Loading

Журналістка тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Ганна Кандрацюк упершыню ў Беластоку прэзентавала кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Прэзентацыя адбылася ў пабе Beer4you у межах праекта Beer&History. У новае выданне ўвайшлі расповяды аб людзях, чые быт, традыцыі і звычаі вядомыя аўтарцы з дзяцінства, бо журналістка паходзіць з тых месцаў, дзе размаўляюць «по-свойему» – на падляскіх гаворках беларускай мовы.

Запісаць ментальны краявід – такую мэту, паводле Ганны Кандрацюк, ставіла яна, беручыся за складанне кнігі, у якую ўвайшлі рэпартажы з вандровак па родных для яе мясцінах. Адказваючы на пытанні вядучага мерапрыемства – гісторыка Алеся Кіркевіча, аўтарка сцвярджала, што абшар Белавежскай пушчы і адпаведна людзі, якія жывуць у тамтэйшых вёсках, – гэта асобная планета са сваімі звычаямі, светапоглядам, якія сілкуюцца перш за ўсё ад цудоўнай прыроды і раслін Белавежжа. Яны так і кажуць, што жывуць пад лесам, вызначаючы тым самым не толькі блізкасць да векавых дрэў, але і нібыта прызнаючы верхавенства гэтага леса над сабой. І ў выніку хрысціянства, а менавіта праваслаўе, пераплятаецца яшчэ з адгалоскамі паганства, якія арганічна ўпляліся ў светапогляд белавежскіх беларусаў.

«У нас ёсць такое адчуванне, што там у сябе пад пушчай на зямлі адзаўсёды. Я напрыклад, родам з вёскі, дзе знаходзяцца курганы з трэцяга і чацвёртага стагоддзя. Хтосьці кажа, што гэта готскія курганы, культура вельбарская, хтосьці ліча, што яцвяжскія. Не было так, што гэтыя народы, якія былі раней, пабылі і пайшлі сабе. Думаю, што была ўвесь час пераемнасць, і мы як бы наследуем усё ад самага пачатку. Па прыродзе мы людзі сціплыя, не ганарыстыя, маем свой гонар, але ж таксама маем свае таямніцы», – адзначыла на прэзентацыі аўтарка.

Ганна Кандрацюк

У кнізе прадстаўлены і гісторыя, і сучаснасць, і рэфлексіі аб будучым жыхароў гэтага абшару. І іх адметнасць павінна захавацца. Па сведчаннях аўтаркі, нават у гміне з найбольшай смяротнасцю ў Польшчы – Дубічах Царкоўных людзі па-ранейшаму маюць мясцовы патрыятызм і веру ў будучае сваёй зямлі і сваіх традыцый.

Як распавяла Ганна Кандрацюк нашаму радыё, яе кніга, выдадзеная яшчэ летась, знайшла станоўчы водгук у чытачоў.

«Калі бачу і чую каментары чытачоў, то яны проста бачаць, што гэта іх свет, што няма тут нічога прыдуманага і толькі з інтрыгай напісана для іх і пра іх. Цешуся, што змагла пашырыць чытацкае кола на беларускай мове, таму што ўсё ў нас адыходзіць у польскі бок. Гэта мой як бы каменчык у будоўлю захавання сваіх каштоўнасцяў», – паведаміла пісьменніца.

Прайшоўшая прэзентацыя была першая ў Беластоку, але ўжо сёмая ў Польшчы – у Варшаве і ў розных мясцінах па Падляшшы. На маё пытанне, ці будзе прэзентацыя ў Беларусі, Ганна, якая раней шмат ездзіла па краіне, адказала, што не будзе, пакуль за кратамі з палітычных прычын знаходзяцца ні ў чым не павінныя людзі.

«Не павінна так быць як ёсць зараз, калі лепшых людзей, журналістаў і маіх асабістых сяброў трымаюць за кратамі. Таму я не паеду туды», – заявіла Ганна Кандрацюк.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.