Loading

Прадпрыемства “Гродна Азот”  не толькі спансуе рэжым Лукашэнкі, не толькі абыходзіць еўрапейскія санкцыі, але і труціць жыхароў Горадні. Пры гэтым сам завод сябе пазіцыянуе, як скіраваны на клопат пра экалогію. Менавіта такі фіктыўны клопат пра навакольнае асяроддзе і называецца грынвошынгам, або даслоўна “зялёным адмываннем”. Звесткі пра парушэнне экалагічных нарматываў “Гродна Азотам” прадставілі эксперты альянсу “Зялёная Беларусь”. 

Экспертка ў сферы ўстойлівага развіцця Марына Палянская распавяла, што так званая санітарна-ахоўная зона прадпрыемста акрэслена з парушэннямі. У яе ўключаныя жылая забудова, садовае таварыства, адкрыты стадыён і нават дзіцячы дом. А гэта недапушчальна, улічваючы, што, нават паводле афіцыйных дадзеных, дазволеныя аб’ёмы выкідаў шкодных рэчываў ад “Гродна Азоту” ў паветра складаюць амаль 10 тысяч тон, а сцёкавых вод – больш за 18 мільёнаў кубаметраў на год. Пры гэтым у небяспечнай зоне рассейвання шкодага аміяку знаходзяцца ўсе пералічаныя аб’екты.  Такія звесткі атрыманыя экаактывістамі падчас грамадскага абмеркавання “справаздачы” пра ўплыў на навакольнае асяродзе яшчэ адной устаноўкі, на якой прадпрыемства плануе вырабляць двуокіс вугляроду.

Іншы эксперт альянсу “Зялёная Беларусь”, Аляксей Аўчыннікаў ставіць пытанне, ці патрэбна ўвогуле ў будучай Беларусі такое прадпрыемства, як “Гродна Азот”, улічваючы, што свет узяў курс на скарачэнне ўжывання ў сельгасвытворчасці шкодных для наваколля азотных угнаенняў:

Вельмі важна, каб “Гродна Азот” выкарыстоўваў меры, якія дазволяць людзям, што жывуць у Гродне і каля Гродна, не пакутаваць ад нейкіх выкідаў.  Але ж трэба падумаць, як зрабіць так, каб яшчэ “Гродна Азот” перастаў быць прадпрыемствам, якое займаецца продажам менавіта гэтых азотных угнаенняў. Азотныя ўгнаенні даволі шкодныя для прыроды. І ў 2020 годзе была прынятая дэкларацыя, у якой  прапанавана ў два разы скараціць выкарыстанне менавіта азотных угнаенняў. 

Будучае зялёнай Беларусі  як раз звязана з тым, каб “Гродна Азот” змяншаў сваю вытворчасць, на мой погляд. І каб азотныя ўгнаенні не мелі эканамічнага плюсу. 

Калі казаць пра грынвошынг, які звязаны з “Гродна Азотам”, то тут, калі мы заб’ем у гугл інфармацыю пра “Гродна Азот” і экалогію, то мы пабачым, што існуюць тэксты менавіта пра тое, як “Гродна Азот” развівае сетку “зялёных гарадоў”. На самім сайце “Гродна Азоту” даволі шмат распавядаецца пра тое, як ён добра ўплывае на наваколле, пра тое, якія сацыяльныя і экалагічныя праекты яны робяць. Чаму гэта робіцца? У 2019-2020 годзе пачалі з’яўляцца гэтыя артыкулы. Гэта можа быць звязана з тым, што “Гродна Азот” спрабаваў перайсці да ESG-сертыфікацыі, каб прадаваць прадукцыю ў ЕС.   Пасля 2021 году ўжо цікавасць у ESG знізілася, але яшчэ нельга казаць, што грынвошынг увогуле знік. Таму што зараз, наколькі я ведаю, ESG серыфікацыя можа праходзіць і для іншых рынкаў. Таму што, калі мы кажам пра тыя ж рынкі Кітая, Расіі, яны таксама зацікаўленыя ў развіцці сваёй асаблівай ESG-сертыфікацыі. І таму “Гродна Азот” неяк стараецца быць прадпрыемствам, якое даволі добра ставіцца да наваколля”.

 

Comments are closed.