8 і 9 кастрычніка ў Польскім тэатры Незалежная тэатральная трупа «Купалаўцы» дае прэм’еру — спектакль «Рамантыка» паводле Адама Міцкевіча. Рэжысёр пастаноўкі — Мікалай Пінігін. На сцэне занятыя зоркі беларускай сцэны — Алег Гарбуз, Святлана Зелянкоўская, Зоя Белахвосцік, Сяргей Чуб, Валянціна Гарцуева і многія іншыя. Тэатральная менеджарка «Купалаўцаў» Вольга Кулікоўская распавядае пра закуліснае жыццё, настрой і творчыя планы трупы.
— Цяжка дамовіцца, каб паставіць прэм’еру ў тэатры ў Польшчы? Наколькі добра прадаюцца квіткі?
— Нам вельмі падабаецца працаваць і ладзіць выступы ў Польшчы! У які б горад мы ні прыехалі, гэта заўжды солд-аўт, квіткі разыходзяцца вельмі хутка. Канкрэтна гэты праект — прапанова Польскага тэатра, але ёсць і тэатры, куды мы прыходзім самі. І наконт таго, ці прададуцца квіткі, сумневаў ніколі не было.
— Як вы адчуваеце прастору, у якой працуеце над прэм’ерай? Які настрой у трупы?
— Акторы, канешне, былі вельмі шчаслівыя трапіць у натуральны тэатральны асяродак, бо, на жаль, жывыя выступы ў нас зараз нячастыя. Мы ў нейкі момант адчулі, што стаміліся казаць толькі пра крызіс. Вядома, што немагчыма пра гэта не разважаць, але мы пачалі задаваць сабе пытанне — хіба больш нічога няма? Ёсць жа нейкія рэчы, якія даюць сілы. Усім хацелася нейкай натхняльнай, рамантычнай гісторыі, усе пра гэта казалі. І вось з’явіўся гэты праект, і мы зразумелі: надышоў час зрабіць такую шчырую, кранальную гісторыю.
— Акрамя жывых выступаў, «Купалаўцы» вядуць YouTube-канал. Ці ўтульна вам у анлайне?
— Відэаздымкі, праца з YouTube — справа не зусім тэатральная, але нашай мэтай было і застаецца, каб была камунікацыя з гледачом, які ў Беларусі. Таму зараз усе нашыя праекты пачынаюцца з думкі, як мы гэта адаптуем, калі відэаверсія з’явіцца на нашым YouTube.
— Раскажыце, як здымалася адна з апошніх работ трупы, «Голас» на вершы Алеся Разанава.
— Ва Украіне, у 2021 годзе, на гары Гемба. Хаця мы шмат спрачаліся паміж сабой, маўляў, пры чым горы да беларускага паэта? Але як яны «пасуюць» паэзіі Разанава, як адгукаюцца на яго радкі! Перад тым, як апублікаваць гэтую работу, мы глядзелі яе нібыта ў першы раз, і заўважылі вельмі шмат іншых акцэнтаў у тэкстах.
— Ваша задача як менеджаркі найперш мацаваць беларускую культуру сярод беларусаў ці прасоўваць сярод палякаў? І ці можна знайсці паміж гэтым нейкі баланс?
— Мяркую, трэба абіраць штосьці адно. Ёсць мастакі, якія прадстаўляюць нашую краіну на знешні бок. Яны не моцна дбаюць пра сувязь з беларускім гледачом, але робяць важную справу, прасоўваючы беларускую культуру. Нашая мэта іншая — нам найперш важна захоўваць сувязь з беларускім гледачом.
— Распавядзіце пра свой асабісты досвед працы з «Купалаўцамі». Якія змены вы адчуваеце за гэтыя два гады?
— Тэатр — гэта такі сусвет чалавечых зносін. Няпроста, але вельмі цікава! Увесь іншы свет, акрамя мастацтва, працуе паводле іншых правілаў.
Раней, калі мы былі дзяржаўнай установай, была жорсткая іерархія: кожны робіць сваю працу. Акторы, адміністрацыя, рэжысёр — самы галоўны. Зараз жа мы падобныя да стартапу — кожны робіць усё. Акторы з задавальненнем абмяркоўваюць пасты ў сацсетках, вырашаюць, якога рэжысёра запрасіць да супрацы. Склад трупы змяняецца, і гэта нармальна, бо мы не можам прапанаваць такую нагрузку, каб чалавек увогуле не задумваўся пра іншую працу. «Купалаўцы» сапраўды існуюць незалежна, у нас няма ніякіх пастаянных мецэнатаў ці палітычных фондаў, з якімі б мы працавалі.
— Ці будзе ў нас яшчэ магчымасць пабачыць «Купалаўцаў» на тэатральнай сцэне да канца года?
— Так, адразу пасля прэм’еры ў Варшаве мы едзем у Беласток з іншым спектаклем. 12 кастрычніка там адбудзецца фестываль «Накірунак: Усход», дзе трупа пакажа «Гусі-Людзі-Лебедзі» па раману Альгерда Бахарэвіча ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева. Спадзяюся, што да канца года паспеем зрабіць прэм’еру ў Беластоку з рэжысёрам Андрэем Саўчанкам. Аляксандр Гарцуеў таксама працуе яшчэ над адным спектаклем, прэм’ера плануецца ва Уроцлаве.
Comments are closed.