Loading

Спектакль для беларускіх артыстаў паставіў польскі рэжысёр Павел Пасіні. Атрымаўся эксперыментальны тэатр з правакацыйнымі касцюмамі, крывавым грымам і жывой музычнай імправізацыяй. «Такімі купалаўцаў мы яшчэ не бачылі», – скажуць потым гледачы.

Слухайце рэпартаж з варшаўскай прэм’еры.

У які момант фанатычная вера ператвараецца ў фанатызм і ці даруе Бог забойства, нават калі яно было патрэбнае дзеля выратавання цэлай краіны? Пасля таго, як Юдзіф спакушае Алаферна і адразае яму галаву, аўтар п’есы Сяргей Кавалёў адпраўляе яе ў чысцец. З гэтай метафізічнай турмы можа выбрацца, толькі раскрыўшы таямніцу свайго жорсткага ўчынку. І ўвесь гэты час побач з ёй будзе галава Алаферна, што нават праз шмат тысячагоддзяў не перастае размаўляць.

Зоя Белахвосцік:

«Я думаю, што жанчыне цяжка забіць чалавека. Гэта складана псіхалагічна. Але Юдзіф выратавала свой народ, сваю краіну і, магчыма, пасля назірала і думала: а нашто я гэта зрабіла, калі ўсё так?…»

Аляксандр Гарцуеў:

«Для мяне гэта спектакль пра любоў. Пра любоў да людзей. Юдзіф выратавала свой народ. Я, дарэчы, першы раз у сваім жыцці граю толькі галавой. Цікава так папрацаваць. Канешне, і рукі, і ногі ў мяне ходзяць, але яны схаваныя, глядач гэтага не бачыць. Таму сядзіш паўтары гадзіны ў крыві. Кроў, дарэчы, салодзенькая».

Валянціна Гарцуева:

«Я ніколі так шмат не танчыла на сцэне і яшчэ ніколі так не хацела жыць! Для мяне гэта новы спосаб існавання – магчыма, больш дзіўны для нашага тэатра апошніх гадоў».

Comments are closed.