Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) і фонд BySol падпісалі мемарандум аб супрацы. АВВА дапамагае сумленнаму бізнесу з беларускімі каранямі ў рэлакацыі, адкрыцці і развіцці ў дэмакратычных краінах. BySol–фонд, які займаецца дапамогай пацярпелым ад рэпрэсій у Беларусі. Навошта спатрэбілася такая калабарацыя і ў чым будзе заключацца супрацоўніцтва, расказаў кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак.
Мы фактычна зараз падпісалі мемарандум, які акрэслівае тыя рысы нашага супрацоўніцтва, якія мы перад сабой паставілі. Сам па сабе дакумент нічога не значыць без нейкай практычнай дзейнасці, а мы яе ўжо пачалі. У нас быў перад Новым годам вялікі дабрачынны аўкцыён, на якім удалося сабраць каля шасці тысячаў еўра агулам для палітвязняў і для рэпрэсаваных мастакоў. І ў прынцыпе АВВА і BySol звязваюць такога кшталту праекты, правядзенне розных дабрачынных івэнтаў.
Напрыклад, зараз мы плануем дабрачынн івэнт, які адбудзецца 9 сакавіка і прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, а канкрэтна жанчынам-палітвязням. Мы паставілі перад сабой задачу сабраць 10 тысяч еўра на 20 пакетаў дапамогі для гэтых жанчынаў.
З большага беларускі бізнес дастакова абмежаваны ў магчымасцях дапамогі людзям праз тое, што часта такія бізнесы часткова рэлакаваныя з Беларусі за мяжу, але маюць яшчэ бізнес-інтарэсы ўнутры краіны. І яны, на мой погляд, не надта гатовыя ўключацца, у публічную дакладна, дапамогу рэпрэсаваным. Але мы знаходзім розныя магчымасці, мы знаходзім бізнесы, якія маюць ужо цалкам рэлакаваны статус, і працуем з імі.
Асацыяцыя сама па сабе аб’ядноўвае, на мой погляд, малыя і сярэднія бізнесы, якія толькі пачынаюць працаваць у еўрапейскім рэчышчы. Ды і не толькі ў еўрапейскім, у амерыканскім таксама. З большага гэта структуры, якія робяць першыя крокі на новай для сябе і незнаёмай пляцоўцы. Адна з вельмі важных акалічнасцяў гэтых пляцовак, гэта тое, што для заходняга бізнэсу ўдзел у дабрачыннасці з’яўляецца абсалютна натуральным, яны ўвесь час штосьці падтрымліваюць.
Таму што гэта мае і нейкі фінансавы эфект. Калі мы кажам, напрыклад, пра ЗША, то там ёсць спецыяльная сістэма выліку падаткаў, калі бізнес данаціць на дабрачыннасць. А калі мы кажам пра такую агульнаграмадскую значнасць гэтага працэса, то гэта, канешне ж, традыцыя. У заходняй культуры традыцыя дабрачыннасці ўкаранённая сотнямі гадоў. І таму бізнес, які хоча паспяхова развівацца ў гэтым асяроддзі, ён таксама павінен адпавядаць такім крытэрыям.
На мой погляд, калі мы з самых першых крокаў нагадваем беларускім бізнесам, што вельмі важна мець такую рысу, як дапамога, як дабрачыннасць, як нейкія харытатыўныя івэнты і ўдзел у іх, то, я думаю, што і развіццё іх будзе паводле гэтага еўрапейскага ці заходняга стандарту ісці больш імкліва. Так што тут, у прынцыпе, можна разгледзець гэтую гісторыю, як тое, што не толькі бізнес нам дапамагае, але і мы бізнесу дапамагаем укараніцца ў гэтым заходнім стандарце.
Comments are closed.