Loading

У мінулую нядзелю ў цэнтры Валынскай вобласці Украіны – горадзе Луцку, пачаў працу Форум беларускага культурнага супраціву.  Наперш – гэта луцкая частка беларуска-ўкраінскага фестывалю дакументальнага кіно «1084 На мяжы» і выстава палітычнага плакату Уладзіміра Цэслера. Але, асноўная падзея першага дня – гэта панэльныя дыскусіі з удзелам беларускіх ды ўкраінскіх экспертаў, палітыкаў, творцаў, грамадскіх дзеячаў, а таксама ваяроў Палка імя Кастуся Каліноўскага. 

Пляцоўкай для правядзення Форуму беларускага культурнага супраціву сталі муры старажытнага луцкага замку Любарта. Гэты ўнікальны музейны комплекс, пэўна стаў найлепшым месцам для абмеркавання стасункаў украінцаў з беларусамі. І не толькі таму, што Луцк – цэнтр памежнай з Беларуссю Валынскай вобласці, але і таму што, калі ўважліва аглядаць экспанаты музеяў замку, то трывалыя гістарычныя повязі Луцка з Беларуссю наўпрост заўважныя. 

Тым не менш, зараз адбываецца вялікая вайна, у якой афіцыйная цяперашняя   ўлада Беларусі зрабіла нашу краіну суагрэсарам. І гэта накладае пэўныя адбіткі на дачыненні паміж беларусамі і ўкраінцамі, якія якраз і патрабуюць камунікацыі і абмеркаванняў. 

Да дыскусіяў на форуме далучаліся праз анлайн-сувязь сам аўтар выставы плакатаў Уладзімір Цэслер, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык, старшы палітычны дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін, беларускі публіцыст і аналітык, які ўжо доўгі час жыве ва Украіне, Ігар Тышкевіч, кіраўнік крымскататарскага рэсурснага цэнтру Эскандэр Барыеў. А ў зале прысутнічалі беларускія ваяры з Палка імя Кастуся Каліноўскага – камандзір Дзяніс «Кіт» Прохараў, ягоны намеснік Вадзім Кабанчук, палітычны прадстаўнік палка Зміцер Шчыгельскі, тэлевядоўца і актор Дзмітрый Танковіч, прадстаўнік Украінскага цэнтру нацыянальнага супраціву, беларускія валантэры, жыхары Луцка і наведнікі музейнага комплексу.  

У прыватнасці, Аліна Коўшык адзначыла важнасць працаў Уладзіміра Цэслера, якога яна назвала свайго роду экспартным таварам вольнай Беларусі – выставы мастака працавалі ўжо ва многіх краінах Еўропы і ў некалькіх гарадах Украіны. Што ж тычыцца тае найскладанейшай сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца Беларусь і беларускі народ, то спадарыня Аліна нагадала, што звычайна самы цёмны час бывае перад світанкам і таму яна выказала ўпэўненасць у нашай з украінцамі агульнай перамозе над расійскім імперыялізмам. 

Сяргей Будкін распавёў пра тую культурніцкую катастрофу, у якую абрынуў Беларусь рэжым Лукашэнкі. Ён узгадаў некалькі прыкладаў таго, як рэжым не толькі ў пераносным, але і ў наўпроставым сэнсе знішчае дзеячоў беларускай культуры. Ён назваў прозвішчы ўдзельнікаў гурта “Тor Band”, якіх за песні змагання, папулярныя ў 2020-м, асудзілі да вельмі працяглых тэрмінаў зняволення, а такама нагадаў пра забітага ў турме мастака Алеся Пушкіна.

На думку Ігара Тышкевіча, зараз якраз выбудоўваецца двухпалярны свет, полюсамі якога робяцца з боку заходняй цывілізацыі – Злучаныя Штаты Амерыкі, а з іншага, азіяцкага – Кітай. Расія ж у гэтым працэсе не ёсць суб’ектам, яна ўсяго толькі часовая прылада, закліканая выканаць брудную працу. Але ў выпадку паразы Украіны ў гэтай вайне Расія можа вярнуць сабе суб’ектнасць, лічыць Ігар Тышкевіч. 

Падчас дыскусіі чырвонай ніткай праходзіла тэма магчымасці для беларусаў скінуць злачынны рэжым і ўсталяваць свабодныя еўрапейскія законы. Натуральна, што з боку ўкраінцаў часта гучалі заклікі зараз жа паўстаць і сілай даць рады ўзяць уладу ў Беларусі ў свае рукі. А вось камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс «Кіт» лічыць, што ціснуць на беларусаў няма сэнсу – мы партызанская нацыя, якая мусіць даспець і тады яе дасягненні шмат каго сапраўды уразяць:  

«Насамрэч, трошкі балюча, як для беларуса. Таму хочацца сказаць украінскаму народу, ды і ўвогуле ўсім, хто сочыць за гэтымі навінамі, не трэба на беларусаў ціснуць. Беларусы не вінныя ў тым, што ўлада Лукашэнкі пускае ракеты і запускае войска Расіі праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Беларусь – акупаваная тэрыторыя. Беларускі народ павінен даспець і мы павінны ўдарыць адным кулаком. Мы павінны быць адзін за аднаго. Разумееце, вельмі цяжка штосьці зрабіць, калі за лайк у сацсетках вам даюць рэальныя тэрміны ад 3 да 8 гадоў турмы. 

