Loading

Як ставяцца да вайны ў Беларусі, Украіне, Малдове і Расіі і якім чынам змяняюцца адносіны грамадзян гэтых краін да падзей і да ўдзельнікаў канфлікту, непасрэдных і ўскосных? Сацыёлагі прадставілі вынікі апошніх апытанняў на 10-ым Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Лічбы паказваюць, што беларусы па-ранейшаму не лічаць сябе ўдзельнікамі вайны, расіяне на фоне мабілізацыі пачынаюць больш крытычна ставіцца да ваеннай аперацыі, украінцы разабраліся, хто ёсць хто ў беларускай палітыцы, а малдаване ў сваёй большасці выступаюць за ваенны нейтралітэт.

Першымі на кангрэсе прадстаўлялі вынікі даследавання прадстаўнікі расійскага «Левада-цэнтра», таму і мы пачнем з іх даных. Апытанне праводзілася з 22 па 28 верасня, закрануўшы толькі самы пачатак мабілізацыі. Па ацэнцы кіраўніка «Левада-цэнтра» Льва Гудкова ўзровень падтрымкі дзеянняў Расіі ва Украіне застаецца стабільна высокім.

Леў Гудкоў. Крыніца: levada.ru

За сем месяцаў вайны пуцінскага рэжыма ва Украіне мы фіксуем надзвычайна высокую ступень ўстойлівасці падтрымкі гэтай вайны. Максімум прыходзіцца на сакавік, калі дзеянні ўлады адабралі 80% апытаных расіян, мінімум — у верасні, пасля абвяшчэння так званай «частковай мабілізацыі», калі ўзровень адабрэння знізіўся да 72%.

Слайд: levada.ru

Устойлівасць гэтых паказчыкаў, па словах Льва Гудкова, звязана з татальнай зачысткай медыяпрасторы. У Расіі зараз поўная забарона альтэрнатыўных каналаў інфармацыі, закрыта больш за  200 інтэрнэт-парталаў, ідзе выцісканне журналістаў за мяжу. Толькі 7-10% расіян у стане абыходзіць цэнзуру. Абсалютная большасць расіян інфармацыю пра вайну атрымлівае з прапаганды.  

Па апошніх дадзеных «Левада-цэнтра», у верасні знізілася доля тых, хто лічыць, што «спецыяльная ваенная аперацыя» ідзе паспяхова. Калі ў траўні такіх было 73%, то ў верасні — 53%. Меркаванні расіян наконт міра ці вайны падзяліліся практычна напалову: 48% выбіраюць працягваць вайну, 44% — выступаюць за мір. Яшчэ 8% не вызначыліся. Дзве трэці апытаных апасаюцца, што з-за баявых дзеянняў ва Украіне будзе абвешчана ўсеагульная мабілізацыя. У лютым, адразу пасля аб’явы аб пачатку «спецаперацыі», такія асцярогі выказвалі 28% рэспандэнтаў — гэта ў два разы менш. Як лічыць дырэктар «Левада-цэнтра»,  мабілізацыя будзе зніжаць падтрымку вайны ў грамадстве, і адносіны да ваенных падзей зменяцца. 

47% расіян згодна з вераснёўскім апытаннем адчувае трывогу, жах, шок, абурэнне і гэтак далей. Менавіта таму, што ход гісторыі перавёў вайну са сферы сімвалічнай да сферы, якая непасрэдна тычыцца сям’і кожнага чалавека. І гэта, як мне здаецца, пачатак эрозіі легітымнасці, эрозіі падтрымкі вайны. Але мы знаходзімся толькі на пачатку шляху. 

Слайд: levada.ru

Замеры настрояў беларусаў на тэму вайны праводзіць «Беларуская аналітычная майстэрня». Вынікі апошняга, трэцяга па ліку, за верасень прадставіў доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі. Мінулыя такія замеры беларускай грамадскай думкі праводзіліся ў сакавіку і чэрвені. Апошнія лічбы паказваюць, што  абсалютная большасць беларусаў — больш за 80% — адмоўна ставіцца да ўвядзення беларускіх войскаў ва Украіну, больш за палову выказваецца супраць выкарыстання Расіяй нашай тэрыторыі і ваеннай інфраструктуры, больш за 60% па-ранейшаму лічыць, што Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай вайны.  

Андрэй Вардамацкі. Крыніца: belgazeta.by

Самавызначэнне па гэтым пытанні адбылося ў беларусаў адразу, яшчэ ў лютым, і з таго часу лічбы фактычна не змяняюцца. 

Прыблізна пароўну падзяліліся меркаванні беларусаў, каму яны спачуваюць у гэтым канфлікце, прычым колькасць тых, хто спачувае Расіі, з моманту апошняга апытання нязначна ўзрасла, як і колькасць тых, хто адабрае дзеянні расіян, але ўсё роўна іх менш, чым тых, хто не адабрае.  

Фота: Радыё Ўнэт.

