Loading

На парламенцкіх выбарах ў Беларусі апазіцыю будзе прадстаўляць  віртуальны кандыдат– Ясь Гаспадар. Зараз вырашаецца, як ён будзе выглядаць і як камунікаваць з выбаршчыкамі. Палітычныя пункты яго праграмы – еўрапейскі выбар Беларусі, Еўрасаюз і НАТА – усё тое,  пра што не раскажуць праўладныя кандыдаты. 

Ідэя віртуальнага кандыдата з’явілася ў кіраўніка Цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця «Еўрапейскі дыялог» Анатоля Лябедзькі, а пасля яе падрымалі іншыя грамадскія ініцыятывы.  

Гэта частка інфармацыйнай кампаніі, якая адносіцца да спецаперацыі, якую беларускі рэжым праводзіць у лютым у Беларусі. Ёсць ідэя актуалізаваць некалькі накірункаў. Па-першае, мы ўсе кажам, што трэба тлумачыць  людзям, што няма сапраўдных сумленных выбараў. Мы гаворым пра тое, што трэба даносіць да людзей унутры Беларусі нашы наратывы пра еўрапейскі выбар, пра еўрапейскую перспектыву. А як гэта зрабіць? Не хапае інструментаў, не хапае магчымасцяў і рэсурсаў. 

Таму вось інфармацыйная кампанія «Ясь Гаспадар» – гэта якраз інструмент, механізм данясення пэўных наратываў, інфармацыі да людзей унутры краіны. Наколькі гэта атрымаецца – паглядзім. Але задачы, якія мы ставім – гэта дэлігітымізацыя вынікаў гэтай спецаперацыі ўнутры краіны і данясенне пазітыўнай альтэрнатывы новай Беларусі да яка мага большай колькасці граадзянаў унутры краіны. 

Мы разлічваем на такі кантраст, які будзе паміж Ясем Гаспадаром і дзясяткамі тысяч фэйкавых кандыдатаў у дэпутаты, якіх зарэгіструе рэжым. У іх ёсць адна адметнасць: яны –  складнік  вось гэтай шэрай масы. Там няма нават адценняў. А ў людзей ёсць вялікі запыт на свабодныя і сумленныя выбары. Гэта паказаў 2020 год. Ёсць у людзей запыт жыць у свабоде, а не ў лагеры. Ёсць у людзей запыт на альтэрнатыву і на права выбару. Калі гэты запыт існуе, а ён рэальна існуе, то мы мусім паспрабаваць яго выкарыстаць. Вось гэта такая спроба выкарыстаць гэтую сітуацыю. 

А якім чынам гэты Ясь Гаспадар будзе даходзіць да беларусаў? 

Каэфіцыент карыснага дзеяння, гэта калі Ясь Гаспадар будзе рэкламавацца і распаўсюджвацца не толькі незалежнымі медыя ці нейкімі палітычнымі групамі, а звычайнымі грамадзянамі. Калі ён завірусіцца і пойдзе па мястэчках, гарадах, па кватэрах, дамах – гэта будзе сапраўдным поспехам. І з гэтым тады адміністрацыйны рэсурс рэжыма не справіцца. Яны могуць блакаваць нешта кропкава, а вось з такой усеагульнай цікавасцю, я думаю, што яны не справяцца – няма ў іх на гэта рэсурсу і магчымасцяў. 

Таму, разлік на тое, што гэта сапраўдная альтэрнатыва і людзям будзе. Мне падаецца, цікава паглядзець, а што прапануе Ясь Гаспадар. Гэта будзе такая тэхнічная магчымасць, што Ясь Гаспадар зможа адказваць на пытанні людзей. Вось вас цікавіць, як перамагчы карупцыю ў новай Беларусі – ён зможа адказаць. Ён зможа адказаць, чаму Еўрапейскі саюз лепшы, чым «рускі свет». Ён можа патлумачыць, чаму тое, што зараз у Беларусі – гэта не ёсць выбары. Ён зможа адказваць на самыя разнастайныя пытанні, якія цікавяць звычайнага чалавека: і па сацыяльных пытаннях, па знешняй палітыцы. Так што ён можа наўпрост размаўляць з кожным, хто да яго звернецца. 