Таму, на маю думку, трэба аб’яднацца, падтрымліваць адно аднаго і ведаць усю сітуацыю знутры. А знутры сітуацыя такая, што ўлада Лукашэнкі за гэтыя гады выбудавала вельмі цяжкую складаную сетку сілавых структураў, якая проста кантралюе ўсё навокал. Яна проста знішчае людзей. Трэба гэта разумець. 

На жаль, дзесьці трэба народу Беларусі спачуваць, але ні ў якім разе, я лічу, што не трэба прама гнаць-гнаць, там “беларусы, чаго вы нічога не робіце”. Беларусы робяць! Я – беларус. Полк Кастуся Каліноўскага – гэта таксама беларусы. Мы даспелі, мы тут, мы зараз, мы робім вельмі важную цяжкую працу, але мы яе робім. Таму – аб’ядноўваемся і  ідзем да Перамогі!»

Дзмітрый Танковіч акцэнтаваў увагу на неабходнасці зараз дбаць пра тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. «Я, выступаючы зараз на гэтым форуме, знаходжуся ў больш бяспечным становішчы, чым чалавек у Беларусі, які проста праглядзіць яго ў інтэрнэце», – адзначыў Дзмітрый Танковіч. 

Мы спыталі ў прадстаўніка менавіта таго самага культурнага супраціву – Дзмітрыя Танковіча, пра тое, наколькі важным ён лічыць пашырэнне беларускай тэматыкі ў нумарах папулярнага ва Украіне забаўляльнага праекта “Дызель-шоу”, які аднавіўся пасля невялікага перапынку ў пачатку паўнамаштабнай вайны і напоўніўся ў тым ліку і беларускім акцэнтам. І што тычыцца разумення беларускай праблематыкі ва ўкраінскім грамадстве, менавіта творчы калектыў “Дызель-шоу” можа быць прыкладам таго, як праз творчасць і гумар можна тлумачыць адрозненне паміж беларусамі і рэжымам Лукашэнкі. 

«Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва “Дызель-шоу” – гэта ўкраінцы, але мы на пачатку паўнамаштабнага ўварвання вельмі шмат гаварылі пра тое, пра што мы мусім казаць, пра што мы мусім размаўляць са сцэны ў нашым шоу. І менавіта дзякуючы таму, што ў гэтым шоу ёсць два беларусы, з’явіліся гэтыя нумары, якія мы пабачылі. І акрамя таго – усе зараз кажуць пра нумары пра Лукашэнку, але былі і іншыя, на маю думку больш важныя нумары – гэта быў нумар  пра мяжу беларуска-ўкраінскую, калі сустракаюцца два кумы – беларус і ўкраінец, і калі мы праз гэты нумар, праз гумар маглі патлумачыць, што ёсць вялікае адрозненне паміж беларусамі і рэжымам Лукашэнкі. Таму – гэта наша такая маленькая зброя. Мы ёю змагаемся, як можам». 

Мадэраваў імпрэзы форуму вядомы ўкраінскі журналіст і прамоўтар Леанід Весялкоў. У размове з  радыё Ўнэт на пытанне “ці слушна ладзіць такія абмеркаванні ў цэнтры памежнай з Беларуссю Валыні” спадар Леанід адказаў, што менавіта там гэта і трэба было рабіць.

 «У нас была дакладная ўпэўненасць, што дзе, як не тут, рабіць падобныя сустрэчы. Будзем адкрытыя – гэта мог стаць або Роўна, або Луцк, або Ковель. То бок, гарады, якія і геаграфічна, і ментальна набліжаныя і зацікаўленыя ў тым, каб у нас былі здаровыя, нармальныя суседзі. Наяўнасць такога суседа пад бокам, мне здаецца, вельмі дысцыплінуе людзей. І, мне здаецца, тут, на Валыні, не трэба лішніх слоў: людзі ўсё цудоўна разумеюць. Яны дагэтуль напружаныя, але… Магчыма для іх гэта расчараванне. У нас быў нумар, калі – украіна-беларуская мяжа, там беларускі вайсковец, тут – украінскі вайсковец, а па жыцці яны кумы, бо ў іх былі сем’і і яны пахрысцілі дзяцей. Насамрэч, вось гэтая аб’яднанасць паміж двума народамі большая, чым нейкія межы. 

Нават прыклад байцоў Палка Кастуся Каліноўскага і не толькі гэтага палка, а мы ведаем, ёсць і у рэшце дабрабатаў і рэшце падраздзяленняў цудоўныя беларусы – гэта людзі, якія ілюструюць нармальнасць сітуацыі. Так, мы добра разумеем, што ў беларскай арміі, на жаль, ёсць людзі, якія, можа, хочуць выслужыцца, пенсію, надбаўку – яны выконваюць гэтыя загады. Але ў большасці здаровы глузд перамагае. А ў нас вельмі шмат менавіта здарова думаючых людзей, як у Беларусі, так і ва Украіне.

У праграме луцкай часткі кінафестывалю «1084. На мяжы» адбыліся паказы фільмаў «Беларускі вальс» рэжысёра Андрэя Фідыка, «Новае неба над новай краінай» аўтарства Вольгі Прусак, «Бацькаўшчына» – Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі. Выстава плакату Уладзіміра Цэслера працягнецца на тэрыторыі музейнага компексу Луцкага замку Лубарта да канца гэтага тыдня.  

Цалкам рэпартаж з адкрыцця Форуму беларускага культурнага супраціву слухайце ў плэеры ніжэй: 

Comments are closed.