Loading

Карныя органы ў Беларусі 23 студзеня цягам усяго дня праводзілі ператрусы і затрыманні сваякоў палітзняволеных і саміх палітвязняў. Як паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”, станам на 21.00 праваабаронцам вядомыя прозвішчы 84 чалавек, у якіх правялі ператрус, альбо якіх затрымалі. 

Сілавікі ў адным са сваіх каналаў паведамілі, што яны нібыта атрымалі доступ да спісаў людзей, якія данацілі ў фонд салідарнасці BySol. Яны паказалі скрыншот нейкай табліцы з прозвішчамі людзей, сумамі данатаў і датамі. Напярэдадні кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак паведамляў  пра “самую моцную і прафесійную” кібератаку, на сайт BySol. Мы папрасілі Андрэя Стрыжака пракаментаваць сітуацыю.

На мой погляд, сама па сабе думка, што можна “прэсануць” сваякоў палітвязняў, якія ўжо сядзяць, дастаткова бесчалавечная. Гэта новы стандарт, новае вымярэнне бесчалавечнасці беларускіх сілавікоў. Бо, зразумела, што, калі ты садзіш у турму сваяка палітвязня, які і перадачы можа перадаць, і лекі нейкія перадаць чалавеку, які за кратамі, то ты фактычна пазбаўляеш палітвязня адзінай магчымасці атрымання вось такой дапамогі. 

Ну, канешне, гэта ўсё лірыка для нашых…, дакладней, не нашых, мянтоў. І тут абсалютна зразумелая сітуацыя, што для іх няма ніяіх маральных законаў. Але, калі вярнуцца да нейкай факталогіі, якая яшчэ вядомая, вядома, што спрабуюць знайсці людзей, якія атрымлівалі дапамогу ў тым ліку ад  BySol, ад ByHelp, ад IneedHelpBy, і спрабуюць знайсці нейкія факты ў выглядзе перапісак альбо яшчэ нейкіх артэфактаў. 

Я разумею, што заўсёды такая велізарная кампанія па пераследу людзей цягне за сабой яшчэ іншыя і іншыя праблемы. Таму што шмат хто з людзей не прытрымліваецца інфармацыйнай гігіены, бяспекі дадзеных, захоўвае на дэвайсах нейкія кампраметуючыя іх матэрыялы, якія па сёняшнім часе ў Беларусі могуць быць прызнаныя альбо экстрэмісцкімі, альбо яшчэ нейкімі, якія цягнуць за сабой крымінальны пераслед. 

Я разумею і бачу, што ў наступныя дні мы пачуем шмат сумных гісторый. Такіх, як, напрыклад. затрыманне Марыны Адамовіч. Можа быць яшчэ хтосьці з такіх знакавых сваякоў палітвязняў таксама апынецца за кратамі. На жаль, гэта тая рэальнасць, у якой мы сёння жывем. 

Учора вы паведамлялі пра моцную кібератаку на ваш сайт. Пра атакі ўчора паведамілі і некалькі іншых фондаў. Ці могуць быць звязаныя гэтыя падзеі – учорашнія кібератакі і цяперашнія аблавы?

Так! Я павязваю паміж сабой гэтыя факты. Я бачу ў гэтым агульную кампанію і атаку па знішчэнні сістэмы дапамогі беларусам. Яўна сюды можна прывязаць і спробу ачарнення рэпутацыі BySol тымі звесткамі, што нібыта атрыманы доступ да нейкіх там баз. Гэта поўнае трызненне з боку сілавікоў. Нашыя базы пад абаронай. Яны не ўзламаныя. І тыя эксэлеўскія таблічкі, якія яны паказалі ў скрынах сваіх, злепленыя недзе на каленцы за пяць хвілін, з нейкімі дзіўнымі незразумелымі акаўнтамі. Нашыя сапраўдныя базы выглядаюць зусім па-іншаму. І да іх, падкрэсліваю, доступу ў сілавікоў няма. 

Але, безумоўна, усе гэтыя ўдары вядуцца для таго, каб разбурыць сістэму падтрымкі і дапамогі палітвязням. Таму што сілавікі разумеюць, што нічога не могуць зрабіць з салідарнасцю – людзі ўсё роўна данацяць, людзі праводзяць кампаніі, людзі праводзяць марафоны дапамогі. І таму вырашылі ўдарыць па самым слабым звяне – тых людзях, якія знаходзяцца ў Беларусі, пад іх поўнай уладай і магчымасцю рэпрэсаваць налева і направа. Так што вось такія метады зараз выкарыстоўвае сілавая машына. І яўна ў іх зацікаўленасць – пазбавіць  людзей жадання ўвогуле звяртацца па дапамогу. 

Ці вы папярэджвалі і ці надавалі нейкія інструкцыі па бяспецы тым, хто атрымлівае праз вас дапамогу ўнутры Беларусі?

Безумоўна. Адной з частак усёй гэтай сісэмы дапамогі з’яўляецца абавязковае паведамленне людзям, якія яе атрымліваюць, правілаў  бяспекі. У тым ліку інфармацыйнай гігіены. Пра тое, як сябе трэба паводзіць, каб знізіць рызыкі нейкага пераследу. Зразумела, што быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. Дык вось – не трэба дапамагаць сілавікам знаходзіць гэтыя артыкулы. 

Так што я бачу сітуацыю такім чынам, што, безумоўна, ёсць канчатковая адказнасць чалавека за тое, як ён сябе будзе паводзіць. Ці ён будзе прыслухоўвацца да гэтых парадаў, ці будзе ён адпавядаць гэтым выклікам, якія зараз стаяць перад усімі беларусамі, якія знаходзяцца ў краіне і маюць нейкую актыўную пазіцыю, альбо маюць сваякоў-палітвязняў. Але тым не менш, мы, канешне, праводзім гэты інструктаж і ўвесь час нагадваем людзям аб гэтым. На жаль, практыка і наша жыццё паказвае, што гэта абсалютна не марныя рэчы мы прагаворваем. Бо мы бачым, як развіваюцца падзеі. 

Цалкам размову з Андрэем Стрыжаком слухайце ў плэеры ніжэй: 

Comments are closed.