Loading

У Беластоку ў межах свайго музычнага тура па Еўропе выступіў бард Яўген Барышнікаў. Канцэрт адбыўся ў пабе «Beer4you» і быў арганізаваны нядаўна заснаваным беларусамі Беластоцкім музычным клубам.

Яўген Барышнікаў даволі часты госць у Беластоку. Так, літаральна напрыканцы кастрычніка бард выступаў там на занятках «Мова нанова», якія былі прысвечаны Ночы расстраляных паэтаў. Цяпер жа Беласток стаў адным з месцаў, які музыка наведаў у межах тура, што пачаўся ў сярэдзіне лістапада ў Вільні, працягнуўся ў Клайпедзе, гарадах Польшчы, а ў снежні дойдзе да Германіі і Галандыі.

Перад пачаткам выступлення музыка паразмаўляў з журналістамі і распавёў пра свае цяперашнія канцэрты.

— Зараз гэта сапраўды тур. Я проста прыдумаў сабе электрычны сэтап з аркестрамі і іншымі самаграйкамі і вельмі хацелася мне яго «выгуляць» у «баявых умовах», ва ўмовах канцэртных пляцовак нейкіх розных памераў. І вось гэта ўклалася ў нейкі тур. Я ўжо адыграў у Вільні, у Клайпедзе. З Літвы калі прыязджаеш у Беласток, адчуванне, што ты прыязджаеш дадому. Гэта сапраўды тур атрымаўся і для мяне дзіўна, што зараз можна вось так ездзіць па беларусах не тое, каб свету, але па беларусах Еўропы. І паўсюль ёсць нейкія людзі. Гэта вельмі цікавы, незвычайны досвед. То бок на Беласточчыну я езджу гадоў так «надцаць», і раней дыяспары беларускай па свеце столькі не было, а цяпер іх многа. Людзі рады прымаць.

— Гэты досвед неяк адбіўся на падрыхтоўцы гэтай новай праграмы?

— Ён адбіўся на тым, што ёсць многа дыяспар. Я тут рэмарачку хацеў бы сказаць, што тут не толькі тыя людзі, якія пераехалі пасля 2020 года, аб’ядналіся многія тыя, хто даўно пераехаў з нейкай эканамічнай эміграцыяй. Людзі павыязджалі калісьці даўно, але ў 2020 годзе яны аб’ядналіся ў нейкія супольнасці, пачалі нешта рабіць разам.

— Ці адлюстроўваецца эміграцкі досвед у музычнай праграме? Раней у асноўным была гітара і дуда, а цяпер нейкія электронныя гаджэты і забаўкі. Гэта ж новая ідэя, яшчэ такога Барышнікава мы не чулі.

— Такога Барышнікава чулі акурат у Беластоку год таму на «Бардаўскай восені», больш нідзе. Ну зараз яшчэ Вільня, Клайпеда, а да гэтага не было. Але год таму на «Бардах» з Палінай Рэспублікай мы тады гралі канцэрт і тады я з такой штукай гуляўся, зараз трошкі больш адшліфаванай. Так што Беласток такое назіраў. Для мяне гэта эксперымент тэхнічны ў тым ліку, каб прыкруціць да гітары медыякантролер і спрабаваць гітарай кантраляваць розныя інструменты, пры тым жыўцом без фанаграмы.

— Наколькі эміграцыя паўплывала на вашу творчасць? Калі вы былі ў Мінску і калі вы за цяпер мяжой, ці вы адчулі розніцу ў сваёй творчасці?

— Баюся, што не.

— То бок усё тое самае, нічога не змянілася, акрамя месца знаходжання?

— Ну месца знаходжання… Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой. І Беларусь павінна быць з сабой. Ну жыў у Мінску, жыву не ў Мінску… Памянялася, натуральна, гісторыя, што за мяжой Беларусі ты пачуваешся ў бяспецы, бяспечней, чым у Беларусі. Ты разумееш, што тут працуе закон, разумееш, куды ідуць падаткі і так далей. У такім сэнсе. А непасрэдна на творчасць гэта не дужа паўплывала, мне здаецца. Ну могуць быць рэфлексіі на тое, што адбываецца агулам.

