Loading

Аператыўна-аналітычны цэнтр 3 студзеня пазбавіў Беларускую асацыяцыю журналістаў даменнага імя  Baj.by. Кіраўніцтва арганізацыі расцаніла гэтыя дзеянні як рэйдарскі захоп і разглядае магчымасць звярнуцца ў міжнародныя інстанцыі.  Сітуацыю нам пракаментавалі намеснікі старшыні БАЖ  Алег Агееў і Барыс Гарэцкі.

Барыс Гарэцкі: З мінулай вясны беларускія ўлады пачалі адбіраць у беларускіх незалежных медыя даменныя імёны. Гэта відавочнае рабаванне, бо гэтыя імёны былі набыты ў адпаведнасці  і належаць, у нашым выпадку – нам, у выпадку з іншымі выданнямі – іншым.  

Пасля таго, як мы выступілі з заявай наконт Форуму па кіраванні інтэрнэтам, бо мы лічым, што ніякага форуму ў Беларусі сёння не можа праводзіцца, бо грамадства фактычна не можа ўдзельнічаць у гэтым форуме. Адразу пасля гэтай заявы улады пачалі патрабаваць ад уласніка нашага даменнага імя фізічна прыйсці ў офіс кампаніі-рэгістратара. Гэта не адпавядае ніякім патрабаванням. У палажэнні, распрацаваным ААЦ няма ніякага патрабавання з’яўляцца фізічна, бо ўласнікамі даменаў у зоне .by могуць быць і замежныя кампаніі, і замежныя грамадзяне. І ніякіх візітаў не прадугледжваецца. Але тут права працуе так, як і ў іншых накірунках права ў Беларусі. 

28 снежня мы атрымалі рашэнне аб, гэта называецца, раздэлегаванне – то бок, аб адабранні ў нас нашага даменнага імя. І сёння, я так разумею, яны яго рэалізавалі. Фактычна, у нас проста «адціснулі» наш аб’ект уласнасці. Бо ў нас ёсць сертыфікат, паводле якога даменнае імя належыць нашаму намесніку старшыні Алегу Агееву. Гэты сертыфікат пацвярджае, што гэта наша ўласнасць. 

Большасць выданняў ужо перайшлі на міжнародныя даменныя імёны. Мы не пераходзілі да вясны мінулага года, бо мы 20 гадоў на гэтым дамене, мы –  беларусы, мы з Беларусі, таму для нас было важна захоўваць сваю ідэнтычнасць у зоне by.  Але з траўня мінулага года, калі сталі такія выпадкі з’яўляцца, мы, канешне, стварылі паралельны сайт  baj.media

 

Алег Агееў: Мы спрабавалі абскарджваць па ранейшых такіх жа выпадкахх адабрання імёнаў у іншых уладальнікаў, але мы ведаем, як разглядаюць скаргі ў Беларусі. На жаль, у Беларусі эфектыўных механізмаў бараніць свае правы ўвогуле не існуе. Тыя органы, якія павінны сачыць за выкананнем заканадаўства і забеспячэння правоў грамадзян фактычна з’яўляюцца проста карнымі органамі і не разглядаюць па сутнасці такія скаргі. Мы атрымлівалі адказы, што ўсё па законе і ўсё. Таму, на жаль, прававых механізмаў, каб сябе абараніць, у Беларусі не існуе.

Мы будзем спрабаваць паказаць, што адбываецца ў Беларусі, як пазбаўляюць фактычна правоў на даменныя імёны. Baj.by даменнае імя, якое працавала некалькі дзесяцігоддзяў і ўлічваючы, колькі рэсурсаў было ўкладзена ў яго раскрутку, мы пакажам міжнароднай інстанцыі, якая ажыццяўляе рэгуляванне інтэрнэта, што робяць беларускія ўлады, як ігнаруюць свае абавязацельствы ў галіне кіравання інтэрнэтам. Адна з прапановаў, якую мы раілі б зрабіць міжнародным органам па кіраванні інтэрнэтам, гэта пазбавіць права адміністравання інтэрнэту беларускія улады.

Comments are closed.