Loading

Ва ўкраінскім Тэрнопалі некалькі дзён праходзіў рэгіянальны этап беларуска-ўкраінскага фестывалю дакументальнага кіно “1084. На мяжы”. 1084 кіламетры складае супольная мяжа Беларусі і Украіны. Таму менавіта такую назву выбралі для фестываля.  

Адкрыўся фестываль паказам караткаметражнага фільму “Вадохрышча”. Яго беларускі рэжысёр Андрэй Куціла зняў на набярэжнай Дняпра ў кіеўскім раёне Абалонь крыху больш як за месяц да паўнамаштабнага ўварвання расійскіх захопнікаў ва Украіну. Тады Куціла сам быў бежанцам ва Украіне. Размаўляюць людзі пра імавернасць вайны з Расіяй, прадчуванне якой ужо было ў паветры. 

Адкрыццё фестывалю было яскравым і шматлюдным, сабраўшы ў тэрнопальскім грамадскім цэнтры “Перехрестя” (“Скрыжаванне”) каля ста гледачоў. Пасля прагляду фільма адбылося абмеркаванне, падчас якога закраналася сітуацыя ў Беларусі і дапамога беларусаў у абароне Украіны. Некаторыя з гледачоў падзяліліся з намі сваімі думкамі пра беларусаў і сітуацыю ў нашай краіне. 

У мяне вельмі добрая сяброўка ў Менску жыве. Мы з ёй камунікуем. Яна мяне падтрымлівае, я яе падтрымліваю. Мы да іх у госці ездзілі, яны да нас. І яна вельмі асуджае тое, што Расія пачала з намі вайну, і падтрымлівае нават добрым словам. Вельмі ўдзячная ёй за ўсё. І вось яна ўчора тэлефануе: я цябе падтрымліваю, і можа нешта трэба? Я кажу, нічога не трэба, толькі добрае слова. Бачыла па тэлевізары, як яны… Вельмі цяжка, што мы былі сябрамі, братамі, і вось пачалі адны супраць іншых, забіваць і знішчаць нашу  Украіну”, – сказала адна глядачка сталага веку. 

фота: радыё Ўнэт

Яшчэ адзін з наведнікаў фестывалю таксама адзначыў, што ў яго ёсць сябры ў Беларусі: 

Інфармацыі было вельмі мала. Але рэч у тым, што ў мяне ёсць сябры. Былі там. Яны зараз ужо ўцяклі сюды ва Украіну. Там рэчы жахлівыя. Тое, што яны расказваюць, я нават ніколі не мог падумаць, што ў Беларусі такое Лукашэнка творыць. Ён нашмат страшнейшыя рэчы робіць, чым Пуцін у Расіі. Гэта тое, што мне расказаюць тыя людзі, якія адтуль паўцякалі, разумееце? Яны тут у нас у Тэрнопалі жылі, потым паехалі да сябе ў Беларусь, вярнуліся назад – такія рэчы расказваюць, што я не мог нават паверыць у гэтыя рэчы.
Але беларусы і ўкраінцы – гэта сапраўды, мы нават не тое, што разумеем адно аднаго, мы нават адчуваем адно аднаго праз тое, што мы аднолькавыя. Па нас аднолькава ездзіць маскаль – што па беларусах, так і па ўкраінцах. Так што мы без перакладчыка з беларусамі разумеемся. І мы вельмі ўдзячныя беларусам, бо яны нам дапамагаюць. Не ўсе, зразумела. Але вось гэты полк Каліноўскага – гэта ўвогуле…. Так што – разам да перамогі!

фота: радыё Ўнэт
фота: радыё Ўнэт

Дырэктарка кінафестывалю “1084. На мяжы” Таццяна Гацура-Яворская адзначыла нечакана вялікую цікавасць тэрнапалян да беларускай тэматыкі: 

Пачаўся фестываль у Тэрнопалі. Вельмі нечакана, што тут 12 гадзін дня, і так шмат людзей прыйшло. Тут такая супольнасць увесь час збіраецца на нейкія імпрэзы, і гэтым абумоўлены поспех, я мяркую. Але, што важна, вельмі цёплая была сустрэча. То бок, людзі вельмі зацікаўленыя былі пачуць інфармацыю, якую мы распавядалі. І былі вельмі-вельмі ўдзячныя. Кожная сустрэча, кожны фестываль розны ў кожным горадзе. Але пачалося ўсё вельмі прыязна і цёпла”. 

