Loading

Трыдцаты дзень нараджэння пад акампанемент уласных песень адсвяткаваў у Беластоку лідар гурта Sumarok Ігар Палынскі. Імпрэза адбылася ў клуба-кавярні «Вялікі пакой», куды прыйшлі прыхільнікі творчасці музыканта – у асноўным, як і ён вымушаныя ратавацца ад рэжыму Лукашэнкі і якія прагнуць вярнуцца дадому.

Паведамленні аб канцэрце сталі з’яўляцца ў інфармацыйнай прасторы задоўга да яго пачатку. І гэта дало плён – уся, прычым немаленькая прастора клуба-кавярні ў самым цэнтры горада была запоўнена жадаючымі паслухаць песні Ігара Палынскага і праявіць сваю павагу да яго творчасці, якая, дарэчы, тычыцца не толькі музыкі, але і журналістыкі, і грамадскай дзейнасці. Так, у прыватнасці, дзякуючы ў тым ліку і яго намаганням, у Беластоку з’явілася інтэрнэт-выданне «Мост» і існуюць курсы «Мова нанова».

— Трыццаць гадоў. Якія жыццёвыя дасягненні вы лічыце найбольш важнымі для сябе?

— Мне вельмі складана самому ацэньваць свае нейкія дасягненні, але для мяне самае галоўнае, што тыя рэчы, якія я і мае паплечнікі, мае калегі робім разам, гэты рэчы патрэбны людзям. На закрыцці «Мовы нанова» было больш за 50 чалавек. На кожныя заняткі праз панядзелак прыходзяць людзі, а значыць, гэта для іх важна. І на працягу цэлага сезона, і гэта вельмі здорава, я лічу.

— Ну гэта апошні час, а што за апошняе дзесяцігоддзе? Бо тады ж таксама было шмат актыўнасцяў.

— Я проста не вельмі люблю дасягненнямі мерыць – што важней, што менш важна… Бо ўсё, што робіцца, яно робіцца з нейкай мэтай. І мая галоўная мэта, няхай гэта гучыць пафасна, я заўсёды пра гэта казаў, 10 гадоў таму, 14 год таму, калі мы толькі пачыналі з музыкай усю гэту гісторыю – што для мяне самае важнае гэта Беларусь. Беларуская Беларусь. Наша жывая Беларусь без усяго таго, што адбываецца там цяпер. І я разумею, што як для журналіста, напэўна, гэта пазіцыя не вельмі аб’ектыўная, бо журналіст мусіць быць аб’ектыўны заўсёды ў сваёй працы, і, як мне падаецца, у працы я заўсёды гэтага прытрымліваюся, але што мне забараняе ў свабодны ад працы час займацца актывізмам, займацца музыкай, займацца нейкімі іншымі рэчамі, а іх вельмі шмат розных было і ў 2020 годзе, і да таго, і цяпер. Усё важна, і самае галоўнае, што гэта запатрабавана. Вось гэта, напэўна, самае галоўнае дасягненне – што ёсць людзі, для якіх тое, што я раблю, працягвае заставацца важным, – адзначыў музыкант і журналіст.

Журналіст і пісьменнік Алесь Аркуш, пэўна, не мог не прыйсці на канцэрт Ігара Палынскага, чыя дзейнасць яму вядома, калі знакаміты музыка быў яшчэ школьнікам у Полацку. Тым больш, што Sumarok спявае песні і на вершы Аркуша.

«У яго спачатку быў гурт, які называўся «Горад N», а затым яны ўзялі іншую назву – Sumarok. І для мяне гэта было сюрпрызам, што ў адным з альбомаў яны запісалі дзве песні на мае вершы. Гэта песні «Сталёвая рыба» і «Вета». Я сёння ў Фэйсбуку віншаваў Ігара Палынскага і пераглядзеў свой фотаархіў і напісаў, што Ігар Палынскі пабіў усе рэкорды па ўдзелу ў маіх прэзентацыях і вечарынах, якія я праводзіў. Прычым не толькі ў Полацку, але і ў Мінску ён удзельнічаў у маіх вечарынах, у Віцебску са сваімі выступамі. Ён выступаў на гэтых вечарынах і пад гітару спяваў гэтыя песні. І таму ўсё яго творчае развіццё адбывалася фактычна ў мяне на вачах», – успамінае літаратар.

Алесь Аркуш

Песні гурта Sumarok прымушаюць паразважаць, лічыць праваабаронца з Маладзечна Алесь Капуцкі. І менавіта гэтым яму падабаецца музычная творчасць Ігара Палынскага.

«Я, канешне, аматар такой старой закваскі, мне падабаецца класічная музыка, хард-рок, але мне Sumarok падабаецца, бо ў іх ёсць нейкая такая разынка, якая прываблівае. Дарэчы, яны выступалі некалькі год назад у Маладзечне, і тады я першы раз іх пачуў і мне спадабалася, таму ў Беластоку я таксама іх ужо бачыў і слухаў», – паведаміў гэты аматар песень гурта.

Алесь Капуцкі

Comments are closed.