Loading

Арт-аб’екты з выявай паэта Анатоля Сыса аўтарства падляшскага мастака і музыканта Юркі Асенніка з’явіліся на некаторых будынках у Беластоку, Бельску-Падляшскім, Гайнаўцы і вёсцы Белавежы. Працы рэалізуюцца ў межах праекта «Пан Лес», прысвечанаму беларускаму літаратару.

Усе выявы, якія стварае ў гонар знакамітага паэта Юрка Асеннік, дарэчы, удзельнік былога беларускага падляшскага гурта «Zero-85», вельмі падобныя адна на адну. На ўсіх іх можна пабачыць адзін і той жа вобраз Анатоля Сыса. Адрозніваецца толькі колер выявы, а таксама надпіс – яго можа не быць, можа змяшчаць толькі адзін радок з верша, а можа цэлы верш. Мастак лічыць, што творчасць Сыса вельмі недаацэненая, і гэта, у тым ліку, падштурхнула яго да стварэння такіх трафарэтаў, як ён называе свае арт-аб’екты. А яны ў сваю чаргу ёсць часткай праекта, па выніках якога, у прыватнасці, мусіць з’явіцца кампакт-дыск з песнямі на вершы Сыса.

«Лічу яго паэтам праз вялікую літару «П». Караткевіч і Сыс. Ну а пасля, каб нікога не абразіць, Барадулін, Амнепадыстаў, Адам Глобус. Але ў Сыса кожны радок, кожнае слова як жывіца, як мёд, там усё на месцы, там няма нічога выпадковага, няма дрэнных вершаў. Там усё проста алмаз. Адкуль гэта пачалося? Першае «Басовішча», Кася Камоцкая праспявала «Краты», там яшчэ іншыя тэксты ў яе былі, «Белая лебедзь». Я зацікавіўся. Першы томік яго вершаў патрапіў у рукі, другі. У гурце «Zero-85» мы зрабілі дзве песні да яго тэкстаў «Лекі» і «Скарпіён». Тут называецца не «Скарпіён», а «Мой сад». Ідэя рабіць нешта болей ужо нараджалася доўгія гады. Трэба было пераварыць гэта ўсё, а ў мінулым годзе, калі пісалі альбом «Мініяцюры» разам з Міхалам Яцашкам і Сяргеем Краўчанка да тэкстаў Сакрата Яновіча, і ўжо хацелася нешта болей. Тут такая меланхолія, настальгія, чыстая такая паэзія, такая як у «Мініяцюры», але мы з Сяргеем Краўчанкам дайшлі да разумення, што патрабуем нейкай формы больш жорсткай, больш натыўнай, больш крынічнай, больш чыстай. Такі час прыйшоў, такія абставіны на свеце, што з-за кліматычнай катастрофы, з-за крызісу, з-за гэтых усіх каранавірусаў, з-за гэтых маскалёў, з-за ўсяго таго… Надакучыла! Хочацца ў лес. І Сыс тут быў вельмі натуральны, ён прыйшоў у той момант і там усё – там крыніцы, там агмень і лес. У Сыса ўся творчасць прасякнута пахам лесу і водарам агню. Гэта такія нашы крыніцы. Беларусы гэта, здаецца, адзіны народ у Еўропе, які захаваў нейкую сумесь хрысціянства і паганства.

Я ўжо некалькі разоў пры гэтых месцах, дзе маляваў выяву Анатоля, спыняўся, глядзеў на адлегласці, як людзі спыняюцца, чытаюць. Я ўжо з некалькімі людзьмі размаўляў. Адна бабуля зрабіла здымак, і я падыходжу: «Што, падабаецца?». Яна кажа, так, але цікава, што тут напісана па-ўкраінску ці па-расійску. Кажу, што па-беларуску і распавядаю, хто намаляваны. Думаю, таму гэтыя трафарэты патрэбны, каб нехта на вуліцы, ідучы на працу ці дамоў вяртаючыся з працы ці са школы, спыніўся, прачытаў».

Паводле спадара Юркі, у праекце акрамя запісанага кампакт-дыска, будзе яшчэ кніга з вершамі і вінілавыя плыты. Завяршыць праект плануецца ўвосень 2024 года. Прэзентацыя запланавана ў гарадах Польшчы.

Comments are closed.