У крэатыўным кластары “На пошті” адбыліся некалькі паказаў беларускіх фільмаў. Гледачы смаглі пабачыць фільм польскага рэжысёра Анджэя Фідыка “Беларускі вальс” пра вядомага мастака, палітвязня, забітага рэжымам Лукашэнкі ў беларускай турме, Алеся Пушкіна. Таксама Алесю Пушкіну прысвечаны і фільм беларускай рэжысёркі Вольгі Прусак “Новае неба над новай краінай. Прагулкі з Пушкіным”. Акрамя гэтых фільмаў, наведнікі крэатыўнага кластэра пабачылі фільм Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча “Радзіма”. 

На другі дзень кінафестывалю паказ фільму “Новае неба над новай краінай. Прагулкі з Пушкіным” адбыўся і ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы Тэрнопаля. Пасля паказу там жа адбыўя круглы стол з назваю «Валантэрскі рух – выклікі сучаснасці». У ім узялі ўдзел беларускія і ўкраінскія валантэры. Таццяна Гацура-Яворская акрамя кінафестывалю “1084. На мяжы” яшчэ і займаецца дапамогай медычным установам Украіны, пастаўляючы ім апараты вакуўмнай тэрапіі ран, а таксама арганізавала пад Кіевам рэабілітацыйны цэнтр “Ланка”, які дапамагае аднаўляцца параненым беларускім і ўкраінскім вайскоўцам. Яна распавяла пра сваю дзейнасць. 

фота: Радыё Ўнэт

Пасля паказу фільма і круглага стала сваімі ўражаннямі падзялілася ўдзельніца імпрэзы, супрацоўніца Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі Тэрнопаля Надзія Качуроўська

Я надзвычайна сёння шчаслівая, што я патрапіла на гэтую сустрэчу. Заўжды пераймалася, што адбываецца ў Беларусі, і насамрэч, не ведала інфармацыі. Вось сёння я пачула, як дысідэнты працуюць, як нам дапамагаюць. Бо насамрэч, я гэтага не ведала. І буду  распавядаць сваім знаёмым і родным. Шчаслівая, што вы нам дапамагаеце, заўзею за вас і за Украіну. Каб сапраўды мы жылі ў прыгожых квітнеючых краінах”. 

Праўда, былі на сустрэчы і тыя, на каго паказанае і агучанае не зрабіла ўражання. Адзін спадар, думку якога мы паспрабавалі былі даведацца, уцякаючы з памяшкання, кінуў наступнае: 

Шчыра, я не ўражаны, я не ведаю, што сказаць”. 

Завяршыўся кінафестываль круглым сталом “Дакументальнае кіно і будучыня ўкраіна-беларускіх адносін”, які адбыўся на Юрыдычным факультэце Заходнеўкраінскага Нацыянальнага Універсітэта. У ім узялі ўдзел выкладчыкі і студэнты ўстановы. Аповеды беларусаў, асабліва пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, выклікалі шчырую зацікаўленасць сярод студэнства. Часу, адведзенага на імпрэзу – а гэта была акадэмічная пара, папросту не хапіла, каб адказаць на ўсе пытанні.  

Катэрына задавала сваё пытанне беларусам па-беларуску, і цікавіла яе сітуацыя з беларускай мовай. Яна патлумачыла чаму:

Я нарадзілася ў Оўруцкім раёне, які знаходзіцца каля мяжы з Беларуссю, вельмі блізка да горада Мазыр. Бацькі яшчэ за савецкім часам пастаянна ездзілі ў Беларусь, І мне вельмі знаёмы і родны дыялект Беларусі. Я вельмі лёгка разумею беларускую мову і пастаянна слухаю. Але трохі цяжка на ёй размаўляць у прынцыпе

Да гэтага яшчэ ў сацсетках, глядзім усе стэндапы, дзе беларускія акторы распавядаюць пра тое, якая сітуацыя з мовай у краіне. І, у прынцыпе, я была ў шоку ад гэтага. Бо, па-сутнасці, гэта іх родная мова, а яны амаль на ёй не гавораць. Таксама шмат даведалася з таго, што вы распавядалі. І я настойваю на тым, што беларусы мусяць вывучаць беларускую мову, а расійская проста як дадатковая, або ўвогуле на яе забыцца!”. 

Што ж да будучыні беларуска-ўкраінскіх дачыненняў, то Катэрына бачыць іх такім чынам: 

Я разумею, што людзі Беларусі вельмі падобныя з людзьмі Украіны. Гэта адрозненне ад расійцаў. І я думаю, што мы ёсць братнімі народамі. Але гэта не так, як з Расіяй. І мы можам аднавіцца і эканамічна, і палітычна. І, думаю, што пасля вайны трэба толькі ўсё гэта развіваць і падтрымліваць”. 

