Loading

Нядаўна на вуліцах Варшавы, на прыпынках і лайтбоксах можна было заўважыць плакат пад назвай «Мы не мяса». Цела жанчыны на выяве размалёвана чырвонымі лініямі па ўзору разрэзкі мяса. Любы беларус, паглядзеўшы на плакат, зразумее, якая сітуацыя нарадзіла гэтую балючую метафару. У студыі радыё Ўнэт Аліна Крамко паразмаўляла з аўтаркай гэтага візуальнага праекта, фатографкай і мастачкай Яўгеніяй Мужавай.

Яўгенія пераехала ў Варшаву год таму і ўжо паспела паўдзельнічаць у некалькіх міжнародных конкурсах і выставах. Адной з самых вядомых яе работ для жыхароў Варшавы стаў плакат, інспіраваны падзеямі жніўня 2020 года. Выяву ў бела-чырвоных колерах можна было пабачыць на прыпынках і агароджах варшаўскіх паркаў. Фота Яўгеніі Мужавай заняло трэцяе месца ў конкурсе плакатаў «Бел-чырвона-белы». Арганізатар конкурса – Нацыянальны цэнтр культуры. Адкрыццё выставы прайшло ў Каралеўскіх лазенках, дзе прысутнічаў міністр культуры Польшчы Пётр Гліньскі.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от ABSTRACT PAINTING by Muzheva (@muzheva_art)

Акрамя канцэптуальнай фатаграфіі Яўгенія Мужава робіць і мастацкія партрэты. Праз аб’ектыў яна раскрывае характар асобаў у кадры, іх унутраную прыгажосць. Героямі апошніх фотагісторый Яўгеніі сталі Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Ваданосава.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Evgenia Muzheva (@emuzheva_)

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Evgenia Muzheva (@emuzheva_)

Праца з людзьмі і раскрыццё асобы падчас здымак натхніла Яўгенію зрабіць канал на youtube «Персона», дзе яна магла б раскрыць героя не толькі ў фота, але і ў відэа. Першы ролік, які ўжо можна паглядзець на канале, зняты з яе мужам, Канстанцінам Мужавым, мастаком і скульптарам.

Пра што яшчэ Яўгенія Мужава распавяла ў эфіры радыё Ўнэт:

Зараз мастачка рыхтуецца да новай калектыўнай выставы ў варшаўскай галерэі, дзе яна прадставіць трыпціх. Пакуль сюжэт і падрабязнасці выставы ў сакрэце, але анонс падзеі можна будзе неўзабаве пабачыць у інстаграме Яўгеніі.

Яшчэ адзін з напрамкаў творчай працы Яўгеніі Мужавай – гэта эратычная фатаграфія. На першы план у гэтых мастацкіх фота паўстае прыгажосць і эстэтычнасць жаночага цела. Каб не блытаць розныя сферы сваёй творчасці, для больш адкрытых фота Яўгенія стварыла адмысловы акаўнт у Інстаграм.

У Мінску Яўгенія шмат працавала ў фэшн-сферы як у якасці мадэлі, так і фатографкі. Агулам у гераіні адбыўся шэраг выстаў у крупных музеях Беларусі і на іншых значных пляцоўках: напрыклад, у Палацы мастацтва. Адна з апошніх выстаў адыблася ў Полацкім музеі, дзе экспанаваліся працы Яўгеніі і Канстанціна Мужавых. Але па меркаванні гераіні, у Беларусі яна дасягнула свайго «паталка», пэўнага ўзроўню, і таму адаптацыя на польскім культурным полі для яе ўдвая цікавей.

Жывапіс для Яўгеніі Мужавай – гэта ў першую чаргу перадача эмоцыі. Асаблівы падыход у яе і да выбару колеру. Колер – выдатны інструмент перадачы настрою і гісторыі. Нягледзячы на тое, што Яўгенія пачала займацца жывапісам не так даўно, у Варшаве яна ўжо паспела правесці сваю персанальную выставу Shadows of the Future у OXPLACE.

Узгадваючы свае працы 2012-2014 года, Яўгенія Мужава адзначае, што яны сталі больш актуальнымі. Акурат да новай выставы абраны работы з тых часоў. Але калі параўноўваць, то Яўгенія адзначе, што за апошнія 5 гадоў яна моцна вырасла тэхнічна, хаця імпэту да крэатыву паменшала.

Кожную суботу ў Беларускім моладзевым хабе Яўгенія праводзіць курсы мастацкай фатаграфіі. Неўзабаве пачынаецца новы семестр, у якім навучэнцы будуць разбіраць гісторыю мастацтва і фатаграфіі. На другую частку курса запрашаюцца да ўдзелу ўсе ахвотныя. Можна прыходзіць нават тым, хто не мае свайго фотаапарата. Падрабязнасці па спасылцы.

Поўную размову з Яўгеніяй Мужавай слухайце ў плееры ніжэй.

Comments are closed.