалавека ў кадры… Я вельмі люблю гарадскі пейзаж. Патрэбныя толькі я, горад і мая камера. 

Фота: Максім Юданаў.
Фота: Максім Юданаў.
Фота: Максім Юданаў.
Фота: Максім Юданаў.
Фота: Максім Юданаў.

Comments are closed.