Міжнародны лідар сертыфікацыі ў сферы лясной гаспадаркі – FSC (Forest Stewardship Council), чые знакі якасці стаяць на мэблі, вырабленай у турмах Беларусі, палітычнымі зняволенымі, з прымяненнем катаванняў, атрымаў патрабаванне расследаваць абставіны выдачы сертыфікатаў.
Праблема ў тым, што сертыфікацыя FSC адчыняе дзверы рэжыму Лукашэнкі для гандлю з ЕС, легалізуе ў Беларусі катаванні, прымяненне прымусовай працы, а гандлёвыя сеткі ЕС атрымліваюць прыбытак ад эксплуатацыі палітвязняў у Беларусі.
Што такое лясная сертыфікацыя і чаму адпаведныя дакументы атрымлівалі турмы і прадпрыемствы, звязаныя з Лукашэнкам, радыё Ўнэт пракаментавала экаактывістка і шматгадовая ўдзельніца грамадскага назірання за лясной сертыфікацыяй у Беларусі Інэса Балоціна.
Сцісла ў размове:
- Лясная сертыфікацыя – гэта кампрамісная сістэма, калі ёсць нейкія крытэрыі, нейкія абмежаванні, каб лясная гаспадарка працавала з улікам трох асноўных блокаў: інтарэсы эканомікі, інтарэсы экалогіі і патрэбы людзей.
- Сертыфікуюць увесь ланцужок, пачынаючы ад таго, як лес высякаецца і як ён можа быць перапрацаваны.
- У Беларусь сертыфікацыя прыйшла ў канцы ХХ стагоддзя. У 2006 годзе былі выдадзеныя першыя пяць групавых і індывідуальных сертыфікатаў па лесакарыстанні і ланцугу паставак 25-ці лясгасам.
- У Беларусі працавалі дзве сертыфікацыйныя кампаніі. Лясгас плаціць ім грошы, яны прыязджаюць і правяраюць, як дзейнасць лясгаса суадносіцца з крытэрыямі і патрабаваннямі, і даюць нейкія рэкамендацыі, як працаваць лепей. Калі ў лясгасе набіраецца пяць і болей значных неадпаведнасцяў, то сертыфікат можа спыніцца.
- Сертыфікаваць турмы і калоніі, дзе ўтрымліваюцца паднявольныя людзі, – гэта тое самае, што і сертыфікаваць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Гэта супярэчыць асноўным каштоўнасцям лясной сертыфікацыі. Але тады пайшлі на такі кампраміс.
- Аб тым, што ў сертыфікаваных калоніях для вырабу лясной прадукцыі выкарыстоўваюць прымусовую працу зняволеных, якая належным чынам не аплочваецца, пачалі казаць толькі пасля 2020 года, калі ў месцах несвабоды апынулася шмат палітзняволеных.
- Сертыфікацыйныя кампаніі зацікаўленыя, каб у іх былі кліенты, была праца, таму на нейкія рэчы яны заплюшчвалі вочы.
- Уся праца FSC у Беларусі спынілася толькі ў 2022 годзе, калі Беларусь абвінавацілі ў тым, што яна ўдзельнічае ў агрэсіі. І з красавіка 2022 года ўсе сертыфікаты былі прыпыненыя. Але цікава, што ў Расіі дзейнасць FSC не прыпынялася.
- Гэты адкрыты ліст – задзел на будучыню, каб такія рэчы не паўтараліся. Межы кампрамісу павінны быць азначаны дакладна. Сістэме лясной сертыфікацыі трэба зрабіць працу, каб рэабілітаваць сваю рэпутацыю.
Цалкам размову з Інэсай Балоцінай слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.