Loading

З 5 па 12 сакавіка ў Польшчы пройдзе серыя творчых сустрэч з Аляксандрам Ждановічам. Акцёр, які цяпер жыве і працуе ў Грузіі, выступіць са сваёй новай паэтычнай праграмай «Вось яны, а вось мы». Яна складаецца з вершаў класікаў беларускай літаратуры і нашых сучасных паэтаў. Разлічана імпрэза на дарослую аўдыторыю. Зрэшты, для сваіх маленькіх слухачоў Маляваныч таксама не пакіне без увагі.

− Я жыву ўжо год у Тбілісі і, як і кожнаму чалавеку, мне хочацца перазагрузкі, хочацца новых уражанняў. Спачатку планавалася, што я выступлю толькі ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве. Але потым з’явіліся Кракаў, Вроцлав, Познань. Больш за тое, людзі звярталіся і з Вільні, і з Любліна, Беластоку. Але туды ўжо наступным разам. 

Я прыеду ў Польшчу з новай паэтычнай праграмай на новыя і старыя вершы лепшых беларускіх паэтаў. Будуць класікі − Багдановіч, Караткевіч, Геніюш. Будуць сучаснікі − Бахарэвіч, Кудасава. Я нават наважуся прачытаць свой верш! Праграму я назваў паводле аднаго з вершаў Альгерда Бахарэвіча − «Вось яны, а вось мы». Гэтакае асэнсаванне таго, што са мной адбылося пасля 2020 года. Як гэты год паўплываў на мяне як на чалавека, на асобу, на творцу.

Але як бы я ні намагаўся выглядаць сур’ёзным драматычным акцёрам (якім я, уласна, заўсёды з’яўляюся), людзі часта чакаюць сустрэчы не са мной, а з Маляванычам. Таму паралельна будуць імпрэзы з дзеткамі. На жаль, я не прыдумаў, як можна прывезці ў Польшчу сваю батлеечную скрыню, якую мне зрабілі грузінскія майстры. Але буду расказваць пра гісторыю батлейкі, буду штосьці паказваць. 

5 сакавіка Аляксандр Ждановіч выступае ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве, 9 сакавіка едзе ў Кракаў, 11 − у Вроцлаў, а 12 сакавіка Маляваныч запрашае на сустрэчу беларусаў Познані. Размову з акцёрам слухайце ў плэеры ніжэй. 

 

Comments are closed.