Loading

Роўна 454 гады таму напачатку ліпеня 1569 года паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам была заключана Люблінская ўнія, у выніку чаго паўстала Рэч Паспалітая абодвух народаў, якая існавала да канца XVIII стагоддзя. У чым была неабходнасць таго аб’яднання і якім чынам яно адбілася на лёсе народаў тых краін? У чым падабенства ў стаўленні многіх цяперашніх беларусаў і шляхты ВКЛ да мовы свайго народа? Пра гэта пагаварылі з гісторыкам Яўгенам Дудкіным.

— Стварэнне Рэчы Паспалітай было вынікам, хутчэй за ўсё, таго, што Вялікае княства Літоўскае мела паразу ў Лівонскай вайне з Маскоўскай дзяржавай. Я бы назваў галоўнай прычынай стварэння Рэчы Паспалітай, і гэта перш за ўсё, пошук магнатамі Вялікага княства Літоўскага саюзніка, які б дапамог у вайне з Масквой. Другая справа, што сама Польшча была зацікаўлена ў тым, каб узмацніць унію, якая была персанальная паміж вялікім князем літоўскім і каралём польскім, але адсутнічала ўнія палітычная паміж двума суб’ектамі, і гэта штурхала польскіх магнатаў, польскую шляхту да таго, каб было падпісана пагадненне аб стварэнні ўжо новай дзяржавы. Я думаю, што гэта атрымалася. Зразумела, што для Рускай дзяржавы ці ў савецкі перыяд, ці ў час Расійскай імперыі ёсць спроба абгрунтаваць, паказаць Польшчу захопнікам. У польскай гістарыяграфіі – спроба паказаць, што Польшча бараніла ВКЛ. Але я б хацеў звярнуць увагу, што стварэнне Рэчы Паспалітай захавала аўтаномію, шмат атрыбутаў дзяржаўнасці ВКЛ, а менавіта – войска, скарб, тэрыторыю, дзе дзейнічала сваё справаводства, тытул вялікага князя літоўскага, канцлера. Супольнымі былі знешняя палітыка, агульны манарх і агульны парламент. Канешне, калі мы кажам пра прапорцыі паслоў у гэтым парламенце, то трэба сказаць, што перавага была ў Польскага каралеўства, таму што ўкраінскія землі перайшлі са складу ВКЛ у склад Польшчы. Гэта, канешне, павялічвала колькасць парламентарыяў ад каралеўства, а не ад ВКЛ. Але гэта іншая размова, бо гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў склад Польшчы да падпісання Люблінскай уніі.

— Хто больш выйграў ад падпісання Люблінскай уніі — ВКЛ ці Карона Польская?

— Калі мы кажам пра месца правядзення сесій парламента, то гэта на тэрыторыі Польшчы. Наступны момант – гэта прапорцыі адносна паслоў. Дзякуючы здабыткам тэрытарыяльным, якія Польшча атрымала ад Жыгімонта ІІ Аўгуста, які перадаў тэрыторыі, на што не меў, канешне, права, тэрыторыя Польшчы павялічылася. І зразумела, што экспансія такая на заняцце гэтых зямель польскай шляхтай узмацнілася. Польскае каралеўства скарысталася і тым, што згодна з уніяй, кожны мог набываць зямлю – што ліцвін на тэрыторыі Кароны, што паляк на тэрыторыі ВКЛ. Але пытанне паўставала ў іншым – наколькі хапала грошай, наколькі хапала вольнай зямлі. Канешне ж, магнаты ВКЛ былі зацікаўлены, каб захаваць зямельныя прасторы Украіны для сябе, бо гэта і пасады, і сродкі на існаванне, і багацце, але ж яны гэтага пазбавіліся.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.