А хто ўдзельнічае ў стварэнні гэтага Яся? 

Так скажам, што гэта сёння невялікая рабочая група энтузіястаў з некалькіх грамадскіх ініцыятываў, якія працуюць над гэтай ідэяй. У нас няма пакуль падтрымкі палітычных цэнтраў – ні Офіса Ціханоўскай, ні Каардынаацыйнай Рады, ні Кабінета, ні, пакуль, палітычных партыяў. Але мы зрабілі тэставанне гэтай ідэі. І каму б мы ні гаварылі – па розных групах – усім вельмі падабаецца сама ідэя. Яна такая новая, яна такая свежая і даволі крэатыўная. 

І гэта дало нам энтузіязм рабіць гэта і працаваць. Я думаю, што, калі гэтая інфармацыйная кампанія пачнецца, то мы атрымаем і палітычную падтрымку ад палітычных суб’ектаў, і інфармацыйную ад медыяў. Вось вы да нас звяртаецеся – гэта ўжо азначае, што ёсць пэўная цікавасць да гэтай ідэі. 

Але, гэта не будзе нейкі сайт ці бот, на які трэба будзе заходзіць, і які ўлады змогуць прызнаць экстрэмісцкім матэрыялам, потым якім-небудзь экстрэмісцкім фармаваннем, заблакаваць і караць людзей за тое, што яны звяртаюць увагу на гэты прадукт? 

Мы думаем над гэтым. І я падкрэсліваю, што найбольш эфектыўнасць будзе для нас вымярацца, калі гэта завірусіцца і будзе абсалютна непадкантрольна. Калі гэта будзе на нейкім адным ці некалькіх канкрэтных рэсурсах, то так – з гэтым можна справіцца, але, калі Ясь Гаспадар зойдзе ў велічэзную колькасць кватэраў і пачне вірусіцца, калі пра гэта пачнуць людзі ў грамадскім транспарце, у лазні, у офісе (размаўляць – рэд.) – што там Ясь кажа пра тую ці іншую праблему, ці нейкія мемы з’явяцца і паплывуць у інтэрнэт-прасторы, то з гэтым немагыма змагацца. Так што мы разлічваем на падтрымку. 

Калі нам кажуць, ці збіраецеся вы яго дзе-небудзь рэгістраваць – натуральна, што нам не патрэбна рэгістрацыя Карпенкі, лекалы гэтай кампаніі наогул не з’яўляюцца для нас нейкімі берагамі нейкай ракі. Для нас рэгістрацыя Яся Гаспадара – гэта канкрэтны выбаршчык. Калі ён прыняў яго, значыць мы яго  зарэгістравалі ў канкрэтнага выбаршчыка, у канкрэтным калектыве, у канкрэтнай групы людзей. Гэта для нас важна. 

Тэхнічныя магчымасці мы прапрацоўваем. Так, калі я гавару, што ён бы адказваў на розныя пытанні, то, канешне, тут без тэхнічнага складніка не абыйсціся. Ёсць людзі, якія зараз пішуць праграму. Натуральна, што ў яго мусіць быць праграма. Я яшчэ раз падкрэсліваю, што для нас гэта магчымасць данесці многія нашы наратывы да людзей. Попыт на альтэрнатыву ёсць. 

Ці можа ужо зараз Ясь сказаць першы такі пасыл: што рабіць беларусам з 20-га па 25-е лютага, ці ісці ўвогуле на гэтыя выбарчыя ўчасткі? 

Я прагназую, што наш кандыдат Ясь Гаспадар адкажа, што лепш не ўдзельнічааць у тым, што не з’яўяецца сапраўднымі выбарамі. Але, калі вас прымусілі, калі вы па нейкіх чынніках апынуліся на выбарчым участку, то ў вас ёсць адна опцыя – прагаласаваць супраць усіх. Таму што і Ясь Гаспадар супраць усіх кандыдатаў ад улады. На тым баку дзясяткі тысяч – вось гэтая вялікая шэрая маса, а на гэтым баку – адзіная альтэрнатыва – Ясь Гаспадар, які супраць усіх.

Comments are closed.