Loading

У дворыку Беларускага Дома ў Варшаве ў суботу ўрачыста адкрылі мурал, прысвечаны беларускім палітзняволеным. На мурале – выявы 6 палітзняволеных. Гэта заснавальнік і былы дырэктар пляцоўкі «Арт Сядзіба» Павел Белавус, асуджаны на 13 гадоў, жонка палітзняволенага блогера Ігара Лосіка – Дар’я Лосік, праваабаронца Наста Лойка, асуджаная на 7 гадоў, праваабаронца, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра 2022 года Алесь Бяляцкі, асуджаны на 10 гадоў, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Мікалай Статкевіч, асуджаны на 14 гадоў, і журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, асуджаная на 8 гадоў і 3 месяцы. Як кажа кіраўнік Беларускага Дома ў Варшаве, Алесь Зарэмбюк, пытанне палітвязняў – адно з галоўных для дэмакратычнай супольнасці, а мурал з’яўляецца сімвалам той дапамогі, якую Беларускі дом надае палітвязням і іх сем’ям.

«Гэта героі. Яны, на вялікі жаль, плацяць вельмі высокую цану за тое, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай і каб Беларусь была незалежнай. Для нас гэта сімвалічна, для нас гэта вельмі важна, таму што мы будзем працягваць дапамагаць палітычным вязням, пакуль апошні з іх не пакіне лукашэнкаўскія засценкі».

Мурал быў створаны ў памяць загінулых у турмах палітвязняў, літаральна за дзень да дня народзінаў Алеся Пушкіна. Тэму небяспекі для беларускіх творцаў, мастакоў у сваёй прамове падкрэсліла Святлана Ціханоўская:

«Адкрываючы гэты мурал, мы не можам назваць імя аўтара, беларускага мастака. Бо быць творцам у Беларусі, час ад часу і за яе межамі – небяспечна. Але прыйдуць, канешне, тыя часы, калі мы зноў зможам адкрыта ганарыцца сваімі творцамі».

На адкрыцці мурала прысутнічалі таксама прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінету па транзіце ўлады Павел Латушка, амбасадары Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі і дыпламаты іншых краін. Таксама адбыліся музычныя выступы Пятра Клюева, Лявона Вольскага і Аляксея Бурнасенкі.

Comments are closed.