фота: радыё Ўнэт

Іван таксама цікавіўся захаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў: 

Па СМІ вельмі вельмі шмат ходзіць пытанняў наконт таго, што ідзе сціранне беларускай ідэнтычнасці праз тое, што ідзе забарона мовы, забарона нацыянальнай культуры. То бок, сцяг Беларусі, сімволіка. І таксама няслушнае трактаванне гісторыі. Тое, што мы ўжо ўсе ведаем, Расія трактуе, што мы ўсе братнія народы – іхнія вось гэтыя метадычкі, як кажуць. І гэта вельмі сумна, калі знішчаюць народ. Гэта ў 21-м стагоддзі поўны генацыд народу”. 

Таксама Іван падзяліўся думкамі, наколькі тое, што ён пачуў падчас круглага стала, зрабілася для яго новым: 

Найперш, я вельмі ўдзячны вам за тое, што вы прадставілі нам сваю краіну. Нам было вельмі шмат чаго цікавага і новага пачуць. Так, сёе-тое я, магчыма, і ведаў. Асабліва, пра Полк Кастуся Каліноўскага – вельмі зараз ва Украіне ён папулярны. Пра рэпрэсіі беларускага народа было цяжка гэта ўсё слухаць. Пра паўстанне 2020 году. Пра рэжым Лукашэнкі, які тэрарызуе. Ну і пра ўдзел у вайне Беларусі – то бок, як народ змагаецца супраць таго і дапамагае Украіне. Нават вось гэтыя партызанскія рухі, якія дзейнічаюць на чыгунках. Ды і ўвогуле”. 

Загадчыца кафедры міжнароднага права і міграцыйнай палітыкі Заходнеўкраінскага Нацыянальнага ўніверсітэту Ярына Жукорська адзначыла тое, што для яе стала самым важным у абмеркаванні: 

Для мяне інфармацыя, напэўна, не зусім новая – у сілу маёй прафесіі і маіх цікавасцяў. Але для студэнтаў – я мяркую, што яны пачулі шмат цікавага і ім патрэбнага. А галоўнае – яны павінны разумець тое, што сёння сказала дырэктарка кінафестывалю: што насамрэч, ніхто ў адзін дзень не прачынаецца ў дзяржаве з таталітарным рэжымам. Крок за крокам правы пачынаюць абмяжоўвацца і вельмі часта гэты працэс мы нават не адсочваем. І яны гэта павінны ўсведамляць, каб наша дзяржава туды ж сама не скацілася. Таму што, насамрэч, у стане вайны, ёсць вельмі вялікая магчымасць ці цяпер, ці літаральна пасля заканчэння вайны, неяк так лёгка хочацца сказаць, мы можам сутыкнуцца з такой праблемай. Тым больш, што расійскія наратывы, расійскія ўплывы, яны насамрэч, вельмі моцныя ва Украіне, не зважаючы на вайну. І яны не ведаюць, што такое Савецкі Саюз. Калі мы там яшчэ недзе ў школу хадзілі – я, напрыклад, нават была тры тыдні піянеркаю, я недзе памятаю. Яны зусім не ўяўляюць, што гэта магчыма. А, калі ты не ўяўляеш, што такая пагроза ўвогуле можа быць, ты і не бачыш, калі гэта ўсё пачынаецца”. 

Гэта сапраўды вельмі важна, калі фільмы беларускіх рэжысёраў, мастакоў, прадстаўляюць беларусы. Гэта мае вельмі вялікую значнасць і напаўненне. Бо, калі мы гаворым “на мяжы” – то рэальна мы зараз на некалькіх межах. Мы на мяжы вайны. Людзі, якія не даюць спакою ні беларусам, ні ўкраінцам, таксама на мяжы. На жаль, іхняя мяжа даўжэйшая. І ўсе ініцыятывы, такія, як фестываль, як супольныя імпрэзы мастацкія і валантэрскія – гэта перспектыва будучых добрасуседскіх дачыненняў незалежных Украіны і Беларусі”, – сказаў пра фестываль Валадымыр Ханас –кіраўнік Тэрнопальскай кінакамісіі, якая стала партнёрам і суарганізатарам падзеі ў Тэрнопалі. 

Рэпартаж з фестывалю можна паслухаць у плэеры ніжэй

 

Comments are closed.