Loading

“Індэкс рэзіліентнасці”, то бок індэкс устойлівасці Беларусі за 2023 года прадставіў  Цэнтр новых ідэй. Паводле даследавання, па ўсіх асноўных паказчыках жыцця наша краіна знаходзіцца ў крызісе, але прагнозы і чаканне апакаліпсіса не спраўдзіліся, асабліва гэта тычыцца эканамічнай сферы.  

Для складання гадавога “Індэкса рэзіліентнасці”, які ўжо ў трэці раз прадставіў Цэнтр новых ідэй, сацыёлагі апыталі 45 беларускіх экспертаў з такіх сфер, як палітыка, эканоміка, соцыум, інфармацыйная сфера і ўзброеныя сілы. Вызначаны сферы, дзе Беларусь з’яўляецца найбольш уразлівай і найбольш рэзіліентнай, то бок здольнай пераадольваць крызісы, адаптавацца да іх наступстваў і развівацца. 

фота: скрын з прэзентацыі ЦНІ

Кожная сфера, а таксама напрамкі ў іх ацэньваліся па шкале ад -5 (самый горшы паказчык, які сведчыць аб максімальным крызісным стане) да +5 (самы лепшы, які акрэслівае ідэальнае развіццё і адкрытасць краіны). 0 – гэта стагнацыя, калі няма ні паляпшэння, ні пагаршэння. 

Для Беларусі ацэнкі кожнай са сфер знаходзяцца ў адмоўным полі. Цалкам па рэзіліентнасці краіна яшчэ не дасягнула нават ўзроўню 2021 года, калі пачаліся даследаванні гэтага паказчыка ў ЦНІ.  

Паводле старшага навуковага супрацоўніка ЦНІ Генадзя Коршунава, 2022 год быў годам чакання апакаліпсіса, які насамрэч не здарыўся і ў 2023. Гэта адбілася не толькі на грамадскім меркаванні, але і на экспертнай ацэнцы.  Сфера эканомікі, як і ўсе астатнія, знаходзіцца ў крызісным стане, але тут самая станоўчая дынаміка.           

“Калі я кажу, што стан стаў крыху лепшы, гэта не значыць, што ён стаў добры. Проста ён, напрыклад, са стану калапса перайшоў у крытычны стан. Альбо з крытычнага ў больш такі лагодны крызісны стан. І ў гэтым сэнсе і эканоміка застаецца ў крызісным стане, і эканамічная база, і рэсурсы для развіцця”

 

Сфера палітыкі, як і раней, застаецца самай праблемнай, і мае найгоршыя ацэнкі. Пры гэтым найбольш станоўчая дынаміка ў знешняй палітыцы, а ўнутраная ўсё яшчэ ў стане блізкім да калапсу.  

Самую высокую ацэнку экспертаў, як і ў мінулым годзе атрымала сфера соцыума.Тут адзіны напрамак, які працягвае мець станоўчыя ацэнкі, – дыяспара. Самымі праблемнымі з’яўляюцца адносіны грамадства і дзяржавы, і яны працягваюць пагаршацца. 

фота: скрын з даследавання ЦНІ

Ацэнкі інфармацыйнай сферы практычна не змяніліся. Станоўчыя паказчыкі атрымліваюць у ёй інфраструктурныя ўмовы, а вось умовы для працы медыя прызнаюцца фактычна немагчымымі.

Што ж тычыцца сферы ўзброеных сіл, якую сацыёлагі ўвялі ў свае даследванні з 2022 года і называюць дадатковай, то там таксама ўсё засталося на папярэднім узроўні з нязначным негатыўным дрэйфам.

Дырэктар ЦНІ Леся Руднік, падсумоўваючы даследаванне, назвала асноўныя фактары крызісу для Беларусі: палітычны ціск на любыя праявы іншадумства, падтрымка ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, узмацненне эканамічнай і энергетычнай залежнасці ад Расіі. 

“Калі казаць коратка пра эканоміку, то эксперты звярталі ўвагу на тое, што развіваюцца яшчэ больш камандна-адміністрацыйныя метады кіравання, узмацняецца манаполія дзяржаўнага сектра. Таксама трэнд, які павялічваецца, гэта трэнд залежнасці ад Расіі, як ад галоўнага партнёра ў першую чаргу, а гэта замінае дыверсіфікацыі экспартнага рынку. Ну і з гэтай эканамічнай залежнасці ад Расіі выходзіць тое, што эканамічныя рызыкі Расіі, па сутнасці, становяцца эканамічнымі рызыкамі Беларусі”.

                              

 

Comments are closed.