Loading

Журналіст, музыкант і паэт Віктар Сямашка прадставіў падчас фестывалю «Прадмова» ў Беластоку сваю новую кнігу вершаў «Аўтар мае рацыю заўжды». Прэзентацыя была аздоблена невялікім канцэртам.

Прадстаўляючы сваю новую кнігу, Віктар Сямашка, які працуе вядоўцам на радыё Рацыя, пачаў з тлумачэння выявы на вокладцы. На ёй – вузкая чырвоная палоска на белым фоне, як аказалася – выява часткі сцяны станцыі «Першамайская» мінскага метрапалітэна.

«Чаму такая вокладка? Таму што ўвогуле тэма метро, падземкі, андэграўнду атрымліваецца такой цэнтральнай. Менавіта ў цэнтры гэтай кнігі стаіць самы манументальны твор, які, напэўна, быў мной напісаны, – «Паэма М», фактычна гэта прысвячэнне мінскаму метро. Паабапал гэтага цэнтру па тры такія цыклы вершаваныя, цыклі, не аб’яднаныя фактычна ніякай тэмай, а вершы напісаныя на нейкім адным уздыху.

Вялікі беластоцкі складнік гэтай кнігі, таму што яна рабілася тут, выдавалася тут, агенцыя Ekopress. У дызайне фармалізаваў мае ідэі Юрка Асеннік, вядомы беластоцкі дызайнер і музыка. Яму таксама вялікі дзякуй за тое, што ўсё гэта атрымалася.

Тэксты тут вельмі розныя. Ёсць пэўны акцэнт на такі фармальны бок – у кожнага верша ёсць свая канцэпцыя. Напрыклад, ёсць тэкст, цалкам складзены з германізмаў, ёсць верш, цалкам складзены з мота. Увогуле эпіграфам да гэтай кнігі з’яўляецца паліндром Сімяона Полацкага. Скан мне давялося замаўляць у Дзяржаўным архіве ў Маскве, які месціцца на Краснай Плошчы. Гэта было яшчэ да паўнамасштабнай вайны. Давялося туды звяртацца, бо нідзе ў сеціве такога скану не было. Цікава, што гэты беларускі асветнік Сімяон Полацкі XVII стагоддзя напісаў на старапольскай мове паліндром, то бок гэта верш, які можна чытаць злева направа і справа налева, і напісаў гэта ў Маскве. І гэты паліндром «Прысвячэнне Панне Марыі» з’яўляецца агульным эпіграфам да кнігі. Што тычыцца музыкі, то ў кнізе можна знайсці так званыя QR-коды, а там музычнае рашэнне часткі тэкстаў».

Свае вершы ў кнізе Віктар Сямашка прадставіў у музычным афармленні. Прэзентацыя кнігі «Аўтар мае рацыю заўжды» падчас фестывалю «Прадмова» ў Беластоку стала фінальнай. З выданнем, паводле аўтара, ужо пазнаёміліся чытачы ў Кракаве, Варшаве, Вільне. Там яны таксама змаглі пачуць музычныя творы Віктара Сямашкі.

Comments are closed.