Loading

Польска-італьянская кіназорка Кася Смутняк завітала ў Беласток і Белавежу са сваім дакументальным фільмам-дэбютам «Мур». У ім распавядаецца пра сітуацыю, якая ад восені 2021 года склалася на польскім памежжы з Беларуссю, пабудове на мяжы металічнага плоту, а таксама пра людзей, якія дапамагалі мігрантам прытулкам, адзеннем і ежай.  

Кася Смутняк і Пётр Чабан

Полька Кася Смутняк, якая амаль 20 гадоў жыве ў Італіі, дзе адбылася як кіназорка і мадэль, дарэчы, яна з’яўляецца тварам парфумаў Джорджыя Армані, паспрабавала сябе ў жанры дакументальнага фільму, стаўшы рэжысёркай ленты «Мур». Паказаная ў Беластоцкім доме культуры палутарагадзінная карціна, дзе галоўнай тэмай ёсць сітуацыя на польска-беларускай мяжы, не можа не будзіць кантраверсій. 

У фільме мы практычна не бачым мігрантаў, ці ўцекачоў, як іх называюць героі фільму – валанцёры і грамадскія актывісты, якія, праяўляючы добрую волю, дапамагаюць замежнікам адзеннем, харчаваннем і часовым жыллём. Менавіта ад іх мы чуем, што ў лесе знаходзяць трупы мігрантаў, а таксама аб дрэнным стаўленні да пакутуючых замежнікаў з боку польскіх памежнікаў. Дарэчы, некаторыя героі фільму таксама знаходзіліся ў глядзельнай залі і пасля яго распавядалі аб сваіх вартых высокай ацэнкі ўчынках.

Хоць мігранты не паказаны буйным планам у фільме Касі Смутняк іх нябачная прысутнасць задавала ўвесь тон карціны: людзі пакутуюць, і як грамадства да іх ставіцца.

«Я хацела сканцэнтравацца больш на людзях, якія, сапраўды, памагаюць, і на іх выбары, і на наступствах гэтага выбару. Адмыслова не хацела даць пункт гледжання ўцекачоў, якія знаходзіліся ў лесе. Эмацыянальна дэ-факта мы не ў стане ўвогуле іх зразумець, іх пункту гледжання, бо мы не мусілі ўцякаць ні ад якой вайны ці не мусілі пакідаць сваю краіну, выбрацца ў такое падарожжа, не стаялі перад такім выбарам. Я працую над эмоцыямі больш за 20 гадоў як акторка. І пачаткі, генезіс якіх заўгодна эмоцый ёсць падставай, каб штосьці зразумець. Гэта мне падалося вельмі цікавым».

Паводле спадарыні Касі, яна не хацела паўтараць працу рэжысёркі Агнешкі Холанд «Зялёная граніца» з жорсткімі сцэнамі пакутаў мігрантаў у польскім лесе, бо палічыла гэтыя сцэны надта моцныя і жахлівыя. Таксама не хацела рабіць нейкай геапалітычнай замалёўкі (11’12”), бо галоўным для яе былі эмоцыі. Відаць, гэтым тлумачыцца тое, чаму ў фільме абсалютна не згадваецца рэжым беларускага дыктатара Лукашэнкі, рукамі якога і быў створаны мігрантскі крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы. І менавіта гэты чыннік не дазваляе казаць, што тэма гэтага крызісу, а па сутнасці гібрыднай мігранцкай вайны, якую пачаў беларускі ўзурпатар, раскрыта ўсебакова.

Ствараць фільм Касі Смутняк дапамагала яе сяброўка, італьянка Марэлля Бамбіні. Апошняя прызналася, што ніколі не бачыла столькі вайсковай тэхнікі на мяжы, колькі яна пабачыла на польска-беларускім памежжы. І ўвогуле, у Італіі не ведаюць аб сітуацыі, якая склалася там. Яе здзіўляе і здаецца абсурдным, што мігрантам дапамагаюць простыя мясцовыя жыхары, а не арганізацыі, як гэта робіцца ў яе на радзіме, куды пастаянна праз мора прыбываюць тысячы ўцекачоў. 

Вядучы сустрэчы журналіст Пётр Чабан указаў на розныя падыходы польскіх і італьянскіх улад да міграцыйных праблем. У сваю чаргу спадарыня Марэлля адзначыла, што для Італіі гэта, пэўна, не праблема, бо даным пытаннем там займаюцца больш за 15 гадоў і толькі за першыя шэсць месяцаў году да краіны прыбыла 125 тысяч мігрантаў.

Злева направа: Пётр Чабан, Кася Смутняк, Марэлля Бамбіні

Дэманстравалася ў фільме і праца памежнікаў. Здымкі тыя адбываліся падчас кантраляванага памежнай службай выезду, на які Кася Смутняк і Марэлля Бамбіні паехалі, называючы сябе італьянскімі журналісткамі. Польскія памежнікі паказаны выключна з добрага боку. «Гэта не быў праўдзівы вобраз памежнай службы», – падкрэсліў Пётр Чабан, распавядаючы, што і польскія журналісты, якія такім чынам здымалі мяжу, называлі такія здымкі “сафары”, маючы на ўвазе здымкі толькі таго, што дазволяць памежнікі. Паводле рэжысёркі, яна разумела гэта, і ў выніку ўдалося паказаць эмацыянальную адлегласць паміж імі, нібыта журналістамі, і прадстаўнікамі памежнай службы.

Прысутныя на праглядзе фільму жыхары падляшскай гміны Міхалова, якія таксама дапамагалі блукаючым па лесе мігрантам, палічылі, што карціна не ёсць адлюстраванне таго, што яны перажывалі. Пра гэта, у прыватнасці, казала старшыня рады гміны Марыя Анціпюк.

