Loading

Створаная ў 2020 годзе платформа аўдыёкніг для дзяцей «Кніжны воз» ужо змяшчае 200 гадзін агучаных літаратурных твораў. Бліжэйшым часам яе чакае абнаўленне дызайна і з’яўленне новых функцый. Пра гэта на фестывале абуджаных «Тутака» радыё Ўнэт распавяла яго сузаснавальніца, былая артыстка Купалаўскага тэатру і групы «Купалаўцы» Крысціна Дробыш.

— Крысціна, ваш праект «Кніжны воз» – аўдыёкнігі для дзяцей узнік у 2020 годзе. Ужо прайшло тры гады. Што змянілася, што цікавага з’явілася, ад чагосьці можа пазбавіліся?

— Пазбавімся нязручнасцяў у бліжэйшы час. Мы рыхтуем абнаўленне «Кніжнага возу» – новы дызайн з новымі функцыямі. А так змянілася вельмі шмат, бо ад пачатку «Кніжны воз» задумываўся як штосьці лакальнае, каб даць магчымасць дзецям чуць якасную беларускую мову ў цікавым яе праяўленні. Цяпер жа гэта амаль 200 гадзін беларускай мовы для дзяцей і, як высветлілася, для дарослых. Бо шмат хто прызнаваўся, што і ў 2020 годзе, і пазней гэта была такая своеасаблівая казкатэрапія. Плюс дапамога бацькам, якія могуць заняць дзіцёнка беларускай мовай замест мульцікаў ці чагосьці яшчэ. Больш за тое, да нас далучаюцца ўсё больш беларусаў у тым сэнсе, што гэта і аўтары, якія самі прапаноўваюць пераклады або свае гісторыі, якія або не маюць магчымасці быць выдадзены ў папяровым варыянце, або былі выдадзены, але даўно, а таксама беларусы, якія ахвяруюць «Кніжнаму возу». У нас ёсць адмысловы рахуначак на платформе Ko-fi, беларусы туды ахвяруюць, кожны колькі можа, абсалютна дабраахвотна, і за гэтыя грошы нам удалося запісаць цэлую калядную серыю на Новы год. А таксама зусім нядаўна мы выпусцілі «Асцярожна, дзеці!». Выйшла такая казка-аўдыёспектакль і гэта за сродкі, якія ахвяравалі беларусы і беларускі з усяго свету, за што я неймаверна дзякую. Гэта чарговае пацверджанне, што гэта патрэбна не толькі нам, групе стваральнікаў, а таксама гэта патрэбна людзям.

Больш за тое, з’явіліся людзі, якія знайшлі нас адмыслова. Гэта беларусы Амерыкі, якія сказалі, што хочуць падтрымаць праект, і разам з імі мы таксама выдалі ўжо не адну гісторыю. Літаральна вось надоечы з’явіўся «Заклінальнік аднарогаў» Надзеі Ясьмінскай, свежы пераклад на беларускую мову, які, здаецца, яшчэ не быў надрукаваны. Мы атрымліваем падтрымку і можам выдаваць усё больш і больш кніг.

— Вы казалі пра 200 гадзін запісаў, а ў кнігах гэта колькі?

— Я губляюся ў падліках…. Каля 60 кніг цяпер на «Кніжным возе», нават больш за 60, калі не памыляюся. Не ўсе кнігі запісаны намі. Да нас далучаюцца сябры, якія запісваюць «Хронікі Нарніі», напрыклад. Вось літаральна нядаўна чарговую частку мы апублікавалі. Казкі Алега Хаменкі, калі хто памятае, гэта была цэлая вялізная гісторыя народных казак, вельмі класна зробленая, і таксама яна з’явілася на «Кніжным возе». То бок, мы збіраем усё лепшае, што з’яўлялася да нас і з’яўляецца цяпер разам з намі і ствараем самі. Мне здаецца, гэта выдатнейшы вынік за амаль тры гады існавання.

— Хто ўдзельнічае ў рэалізацыі праекта, акрамя вас?

— На жаль, не ўсе імёны я магу назваць услых. Магу сказаць, што ёсць два сузаснавальнікі – гэта я і мой вельмі добры сябр, яго імя я таксама не магу агучыць. А таксама гэты цэлы шэраг людзей, якія дапамагаюць нам. У прыватнасці гэта Валянціна Андрэева, уладальніца выдавецтва «Гутэнберг», гэта Ганна Янкута, перакладчыца, якая заўсёды дапамагае нам ва ўсіх магчымых пытаннях, гэта ілюстратары, гэта беларускія музыкі. Вось цяпер мы вядзем перамовы, каб далучыць яшчэ больш беларускіх музыкаў, каб гэты праект як быў, так і заставаўся цалкам створаны беларусамі.

Comments are closed.