Loading

Беларусы Беластока выйшлі з транспарантамі і бел-чырвона-белымі сцягамі да падляшскай Ваяводскай управы, каб выказаць салідарнасць з палітвязнямі і папрасіць польскія ўлады аб прыпыненне грузавых чыгуначных зносін з Беларуссю. На іх думку такая  мера павінна прымусіць рэжым Лукашэнкі выпусціць усіх беларускіх палітзняволеных. Адпаведную петыцыю ад арганізатараў акцыі прыняў ваявода Падляшша Яцэк Бжазоўскі.

фота: радыё Ўнэт

Беласток стаў чарговым горадам, дзе прадстаўнікі беларускай дыяспары далучыліся да “Ультыматуму Лукашэнкі”. Гэтым разам мітынг прайшоў не на звыклым для большасці беларускіх акцый у Беластоку месцы – каля Генеральнага консульства Беларусі, а там, дзе пратэст быў больш заўважным – каля Ваяводскай управы, як прадстаўніцтва польскага ўрада ў рэгіёне. 

Актывіст беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі зачытаў тэкст просьбы да ваяводы і праз яго да польскага ўрада зрабіць дзейсныя крокі для вызвалення палітвязняў. У прыватнасці,  спыніць грузавы чыгуначны транзіт, калі беларускі дыктатар не пачне вызваляць палітычных зняволеных. 

Дыпламатычныя інструменты для вызвалення палітвязняў ужо вычарпаны і не прыносяць ніякіх вынікаў. З дыктатарамі трэба размаўляць на іх мове – мове ўльтыматумаў. Апелюем да краін Еўрапейскага саюза, перадусім да ўраду Рэспублікі Польшча аб прыняцці неадкладных крокаў з мэтай сканчэння рэспрэсій і вызвалення ўсіх палітзняволеных у Беларусі. Для гэта просім паставіць ультыматум перад рэжымам Лукашэнкі, патрабуючы ад яго неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, усіх вязняў сумлення і спынення рэпрэсій у Беларусі. Калі рэжым Лукашэнкі адмовіцца выканаць ультыматум, то прапануем часова спыніць рух грузавых цягнікоў з Беларусі праз тэрыторыю Рэспублікі Польшча, у тым ліку транзітнага руху з Расіі і Кітая да краін Еўрапейскага саюза, да таго часу, калі патрабаванне не будзе выканана“. 

 Пра сваё бачанне рашучых крокаў дзеля вызвалення палітвязняў радыё Ўнэт распавялі некаторыя ўдзельнікі акцыі.

Мы робім гэта таксама дзеля таго, каб звярнуць увагу на тую праблему, на тую гуманітарную катастрофу, якая адбываецца сёння ў Беларусі. Падзеі апошніх дзён проста паказваюць нам, наколькі жудасная сітуацыя ў беларускіх турмах і сітуацыя з палітвязнямі ўвогуле. Каб у ХХІ стагоддзі малады мужчына захварэў на цынгу, гэта трэба яго не карміць не тыдзень і не два, а некалькі месяцаў. Я не ведаю, чым ён там увогуле харчуецца. Гэта ўразіла мяне настоластолькі, што няма слоў”. 

Мы хочам, каб на нас, на беларусаў, на наша беларускае гора звярнулі ўвагу. Мы вельмі ўдзячныя Польшчы. Польшча сапраўды нам многа дапамагае, беларусам. Але мы бачым, што ў Беларусі ўсё роўна тысячы людзей, якія застаюцца ў закладніках рэжыму, і з гэтым трэба штосьці рабіць, бо людзі папросту загінуць. Ужо былі выпадкі, калі ў турмах лукашэнкаўскіх людзі гінулі. Мы не ведаем, колькі яшчэ людзей там можа загінуць, калі яны там будуць далей знаходзіцца”.

Ваявода Падляшша Яцэк Бжазоўскі спусціўся са свайго кабінета ў хол будынка. Там Ян Абадоўскі перадаў яму тэкст просьбы аб ультыматуме. Ваявода цалкам падзяліў думку аб неабходнасці падтрымкі палітвязняў як у Беларусі, так і ў Расіі, і гэтая падтрымка мусіць быць аказана з боку ўсяго дэмакратычнага свету.

Ведаем, што палітвязняў і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, і на тэрыторыі Беларусі, то бок дзяржаў недэмакратычных,  вельмі многа, і належыць поўная падтрымка з боку дэмакратычнага свету. Канешне, я прымаю гэтую петыцыю і перадам яе адпаведным органам улады ў Польшчы, перадусім міністру замежных спраў. Я ведаю вельмі добра, як гэта ёсць важна з яго пункту гледжання і ў кантэксце дзеянняў, праводзімых у накірунку Расійская Федэрацыі, а таксама Беларусі, якая не ёсць дзяржавай ні вольнай, ні дэмакратычнай.  Тое, што я магу зрабіць, зраблю і перадам гэта да адпаведных органаў улады публічнай. Там, дзе буду мець магчымасць буду падтрымліваць вас, як дыяспару. Можаце лічыць на маю поўную падтрымку”.

Comments are closed.