Памятаеце, як у мінулым годзе больш за сто беларусаў і беларусак з усяго свету запісалі аўдыяверсію кнігі «Мова 404» Аліны Нагорнай? «Народная кніга» вяртаецца і распачынае прыём заявак на ўдзел у запісе наступнага выдання.
Гэтым разам нам прапануюць запісаць анталогію беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю». Праектам займаецца audiobooks.by, выдавецтва «Скарына», а таксама выдаўніца аўдыякніг Крысціна Дробыш.
Мы запыталіся ў яе, як паўдзельнічаць у запісе новай народнай кнігі, ці трэба для гэтага мець адпаведную адукацыю і ўвогуле, навошта нам агучваць анталогію гей-пісьменства.
Падрабязныя адказы слухайце ў нашым аўдыё.
– Для мяне важным чыннікам было тое, што ў нашым грамадстве існуе праблема ўспрыняцця людзей гей-спуольнасці, ЛГБТ, квір-супольснасці, – тлумачыць Крысціна, чаму вырашыла далучыцца да праекта. – Я кожны раз прыгадваю прайд у Варшаве: колькі выклікала абурэння, калі там з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг, а людзі крычалі ў сацсетках: «Якое яны маюць права на гэты сцяг?». Мне хочацца не заплюшчваць вочы на гэтую тэму, а абмяркоўваць яе, дыскутаваць. Таму для мяне гэта было важна.
Прэм’ера анталогіі адбылася ў Варшаве на фестывалі інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Кнігу нарэшце можна было набыць, а заадно і паслухаць укладальнікаў выдання.
– Уладзіслаў Гарбацкі і Ігар Іваноў падкрэслівалі, што гэта не анталогія гей-пісьменнікаў. Гэта анатлогія гей-пісьменства. То-бок атрымалася знайсці тэксты, так ці інакш звязаныя з тэмай, – дзеліцца ўражаннямі ад сустрэчы Крысціна.
– Мяне здзівіла тое, што ў кнізе – абсалютна розныя жанры. Ёсць і вершы, і проза, і п’есы. Прычым п’есы выдатныя, вельмі незвычайныя. Бо там не толькі тэкст, а яшчэ і спасылкі, QR-коды, скрыншоты. Як акцёрка я задумалася: а як гэта зрабіць на сцэне?
А яшчэ ўразіла, што гэта – толькі частка гісторый, якую атрымалася апублікаваць. Бо па розных прычынах хтосьці адклікаў свае тэксты, хтосьці не мог іх аддаць у друк, а хтосьці не ведаў, што такая анталогія выходзіць.
Як далучыцца да запісу?
Для гэтага не трэба быць ані прафесійным акцёрам, ані мець крутую апаратуру для запісу: «Першую кнігу мы запісалі на тэлефон». Дастаткова запоўніць гугл-форму, далучыць да яе 3 аўдыяфайлы і чакаць фідбэку, які абавязкова будзе, абяцае Крысціна.
Вынік мы пачуем, імаверна, у наступным годзе. «Мова 404» Аліны Нагорнай выйшла на Дзень роднай мовы. Магчыма, гэта пачатак выдатнай традыцыі і кніга «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» выйдуць акурат на гэтую прыгожую дату.
Форма для заяўкі і кароткая інструкцыя тут. Заяўкі прымаюцца да 1 лістапада 2023 года.
Сачыце за навінамі на старонках audiobooks.by і выдавецтва «Скарына», а калі ёсць пытанні, звяртайцеся на канал сувязі ў Тэлеграме.
Comments are closed.