Loading

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі падзеі 9 жніўня 2020 года сустрэў у Мінску. Пасля жорсткага разгону пратэстаў і першых ахвяр, дыпламат разам з іншымі кіраўнікамі дыпламатычных місій краін ЕС прымаў удзел ва ўскладанні кветак на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, чым выклікаў гнеў беларускага МЗС. А пасля і ўвогуле вымушаны быў пакінуць Беларусь.

З Артурам Міхальскім узгадваем падзеі жніўня 2020 года, рэакцыю міжнароднай супольнасці і абмяркоўваем перспектывы яго вяртання ў Беларусь.

— Спадар амбасадар, як прайшло Ваша 9 жніўня 2020 года ў Беларусі?

— Быў у Мінску, ездзіў па вуліцах горада, глядзеў, што адбываецца. І трэба сказаць, што гэта было незабыўнае ўражанне. Я памятаю час польскай «Салідарнасці», і скажу, што той дух, які панаваў на вуліцах Мінска і не толькі, гэта быў такі дух аб’яднання, такой эйфарыі, што мы разам. На самым пачатку быў такі настрой святочны, а пасля, як памятаем, пачаліся страшныя рэпрэсіі.

— А што было для Вас такім ключавым пунктам, калі стала зразумела, што рэжым Лукашэнкі ўладу без крыві не аддасць?

— Мы ведалі і разумелі прыроду гэтага рэжыму. Як я казаў, што была эйфарыя ад падзей у першы час, але, здрава аналізуючы сітуацыю, мы разумелі, што справа не будзе простай, што так хутка нічога не зменіцца. Мы з самага пачатку разумелі, што сітуацыя няпэўная. А калі быў жахлівы адказ з боку ўлад, то стала зразумела, што гэты працэс будзе ісці даўжэй. Шмат беларусаў спасылаецца на польскую гісторыю, на час ваеннага становішча. Я памятаю той час, і тады была таксама такая безнадзейнасць. Але шмат з нас тады ведала, што гэта пачатак канца, хоць не было вядома, калі гэты канец настане. Але разумелі, што гэта пачатак канца, бо такі ўдар па чаканнях і памкненнях народа рана ці позна павінен прынесці вынік.

— А як беларускія ўлады паводзілі сябе ў тыя дні ў адносінах да дыпламатаў? Ці гучалі якія-небудзь пажаданні з боку МЗС? Бо наша знешнепалітычнае ведамства практыкуе збіраць дыпламатаў на размовы.

— Я не памятаю, каб былі якія-небудзь спецыяльныя рэкамендацыі. Але памятаю такую сітуацыю, што ў коле амбасадараў краін ЕС мы вырашылі ўскласці кветкі да месца гібелі першай ахвяры тых падзей, Аляксандра Тарайкоўскага. Беларусы, якія там прысутнічалі, вельмі прыязна нас сустрэлі. Мы зрабілі гэта з пачуцця салідарнасці, каб прадэманстраваць, што мы разам у такі смутны час, што амбасадары краін ЕС і не толькі, былі так таксама прадстаўнікі іншых краін вольнага свету, салідарныя з беларусамі. Але беларускае МСЗ назвала гэта абсалютна недапушчальным жэстам, і былі ў нас такія досць цяжкія размовы ў МСЗ. Але наша пазіцыя была даволі адназначнай: мы мелі права выказаць салідарнасць з народам беларускім у такі трагічны момант.

— Падзеі 2020 года і самога Лукашэнкі міжнародная супольнасць называла ўнутранымі праблемамі беларусаў. Рэакцыя ЕС і Захаду была асуджэнне, але без актыўных дзеянняў. Праз тры гады Лукашэнка стаў вялікай праблемай ужо не толькі для беларусаў, але і для ўсяго рэгіёна. Ці не была памылкай такая неактыўная рэакцыя на падзеі ў Беларусі?

— Я думаю, што павінна прайсці больш часу, каб гэта прааналізаваць. Заўсёды постфактум проста гаварыць. Трэба зразумець, што шанцы на перамогу пратэстуючых не ацэньваліся высока. Не было сумнення, прынамсі для Польшчы, на чыім баку праўда і на чыім баку трэба быць. Пытанне ўдзелу, гэта зусім іншае пытанне, і ў першую чаргу гэта павінен быць удзел самога беларускага грамадства. Салідарнасць свету была, але, можа праз пэўны час, можна казаць і пра большыя праявы салідарнасці.

— А ці ўвогуле былі механізмы? Ці міжнародная супольнасць мае большыя магчымасці рэакцыі ці ўплыву? Ці можна было падтрымаць беларускае грамадства больш актыўна?

— На маю думку набор механізмаў абмежаваны. Мы разглядалі і разглядаем грамадства Беларусі як тое, якое павінна быць гаспадаром на ўласнай зямлі. І гэтае грамадства хацела змен. Міжнародныя інструменты, безумоўна, ёсць. Зараз бачым, што пастаянна ўводзяцца санкцыі. Але гэта сродкі дапаможныя. Калі б было якое-небудзь цудоўнае вырашэнне праблемы, то можна было б яго прымяніць, але на жаль такога няма.

— А як вы думаеце, ці ўдалося зараз захаваць той уздым беларускага грамадства, які мы назіралі ў 2020 годзе?

— Так, ён захаваўся і працуе. Ёсць шмат меркаванняў, што беларуская апазіцыя падзелена, што надзея згасла. Я лічу, што ўсе гэтыя з’явы абсалютна натуральныя, што ёсць пэўная фрустрацыя. Я памятаю рэакцыю беларускай апазіцыі пасля выбараў 2010 года ў Беларусі: вельмі хутка дайшло да ўпадку духа і да падзелу. Зараз, нягледзячы ні на што, ёсць тэндэнцыя да аб’яднання. Напрыклад, не так даўно прайшоў марафон падтрымкі беларускіх палітвязняў і іх сем’яў, унікальная акцыя збору сродкаў, і беларусы на працягу выходных сабралі каля паўмільёна еўра. І гэта такі знак, што беларусам не ўсе адно, што адбываецца ў краіне. Яны лічаць тых людзей, якія садзяць у турмах сваімі героямі і хочуць ім дапамагчы. Што да сітуацыі ўнутры краіны. Беручы пад увагу засілле прапаганды і абмежаваныя магчымасці атрымліваць інфармацыю, цяжка сказаць, якія настроі пануюць унутры краіны, але яны могуць адрознівацца ад настрою беларусаў, што жывуць за мяжой.

— Ці плануе сп. Амбасадар вярнуцца ў Беларусь?

— Гэта немагчыма. Я думаю, што ў такім стане я скончу сваю місію. Сярод еўрапейскіх краін такая практыка, што калі ў амбасадара завяршаецца місія, на іх месца новы амбасадар не прыязджае, а ў краіне застаецца толькі выконваючы абавязкі. Гэта своеасаблівае зніжэнне дыпламатычнага прадстаўніцтва. Але гэта зразумела ў цяперашніх умовах.

— А мы ўсё ж такі спадзяемся, што ў тым ці іншым статусе сп. Амбасадар вернецца ў Беларусь. І мы ўжо правядзем наша інтэрв’ю ў зусім іншай атмасферы…

— Я спадзяюся, што народ беларускі пацвердзіць сваю суб’ектнасць і будзе гаспадаром на ўласнай зямлі.

Comments are closed.