Loading

Некалькі сотняў чалавек прыйшлі ў беластоцкі клуб “Змена клімату” на прэзентацыю кнігі “Камяні мусілі паляцець. Зацёртае мінулае Падляшша” аўтарства журналісткі і пісьменніцы з беларускай меншасці Анэты Прымакі-Онішк. Кніга пра суседства беларускай праваслаўнай меншасці і польскай каталіцкай большасці, розным стаўленні да пасляваенных падзей на тэрыторыі паўночна-ўсходняй Польшчы.  

Двухузроўневае памяшканне клуба на вуліцы Варшаўскай было не ў стане змясціць увечар нядзелі ўсіх жадаючых, хто прыйшоў паслухаць журналістку і пісьменніцу Анэту Прымаку-Онішк, ужо вядомую кнігай “Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы”. Новая кніга “Камяні мусілі паляцець. Зацёртае мінулае Падляшша” выйшла літаральна некалькі тыдняў таму, распавяла аўтарка падчас прэзентацыі. Выданне гэта і яе сямейная гісторыя, бо, як падаецца ў анатацыі, “пра тое, што мой дзед быў застрэлены ў траўні 1945 году ў сваім доме пад Кузніцай-Беластоцкай ведала заўсёды. Застрэлены “бандай”, дадавалі сцішаным голасам. Не загадвалі пра тое маўчаць, але разумела, што так трэба”.

 

Так і паўстала гісторыя аб памежным суседстве і супольным жыцці, аб тым, што адны выступаюць часам супраць другіх, а потым жывуць побач ва ўяўным забыцці. Лічыцца, што досвед жыцця меншасці частяком не месціцца ў афіцыйнай гісторыі. На цяперашнім Падляшшы таксама няшмат узгадваюць пра тутэйшую беларуска-праваслаўную супольнасць: бежанстве, пасляваенных перасяленнях і злачынствах, а асабліва аб міжрэлігійных і этнічных напружаннях. На каго ў такім разе арыентавана кніга?  З гэтым пытаннем радыё Ўнэт звярнулася да спадарыні Анэты.

Я думаю, што яна арыентавана і на беларускае асяроддзе на Беласточчыне, бо гэта ёсць гісторыя нас усіх, супольная гісторыя, але яна таксама арыентавана на польскую супольнасць. Мы жывем тут побач,  гэта пра нашу супольную, не заўсёды шчаслівую, не заўсёды добрую гісторыю.  Я думаю, што гэтая гісторыя кранае вельмі важныя ў польскім наратыве, у польскай гісторыі часы пасля Другой Сусветнай вайны, аб якой мы ўвесь час у Польшчы гаворым і таксама гэта ёсць важнай часткай гістарычнай палітыкі.  Вельмі важна, каб быў пачуты голас беларускай меншасці. Таксама для мяне гэта і адкрыццё дыскусіі, адкрыццё сустрэчы, сустрэчы асяроддзяў.

”Камяні мусілі паляцець”. Ці яны дагэтуль ляцяць альбо ўжо ўпалі і не ляцяць?

Я дума, што яны лятаюць. Мы яшчэ нядаўна мелі марш у Гайнаўцы, дзе ішлі нацыяналісты, якія неслі штандары з Бурым. Для жыхароў Гайнаўкі гэта быў забойца іх бабуль і дзядуль. Я думаю, што калі мы не сядзем да такой супольнай размовы, гутаркі пра гэта, то гэтыя камяні будуць лятаць.

З прыездам у Польшчы і ў прыватнасці на Падляшша вялікай колькасці беларусаў з Беларусі ці распачаўся нейкі новы этап у беларускай гісторыі ў Польшчы? Ці ёсць тут сувязь?

Сувязь ёсць. Многа беларусаў у Беластоку. Тая ж “Тутака” дае такую платформу, каб супольна рабіць нейкія рэчы. Я думаю, што для беларусаў, якія прыехалі з-за мяжы, ёсць кавалак такой гісторыі беларусаў Падляшша, які для іх абсалютна невядомы. Думаю, ім гэтая кніга дапаможа зразумець нас, беларусаў Падляшша, а таксама адносіны польска-беларускія. Таму я спадзяюся, што гэта будзе кніга і для беларусаў з Беларусі.

Ці ёсць планы перакладу кнігі на беларускую мову?

Я б вельмі ахвотна пра гэта казала, усё магчыма. Можна распачынаць пра гэта размову”. 

Comments are closed.