Loading

У нядзелю ў Вільні завяршыўся тыдзень беларускай культуры. Старадаўнія рэцэпты, роспіс па шкле, гістарычны квэст, беларускія нячысцікі – пра ўсё гэта расказвалі, паказвалі, а некаторыя рэчы можна было і зрабіць самому. Цэнтральнай падзеяй тыдня стаў суботні кірмаш, на які беларусы з’ехаліся з розных краін.

«Месцам сустрэчы сяброў пасля доўгага летняга адпачынку» назвала адна з арганізатарак Ніка беларускі кірмаш, які прайшоў на падворку Беларускага дома ў Вільні. Тут можна было ўбачыць, пакаштаваць і набыць рэчы, пра якія папярэднія сем дзён расказвалі падчас Тыдня беларускай культуры.

«Была такая ідэя, каб кожны дзень тыдня рэпрэзентаваў асобны аспект беларускай культуры. Былі дні шляхетнай культуры, дні, прысвечаныя музыцы і літаратуры. Сёння ў нас кірмаш, які мы арганізуем з нашымі сябрамі з розных краін. Хтосьці прыехаў з Польшчы, хтосьці з Грузіі. Тут ёсць літоўцы, украінцы – то бок такая вялізная кампанія. У нас кірмаш майстроў, вулічная ежа з суперсмачнымі сінабонамі, якія ўжо фактычна з’елі. Пакрысе пачынаецца канцэрт».

Цішоткі, лялькі, упрыгажэнні, прысмакі – у нацыянальных колерах і з беларускай сімволікай – прывозілі з розных краін. Андрэй Мялешка да прыкладу свае вырабы вёз ажно з Грузіі.

«Я прыехаў сюды як прадстаўнік першай у Батумі афлайн-крамы batumiby.ge. Гэта крама, якая гандлюе беларускай і ўкраінскай сімволікай у нас у Батумі. І мы прывезлі сюды тое, што мы робім у нашай майстэрні вышыванак і прымаем заказы, бо ўжо ёсць 20-30 заказаў, каб прама з Грузіі мы высылалі сюды, у Вільню. У мяне купляюць у асноўным значкі і нашыўкі. Але я ўражаны, што кнігі беларускіх аўтараў разыходзяцца як гарачыя піражкі. Мае суседзі па кірмашы гандлююць кнігамі, так кожныя 2-3 хвіліны да іх падыходзяць людзі і штосьці купляюць».

Беларускімі кнігамі зацікавіліся і мы, падышлі да Антона, які стаяў за прылаўкам і кансультаваў пакупнікоў.

«Мы прадстаўляем краму «Гартайка», якая працуе ў Вільні амаль год. У нас ёсць кніжкі з выдавецтваў Польшчы, Чэхіі і Беларусі. Абсалютны бэстселер у нашай краме – гэта «Маленькі прынц». А менавіта сёння самая папулярная кніжка «Па што ідзеш воўча?» Евы Вежнавец. Дадаткова прывозілі яе з нашага склада. І вельмі хутка размялі сёння Бахарэвіча. Вельмі ўразіла, што сёння падышлі амерыканцы, яны знайшлі адзіную кніжку, якая была ў мяне на ангельскай мове, гэта кніжка пра беларускую касмалогію. Яны яе набылі і пашкадавалі, што мала кніжак пра Беларусь выходзіць па-ангельску».

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Кніжная крама „Гартайка” (@hartajka)

Каб наведвальнікі кірмашу не засумавалі, для іх падрыхтавалі музычную частку на самы розны густ: ад народных спеваў да класічнай музыкі. Хэдлайнерам вечаровага канцэрта стаў Аляксандр Памідораў, які спецыяльна прыехаў з Польшчы паўдзельнічаць у Тыдні беларускай культуры.

«Будуць нейкія хіты, але гэта не будзе разважная нейкая праграма. Можа нават некаторыя змрочныя рэчы будуць, але нікога ў такім прыемным месцы, на свежым паветры ў прыемнай кампаніі ў чорныя думкі я заводзіць не збіраюся. Я планаваў скончыць летнія ўсе выезды фестывалем «Грай» у Варшаве, але 28-ага я выступаў тут і мне сказалі: хадзем падпішам паперы, тут у нас тыдзень беларускай культуры. Ёсць прапанова на восень ці на пачатак зімы зноў выступаць у Вільні».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.