Loading

Літаратары Аляксандр Чарнуха і Алесь Плотка прадставілі ў беластоцкім хабе «Новая зямля» беларускамоўную версію сатырычнага рамана «Свінні» і арт-бук «Bloodlands 20/22 Беларусь Украіна», дзе сабраны фотаздымкі і вершы аб Беларусі і Украіне.

Раман «Свінні» на мове арыгінала, расейскай, упершыню пабачыў свет яшчэ ў 2022 годзе. Для журналіста і відэаблогера Аляксандра Чарнухі ён стаў пісьменніцкім дэбютам. І ў Беластоку рускамоўная кніга, надрукаваная самвыдатам, была прадстаўлена ў мінулым чэрвені. Разам з тым, паводле аўтара, ён вельмі хацеў, каб яна адразу выйшла і па-руску, і па-беларуску, але праца над перакладам запаволілася з-за пачатку расійска-ўкраінскай вайны. Перакладчык тэксту Алесь Плотка ў той час жыў у Кіеве і мусіў пераязджаць у Вільню, уладкоўваць там сваё жыццё. Але ад гэтага года «Свіней» можна прачытаць па-беларуску. Як сцвярджае спадар Аляксандр, гэта першы фікшн-твор пра Беларусь-2020, што працягвае традыцыі «Запісак Самсона Самасуя».

«Свінні» прэзентуюцца як калейдаскоп вар’яцкіх выяў, пры гэтым настолькі штодзённых і звыклых, што смех перыядычна змяняецца сумнай усмешкай. За мінулы ад першага выдання год раман прачыталі ў 30 краінах, а адпаведную п’есу купалаўцы паставілі ў Штутгарце. Агульны наклад твора – 800 асобнікаў. Дарэчы, беларускамоўная версія выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч», якое знаходзіцца ў эміграцыі ў Польшчы.

Аляксандр Чарнуха і Алесь Плотка

«Раман «Свінні» — гэта мая рэакцыя і рэфлексія на тое, што адбывался ў Беларусі ў 2020 годзе», — адзначыў у гутарцы з нашым радыё Аляксандр Чарнуха.

— Гэта сатыра, таму што я лічу, што смех гэта наша зброя. Мы мусім усміхацца, нават калі складана, нават калі баліць. У Беларусі не так шмат сатырычных твораў, таму «Свінні» працягваюць традыцыю «Запісак Самсона Самасуя». Калі чытаць творы, напісаныя яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, і потым прачытаць «Свінні», то можна заўважыць што не шмат чаго змянілася ўвогуле.

— Якія водгукі вы чулі аб «Свіннях»?

— Я чуў шмат станоўчых водгукаў насамрэч. Адзіны водгук негатыўны, з якім я сутыкнуўся, быў з выдавецтва даволі буйнога, дзе выдаецца Саша Філіпенка, Святлана Алексіевіч. Гэта выдавецтва «Время». Але гэта быў водгук кшталту «ведаеце, у мастацкім плане кракадзілы цікавейшыя, чым свінні». Мне падалося, што гэта такое цікавае параўнанне. Я ўдзячны аўтару гэтай крытыкі за яго светапогляд.

— Чым для вас стала эміграцыя? Вы штосьці прыдбалі, штосьці страцілі?

— Прынцыпова новы жыццёвы досвед, толькі і ўсяго.

— Больш расчараванняў ці наадварот, больш станоўчага?

— Усё наша жыццё гэта і расчараванні, і нейкія новыя адкрыцці, і новыя спадзяванні. Для мяне гэта проста сукупнасць нейкага новага досведу, тое, з чым мне прыходзіцца працаваць проста цяпер. Эміграцыя так эміграцыя. Я лічу, што гэта карысная камандзіроўка.

— То бок у творчым плане заняпаду ці зніжэння актыўнасці не назіраецца ў вас?

— Наадварот гэта можна назваць творчым усплёскам. Паглядзіце, колькі ў мяне новых праектаў, колькі новых думак нараджаецца. Мне падаецца, што заняпаду няма ніякага. Ёсць праблемы як у кожнага чалавека, але з імі можна працаваць.

Кніга «Bloodlands 20/22 Беларусь Украіна» таксама была выдана сёлета. Наклад – 400 асобнікаў– пабачыў свет у лонданскім беларускім выдавецтве «Скарына», праўда, распаўсюд кнігі небяспечны ў Беларусі. Распавядаючы пра яе, паэт і перакладчык Алесь Плотка паведаміў, што ў 2020 годзе яго не было ў Беларусі, бо не жыў на радзіме пяць гадоў, і як раз у той год пераехаў жыць з Чэхіі ва Украіну. Гэта не толькі зборнік яго вершаў, але і фотаздымкаў беларускага фатографа Алеся Пілецкага і чэшскага фатографа з Данбаса Станіслава Крупажа. Вершы і фота рэтраспектыўна прадстаўляюць погляд Алеся Плоткі на тое, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе і ва Украіне ў годзе 2022-ім.

— Гэта кніга фактычна трох аўтараў. Там ёсць фотаздымкі, я не фатограф, там два фатографы —Алесь Пілецкі з Віцебска, які адказны за беларускую частку, і чэшскі фатограф Станіслав Крупаж, данбаскі чэх, данбаскі фотакарэспандэнт, які вельмі многа здымае вайну.

— Вы ўкладалі гэту кніжку?

— Укладаў я, а канцэпцыю жыццё складала. Гэта ўсё не было цяжка, гэта было арганічна, і мы пазнаёміліся з хлопцамі, і таму гэта не было нейкай задачай, што трэба знайсці нейкага фатографа. Само сабой усё адбывалася. Мы пазнаёміліся ў Кіеве. Тут нават высілкай ніякіх не было, таму што для ўсіх было зразумела, што гэта за кніжка. Таму ўсё склалася само сабой.

— У чым вартасць гэтай кніжкі для Вас і для тых, хто будзе з ёй знаёміцца?

— Па-першае, я хацеў для сябе зафіксаваць гэта, па-другое, гэта складаны часам погляд і Беларусь, і Украіна ёсць часткамі крывавага працэсу. Назва кніжкі, як можна лёгка здагадацца, рэферуе да Цімаці Снайдэра з яго канцэпцыі крывавых земляў. Тады ён пісаў пра Еўропу паміж Гітлерам і Сталіным. Сёння крывавыя землі нікуды не сыйшлі, і гэта працяг свайго роду ці наследаванне таго, што мы маем праз 75 гадоў пасля Другой сусветнай. У крыві тоне Украіна, у крыві тоне Беларусь.

Таму, найперш, гэта была ўласная рэфлексія. Магчыма, гэта як-небудзь дапаможа нашым народам трошку лепш паразумецца. Гэта вельмі цяжка зараз і дыялогу з вялікай літары «д» няма паміж беларусамі і ўкраінцамі. Гэта размова вельмі складая, бо зараз вельмі цяжка, вельмі многа болю. Я спадзяюся, што можа быць калісьці ці камусьці гэта дапаможа. У кнізе ёсць некалькі перакладаў, напрыклад, маіх украінскіх калег, якія вельмі дарагія мне. Нельга казаць, што ў нас зусім няма дыялогу, але мы ўсе разумеем, чаму ён такі складаны, таму што ўсім балюча. Таксама гэта рэфлексія, што гэта будзе нейкім мастом, калі не сёння, то хаця б паслязаўтра для нармальных стасункаў паміж беларусамі і ўкраінцамі.

Comments are closed.