— А настальгія ёсць?

— Не, у мяне няма настальгіі, таму што, па-першае, гэта не канструктыўна, а па-другое, у мяне няма адчування… Ну каб я пераехаў у Новую Зеландыю ці ў пустыню якую-небудзь, я б сядзеў і думаў пра нашы лясочкі сасновыя, возера і рэчачку, ай-яй-яй, як мне гэтага не хапае. А калі ты пераязджаеш у Літву ці Польшчу, той самы клімат, тыя самыя з большага людзі з агульнай нейкай гісторыяй. У мяне толькі пашыраецца адчуванне дому, яго становіцца больш.

Антон Сіроцін

Арганізатарам канцэрта Яўгена Барышнікава ў пабе стаў нядаўна створаны беларусамі Беластоцкі музычны клуб (Bialystok Music Club). Паводле яго заснавальніка Антона Сіроціна, клуб ужо арганізаваў выступленні такіх беларускіх выканаўцаў як Кацярына Ваданосава, Аляксандр Памідораў, гурта «Курвадзікі», Ігара Палынскага. У планах на снежань-студзень – канцэрты гуртоў «Атэста» і «Лейбонік», Ігара Варашкевіча, Дзяніса Тарасенкі. Больш падрабязна пра перспектывы дзейнасці і развіцця Беластоцкага музычнага клуба Антон Сіроцін распавёў, адказваючы на пытанні журналістаў.

— Выступленні тых музыкаў, якія прыязджаюць па вашым запрашэнні, яны абмяжоўваюцца толькі гэтым пабам ці вы яшчэ нейкія пляцоўкі разглядаеце?

— Пакуль пабам, але на будучыню мы разглядаем яшчэ пляцоўкі большыя, калі мы пачнем вазіць гурты ў поўным складзе, калі нам патрэбныя будуць і барабаны, і ўзмацненне гукавое. Тады можна будзе рабіць гэта ў 6-Ścianie ці Motapubie. Ёсць месцы і ёсць пляцоўкі, дзе гэта можна будзе таксама рабіць. Пакуль усё акустычна і паўакустычна, а калі гэта будзе поўны гук, то зразумела, што трэба будзе шукаць новыя пляцоўкі.

— Нейкая інтэграцыя з польскімі гуртамі ёсць у вас?

— Так, напрыклад, ёсць такі польскі гурт з-пад Сувалак Molly Malone’s, грае ірландскі фолк. Яны прыедуць да нас 21 снежня сюды ў музычны клуб, але з акустычнай праграмай. Гэта будзе ірландскі Новы год такі. Потым яшчэ ёсць такі гурт «Вандроўнік» з Бялай-Падляскай. На жаль, іх франтмэн з’язджае да Германіі недзе на паўгады і не паспее ўжо выступіць, але ўвёсну мы іх вельмі будзем чакаць. Мы з імі разам гралі ў Варшаве і ў Беластоку. Спявае на беларускай і на польскай мовах такі добры панк.

— Перспектывы вашага клуба на гады, месяцы?

— Вельмі хацелася б выйсці на такі ўзровень, калі ўжо не мы будзем шукаць музыкаў, а музыкі самі будуць шукаць нас, казалі б, што хочуць зрабіць у Беластоку нейкія канцэрт ці імпрэзу. Гэта па-першае. Па-другое, даволі шмат музыкаў, якія тут у Беластоку не ведаюць, што рабіць. То бок яны прыехалі з Беларусі і тут яны не музыкі, а будаўнікі, аўтаслесары. У перспектыве іх аб’яднаць. Зараз мы знялі памяшканне, зрабілі там музычную кропку для рэпетыцый. Гэта бясплатна для ўсіх беларускіх, ну і не толькі беларускіх музыкаў.

Comments are closed.