Loading

У падкасце Lingua Incognita разбярэмся, ці ёсць розніца паміж словамі адзенне і вопратка, надзяваць і адзяваць. А ў граматычнай частцы разглядзім правапіс складаных словаў.

Вопраткай у нашай мове называюць верхняе адзенне. Такім чынам, значэнне слова адзенне – больш шырокае, чым значэнне слова вопратка. Бо да вопраткі мы, напрыклад, аднясем паліто, футра, кажух, мужчынскі гарнітур альбо пінжак, камізэльку. А вось майку, цішотку і майткі да вопраткі аднесці нельга – гэта адзенне і канкрэтна ніжняе адзенне ці ніжняя бялізна. Вопратку звычайна апранаюць. А вось казаць «Я апрануў пад кашулю майку» – памылка. Бо іншае, акрамя вопраткі, адзенне – адзяваюць. Гэта цалкам сабе беларускае слова і цурацца яго ні ў якім разе не варта.

Варта яўчэ ўзгадаць нагавіцы, альбо штаны. Іх, дарэчы, надзяваюць. Надзяваюць таксама, напрыклад, капялюш ці шапку-аблавушку. Яшчэ надзяваюць мятлік ці звычайны гальштук. Розныя аксесуары, кшталту акуляраў ці пальчатак – таксама надзяваюць. Рэмень альбо дзягу таксама надзяваюць. Ну а на ногі надзяваюць шкарпэткі. А жанчыны могуць надзяваць і доўгія панчохі.

Што тычыцца жаночай вопраткі, то сукенка – гэта такі стэрэатыпны прадмет адзення для жанчын. І з таго ж шэрагу – спадніца. З ніжняй бялізны – цікавае слова – станік, карсетны прадмет бялізны, які надзяваецца на грудзі. А станік і майткі альбо майточкі, разам завуцца бялізна.

На шыю часам будзе дарэчна павязаць шалік, асабліва, калі на вуліцы халодна. Некаторыя жанчыны карыстаюцца такім галаўным уборам як хустка, якія зараз могуць быць вельмі моднымі. Дарэчы, убор – гэта ў такім кантэксце слова, якое абазначае прыгожае адзенне.

З абутку варта назваць боты – гэта абутак для мокрага або халоднага надвор’я. Бываюць яшчэ і гумавыя боты, у якіх можна і ў раку заходзіць. Ёсць жаночыя боты альбо паўбоцікі з высокімі абцасамі. Хаця, на высокіх абцасах могуць быць не толькі боты, але і чаравікі.

Поўны выпуск падкаста і тлумачэнне правапіса складаных словаў слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Comments are closed.