Гэта сведчыць пра тое, што расійскі наратыў, расійская інтэрпрэтацыя падзей гэтай вайны не проста даходзіць да беларусаў, але і пранікае ў грамадскую думку. Гэта звязана і з медыйнай сітуацыяй: беларускія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі даводзяць інфармацыю, якая практычна супадае з расійскай прапагандай. І гэта вялікі чэлендж для беларускіх незалежных СМІ. 

Гэтае ж апытанне паказала, што пасля 24 лютага адносіны ўкраінцаў да беларусаў  пагоршыліся, 68% рэспандэнтаў дало такую ацэнку.  

Украінскія апытанні сведчаць, што там пакрысе пачалі разбірацца ў беларускім пытанні. Па даных намесніка дырэктара кіеўскага агенцтва InfoSapiens Іны Валасевіч, 54% украінцаў прытрымліваюцца думкі аб неабходнасці супрацоўнічаць з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй. Пераважная большасць — 83% — упэўненыя, што Лукашэнка «не адказвае на законны выбар беларусаў». Многія, паводле слоў Валасевіч, захоўваюць станоўчыя адносіны да беларусаў, таму што «яны змагаліся супраць Лукашэнкі», у адрозненне ад расіян, якія «сур’ёзна не выступалі супраць Пуціна».

Як успрымаюць вайну грамадзяне Малдовы? Вынікі адпаведнага даследавання абмеркавалі з кіраўніком сацыялагічнай кампаніі CBS Research Васілем  Кантаржы.  

Фота: Радыё Ўнэт.

— Нават вайна не пераадолела інфармацыйны падзел малдаўскага грамадства. У нас існуюць дзве вялікія групы: працэнтная большасць, якая атрымлівае інфармацыю з румынамоўных ці нацыянальных крыніц, і рускамоўная меншасць, якая практычна цалкам знаходзіцца ў інфармацыйнай прасторы Расіі. І зразумела, што ацэнка таго, што адбываецца ва Украіне, грунтуецца на гэтай інфармацыйнай рэальнасці. Але трэба разумець, што час праходзіць і погляды таксама мяняюцца. Можам ахарактэрызаваць ужо дакладна тры этапы ўспрыняцця ўкраінскіх падзей.  Першы, кароткі — гэта шок і кансалідацыя «вакол сцяга», калі мы зафіксавалі рэзкі скачок даверу і падтрымку ўлад, якая да гэтага часу падала, і рэзкае зніжэнне  даверу да Расіі і Ўладзіміра Пуціна. 

Фота: Радыё Ўнэт.

Другая інфармацыйная нагода — мігранты. Малдове прыйшлося сутыкнуцца і справіцца з вялікай колькасцю людзей, якія да нас прыбывалі. Кансалідацыя грамадства была неймаверная.    

Калі стала зразумела, што ваенныя дзеянні не перакінуцца на Малдову, трэнды зноў пераключыліся на ўнутраныя: крытычныя адносіны да ўлады, рост цэн, унутраныя праблемы і т.д. 

У Малдовы ёсць Прыднястроўе, ці грамадзяне краіны бачаць пагрозы з боку ці адносна гэтай тэрыторыі?

Мы задавалі такое пытанне, і больш за 80% рэспандэнтаў у сакавіку былі ўпэўнены, што верагоднасць уцягнення Малдовы ў гэтую вайну вельмі вялікая. Прычым гэтыя 80% дзяліліся на дзве роўныя групы адносна таго, у якой форме краіна можа быць уцягнута: палова казала, што гэта будзе непасрэдны напад Расіі, другая палова бачыла гэта як напад Прыднястроўя на Правабярэжжа, бо афіцыйна на тэрыторыі Прыднястроўя знаходзіцца абмежаваная групоўка расійскіх войск. 

А ці даследавалі вы грамадскае меркаванне на тэму нейтральнага статусу Малдовы?  

Малдова да гэтага часу з’яўляецца дзяржавай нейтральнай, хоць, на маю думку, гэта нам нічым не дапаможа, калі расійскія войскі дойдуць да нашых меж. Але ў сілу цэлага шэрагу прычын, гэта безвыходнае становішча. Улады Малдовы адносна гэтага канфлікту абвясцілі некалькі сваіх дакладных пазіцый. Па-першае, мы безумоўна на баку Украіны, падтрымліваем яе і не прызнаем вынікі апошніх псеўдарэферэндумаў, лічым Крым украінскім. Па-другое, Малдова аб’явіла аб сваёй гуманітарнай падтрымцы для Украіны. Трэцяе, Малдова абвясціла, што мы не далучаемся да антырасійскіх санкцый, і захоўваем нейтралітэт у ваенным плане. Праўда, Малдове, нават калі аб’яўляць санкцыі, проста няма чым укалоць Расію. Выкананне ваеннага нейтралітэту знайшло шырокую падтрымку сярод грамадства — больш за 80% апраўдалі такую пазіцыю. 

Comments are closed.