Loading

17 верасня ў Беларусі адзначалі Дзень народнага адзінства. Свята новае, у афіцыйным календары трэці год, маштабна адзначаецца толькі другі раз. Беларуская ідэалагічная вертыкаль і прапаганда цэлы тыдзень з гэтай нагоды праводзілі велапрабегі, флэшмобы, чыталі вершы, малявалі карціны і наколькі хапіла фантазіі дэманстравала еднасць, якая пасля 2020 года засталося толькі ў беларускім тэлевізары. Больш чым слова адзінства, у гэты дзень гучала хіба толькі «Польшча» і «палякі», якія «эксплуатавалі і масава знішчалі беларусаў» да 17 верасня 1939, пакуль не прыйшла Чырвоная армія-вызваліцельніца. Сёлета Дзень народнага адзінства ў беларускай прапагандзе выглядаў хутчэй як Дзень нянавісці да палякаў.

З народным адзінствам у беларускай улады пасля 2020 года складана: не ўсе беларусы ацанілі масавы разгон мірных акцый пратэста, нечалавечыя рэпрэсіі, цемрашальства ўлады і міліцыі. Пасля таго, як сотні тысяч чалавек з’ехалі за мяжу, беларускае грамадства падзялілася яшчэ і па геаграфічным складніку. Пасля таго, як Беларусь падтрымала Расію ў вайне супраць Украіны, падзел адбыўся і па ваенным пытанні. «Лідара ўсіх беларусаў» гэта не задавальняла, ён спрабаваў вярнуць на радзіму тых, хто з’ехаў, нават спецыяльную камісію па вяртанні прыдумаў, абяцаў мірнае неба тым, хто баіцца вайны, а ўсіх, хто яму не паверыў ці паверыў і вярнуўся, проста пасадзіў у турмы. Для канчатковага замацавання перамогі адзінства ўлады над беларусамі не хапала толькі свята.

9 траўня, Дзень перамогі, для такога ўсенароднага аб’яднання не падыходзіў, бо за апошнія 20 гадоў ад ваенных наратываў рэжыму стаміліся нават самыя ярыя яго прыхільнікі, на парады, шэсці і канцэрты людзей было не завабіць нават выходнымі і прэміямі. Такая ж гісторыя з Днём Незалежнасці, які Лукашэнка перанёс з сапраўднага дня ўхвалення дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, 27 ліпеня, на Дзень вызвалення Мінска, 3 ліпеня. Слухаць у чарговы прамовы, што Беларусь не нахілі і паўсюль ворагі, шмат жадаючых не было, як і спяваць гімн разам і размалёўвацца ў колеры афіцыйнага дзяржаўнага сцяга, пад якім у 2020 годзе на вуліцах Мінска расстрэльвалі людзей.

Пасля мазгавога штурму ў Адміністрацыі Лукашэнкі вырашылі прыдумаць новае свята – Дзень народнага адзінства, і адзначаць яго 17 верасня. Нагода гістарычная ёсць: у гэты дзень у 1939 годзе Заходняя Беларусь была далучана да БССР, паводле пакта Молатава-Рэбентропа. У афіцыйнай прапагандзе гэта падавалася, як вызваленне Заходняй Беларусі Чырвонай арміяй, без узгадкі пра тое, якія рэпрэсіі прынесла савецкая ўлада. Акрамя таго, беларускія ўлады не хавалі, што выбралі гэты дзень, каб пазліць палякаў, для якіх 17 верасня гэта дзень жалобы.

Паколькі свята новае, то з яго ідэалагічным складнікам пакуль атрымліваецца слаба, то бок ніхто не змог уцямна патлумачыць, хто зараз адзіны і ў чым. Таму стаўку зрабілі на гістарычную частку: пра тое, як дрэнна жылося жыхарам Заходняй Беларусі пад «польскім прыгнётам» да 1939 года, расказвалі і паказвалі без перапынку. Столькі нянавісці да палякаў, колькі гучала ў гэты дзень, пэўна ніколі не было ў беларускай інфармацыйнай прасторы. Раней такая рыторыка была толькі ў дачыненні да гітлераўскай Германіі, калі трэба было паказаць зверствы нацыстаў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Пра жахі гісторыі палякам нагадаў Лукашэнка падчас сваёй прамовы: «Хіба можна забыцца, як з гармат палілі па беларускіх вёсках, як білі беларускіх дзяцей у чужых школах, вытанчана здзекаваліся з беларусаў, расіян, украінцаў у польскім канцлагеры ў Бярозе-Картузскай?» Праўда, Лукашэнка паспрабаваў выступіць міратворцам і адзначыў, што «дзеля сяброўства з польскім народам Беларусь перайшла праз гэты боль». Ён прапанаваў суседзям жыць дружна. Па-суседску, як гэта было ў лепшыя часы нашай гісторыі». Але яго спітч на сцэне тут жа змяніўся аповедам пра тое, што палякі – палачы беларускага народа, ва ўсёй красе апісваліся здзекі ў лагеры Бяроза-Картузскай, праўда не пакідала адчуванне, што такімі ж словамі вязні ізалятара на Акрэсціна апісвалі здзекі, якія ўчынілі над людзьмі прыхільнікі Лукашэнкі ў жніўні 2020 года. Гістарычны экскурс атрымаўся з двайным сэнсам. І да таго ж адкрытым засталося пытанне: як мы далей жывём з суседзямі, бо Лукашэнка прапануе мір, яго прапаганда троху іншае, бо не паспявае за геапалітычнымі месенджамі свайго кіраўніка.

Калі беларуская ўлада і далей плануе адзначаць Дзень народнага адзінства, то варта пашукаць больш пераканаўчы ідэалагічны падмурак для гэтага свята, чым антыпольская рыторыка. Бо не зразумела, як нянавісць да Польшчы можа аб’яднаць беларусаў, дзесяткі тысяч якіх там жывуць і працуюць, а яшчэ дзесяткі тысяч перыядычна прыязджаюць. Акрамя таго, калі браць жыхароў Заходняй Беларусі – Брэсцкай і Гродзенскай абласцей – то ў іх сёння хутчэй пытанні да беларускай улады, чым да польскай, бо менавіта гэтыя рэгіёны ў 2020 годзе адзначыліся найбольш масавымі пратэстамі пасля Мінска. І, нарэшце, колькі б беларуская ўлада не змагалася з усім польскім, настаўнікі польскай мовы сёння ў Беларусі без працы не застаюцца.
Намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольгі Чупрыс у Дзень народнага адзінства заявіла, што «на нас усе глядзяць з інтарэсам, бо такіх незвычайных святаў у свеце не так шмат». Нават і не паспрачаешся. Ёсць надзея, што гэтае ўнікальнае свята, народжанае рэжымам Лукашэнкі, знікне разам з ім.

Comments are closed.