Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) пачала працу над дакументаваннем злачынстваў прапаганды лукашэнкаўскага рэжыму. Сябры Прававога цэнтра арганізацыі даследуюць выказванні праўладных прапагандыстаў у СМІ, якія заклікаюць, у прыватнасці, да дыскрымінацыі, нянавісці, а часам гвалту ў адносінах да апанентаў рэжыму. Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў распавёў радыё Ўнэт пра адпаведную дзейнасць і магчымасць прыцягнення прапагандыстаў да адказнасці.
Сцісла ў размове:
- Дакументаванне робіцца ў партнёрстве з іншымі арганізацыямі. Яго мэта – зафіксаваць злачынствы, прадугледжаныя дзеючым Крымінальным кодэксам і міжнародным правам. Адсочваюцца выпадкі па двух артыкулах Крымінальнага кодексу, а таксама кваліфікуемыя міжнародным правам злачынствы злоўжывання свабодай выказвання.
- Распрацавана спецыяльная метадалогія для такіх кейсаў. Таксама ўважліва адсочваюцца стандарты журналістыкі, якім ужо амаль не адпавядаюць беларускія сродкі дзяржаўнай прапаганды.
- З зафіксаваных ужо выпадкаў большую частку складае распальванне варожасці. Прапаганда выдзяляе групу людзей, якія адрозніваюцца па палітычнай прыкмеце, знаходзяцца ў апазіцыі да ўлады. Да гэтых людзей і распальваецца варожасць, і нават робяцца заклікі да нейкіх гвалтоўных дзеянняў супраць іх.
- Прапагандысты ажыццяўляюць напад на грамадскі інтарэс па негвалтоўным спажыванні інфармацыі. Адрасатам гэтых злачынстваў ёсць усё беларускае грамадства, а не нейкая канкрэтная фізічная асоба.
- Пакуль фіксуецца сам факт злачынства і тыя, хто ў гэтым злачынстве ўдзельнічае. Гэта можа быць не толькі ўласна прапагандыст, але і іншыя датычныя асобы.
- Адказнасць за такія злачынствы прадугледжана ў Крымінальным кодэксе, але цяперашнія беларускія суды няздольныя разгледзіць гэтыя справы. Гэта будзе ўжо задачай судоў Новай Беларусі.
- Злачынствы, якія закранаюць міжнароднае права, могуць быць разледжаны па ўніверсальнай юрысдыкцыі. Калі адначасова будуць разглядацца таксама справы палітыкаў, то магчыма стварэнне адмысловых трыбуналаў, як напрыклад, па былой Югаславіі ці Руандзе. Аднак пакуль гэта толькі разважанні.
Comments are closed.