Loading

Павонзкі − гэта пантэон самых вядомых жыхароў Варшавы. За 230 гадоў там было пахавана каля мільёна чалавек і відавочна, што сярод іх было нямала тых, чый лёс павязаны з Беларуссю. Каханая Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант, кампазітар Станіслаў Манюшка, фатограф Ян Булгак, пісьменнік Адам Плуг і многія іншыя.

У падкасце «Топ-5» гісторык Яўген Малікаў распавядае пра выбітных асоб нашай гісторыі, што знайшлі свой спачын на варшаўскіх могілках.

1. Станіслаў Манюшка

Нарадзіўшыся пад Мінскам, свой жыццёвы шлях гэты знакаміты кампазітар завяршыў у Варшаве. Станіславу Манюшку было наканавана стаць адным з самых вядомых беларусаў і адначасова сусветна знакамітым класікам польскай оперы. З 1858 і да канца жыцця Манюшка быў дырыжорам Варшаўскай оперы і стварыў у польскай сталіцы свае самыя вядомыя шэдэўры.

2. Марыя Ямант

Каханая Кастуся Каліноўскага. Яе пахаванне знайшлі адносна нядаўна, у 2008 годзе. Пра гэтую жанчыну ведаюць усе беларускія школьнікі. Гэта пра яе − Марыську чарнаброву, галубку − пісаў у сваім вершы Кастусь Каліноўскі.

3. Чэслаў Неман

Прапаную ўзгадаць і гэтага знакамітага спевака, які паходзіў з Беларусі і нарадзіўся ў Старых Васілішках Шчучынскага раёна. У 1958 годзе сям’я музыканта пераехала ў Польшчу, дзе ён неўзабаве стаў зоркай сусветнага маштабу. Чэслаў Неман памёр у 2004 годзе. Калі пачалася цырымонія развітання, то на ўсіх радыёстанцыях краіны ўключылі яго песню Dziwny jest ten świat. Вельмі кранальны момант. Паказчык узроўню культуры і сапраўднай павагі да творчага чалавека.

4. Геранім Друцкі-Любецкі

Землеўласнік Мінскай губерні, грамадскі дзеяч. Разам з Вайніловічам і Чапскім уваходзіў у шэраг асоб, якія вельмі шмат рабілі для гаспадарчага развіцця і культуры ўсяго краю.

5. Восіп Кавалеўскі

Чалавек, які нарадзіўся ў 1800 годзе ў Вялікай Бераставіцы на Гродзеншчыне. Кавалеўскі быў удзельнікам Таварыства філаматаў і філарэтаў, за што яго саслалі ў Казань. Там ён вывучаў усходнія мовы, а пасля паехаў з экспедыцыяй у Манголію і Кітай. У тыя часы гэта было ўсё роўна, што сёння паляцець на Марс. Пасля рэктарства ў Казанскім універсітэце, Кавалеўскі прыехаў у Польшчу і паспяхова працаваў у Варшаўскім універсітэце, быў яго прафесарам. Жыццё Восіпа Кавалеўскага − гэта вельмі добры прыклад для сучасных беларусаў. Як бы не складвалася жыццё, трэба знаходзіць магчымасці дасягаць сваіх поспехаў і збіраць свае зоркі!

Comments are closed.