«То, што ты паказала, не адлюстроўвае таго, што рабілася ў лесе, што мы перажывалі, будучы там і ратуючы людзей. Мы шмат разоў былі ў лесе, на балотах, калі праводзілі акцыю ратавання, дзе былі малыя дзеці, дзе быў дзіцёнак, які толькі што нарадзіўся. І я чакала на такія кадры, а цяпер зразумела, аб чым ішла гаворка. Проста мы перажылі гэта ўсё на ўласнай скуры, будучы там у лесе, ратуючы сем’і, хоць дзеці былі выкінуты больш за пяць кіламетраў ад бацькоў, і трэба было іх злучыць. Мы зрабілі гэта і пазней ад трох да пяці кіламетраў неслі тых дзяцей, васьмігадовую дзяўчынку, якая не магла хадзіць, бо была так змучана. Мы перадалі іх памежнай службе, і гэта было адзіны выхад ад гэтай службы такі людскі. Мы думалі, што так ужо будзе і надалей. Аднак патэлефанаваў мне памежнік і сказаў, каб прыехала і забрала сям’ю, якую тры дні таму мы выратавалі ў лесе. Там былі мама, тата і чацвёра дзяцей, наймалодшы быў трохгадовы хлопчык.

Мы запісалі тых людзей, перажыванні. З’явіўся такі кароткі фільмік. Пазней усё змянілася, калі мы яго паказалі. Я як чалавек, які быў там у лесе, магла дзейнічаць дзякуючы нашаму бурмістру, які тут з намі, паколькі менавіта ён гучна заявіў, што будзем дапамагаць і не дазволім, каб наша гміна Міхалова стала другім Едвабным (цяпер горад ў Ломжынскам павеце Падляшскага ваяводства, дзе падчас Другой сусветнай вайны адбылося масавае забойства яўрэеў, здзейсненае мясцовымі польскімі жыхарамі)».

У фільме паказана таксама стаўленне да ўкраінскіх уцекачоў, якое да іх праяўлялі як і польскія дзяржаўныя службы, так і простыя людзі, стараючыся максімальна дапамагчы жыхарам суседняй краіны, якія беглі ад вайны. Яскравы кантраст ніяк не тлумачыцца геапалітычным чыннікам, які здаецца ў данай сітуацыі грае вялікую ролю.

Яшчэ адным сюжэтам у фільме становіцца месца ў Лодзі, дзе жывуць бабуля і дзядуля рэжысёркі. У дзяцінстве Кася Смутняк таксама жыла там і не ведала, што іх шматкватэрны дом стаіць на месцы яўрэйскага гета. 

«Ёсць такі верш Чэслава Мілаша Campo de’Fiori («Поле кветак»). Гэта такі верш, які мы вучылі ў школе. І так дзіўна склалася ў маім жыцці, што сampo de’fiori таксама называецца месца, дзе непадалёк я жыву. Гэты верш распавядае пра гісторыю закаханай пары, якая радуецца свайму каханню, і ёсць мур, гэта мур Варшаўскага гета, і за гэтым мурам пылае гета. У пэўным моманце майго жыцця я задалася пытаннем, на якім баку ад гэтага мура знаходжуся я, як успрымаю рэчаіснасць».

У размове з нашым радыё Кася Смутняк распавяла аб галоўнай мэце стварэння фільма «Мур».

— Ён паказвае з такой вельмі асабістай перспектывы. Я хацела лепей зразумець мае пачуцці ва ўсім тым, але і паказаць трагедыю, якая адбываецца ўжо два гады на польска-беларускай мяжы. І выключаючы пункт гледжання ўцекачоў і канцэнтуючыся на пункце гледжання актывістаў і на траўме, які прыносіць такі цяжкі выбар.

— Хто вінаваты ў гэтай трагедыі?

— Перадусім мы вінаватыя, калі дазваляем такія сітуацыі. Мы вінаватыя, бо не помнім нашай гісторыі. Мы вінаватыя, бо бярэм у гэтым удзел. Мы вінаватыя, бо галасуем за людзей, якія прымаюць законы, што легалізуюць рэчы, якія павінны быць нелегальнымі, якія не бяруць пад увагу самых простых правоў чалавека. Мы вінаватыя. Гэта не крытыка маёй краіны, бо гэта праблема еўрапейская. Еўропа як супольнасць, якая бярэ на сябе адказнасць за ўсё, за ўсё, што робіцца ў Еўропе. Так павінна выглядаць. Як еўрапейка, якая жыве больш за 20 гадоў у Італіі, але якая правяла першыя 20 гадоў у сваёй краіне, хацела б глыбей задумацца, дзе тая Еўропа, дзе пачынаецца граніца Еўропы. 

— Тыя мігранты, якія даходзяць да Італіі, і тыя мігранты, якія прыходзяць праз Беларусь да Польшчы, гэта аднолькавыя людзі ці адрозніваюцца паміж сабой?

— Гэта мы стварылі розніцу. Людзі ёсць людзьмі. Пачуцці ўніверсальныя. Гэта мы стварылі межы ўнутры чалавецтва, паміж людзьмі, якіх мы ў стане эмацыянальна прыняць у сябе і людзьмі, якіх мы не гатовы эмацыянальна прыняць у сябе. Гэта выводзіцца выключена з няведання аб гэтых людзях. Таму фільмы, кніжкі, рэпартажы, людзі, якія распавядаюць нам аб нашай гісторыі сёння, якія словы выкарыстоўваюцца, як распавядаецца – становіцца найважнейшай рэччу. 

Comments are closed.