Loading

Украіну наведала прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык. У нядзелю яна сустрэлася з беларусамі, якія жывуць ва Украіне, і правяла дыскусію на тэмы нацыянальнай ідэнтычнасці і нацыянальнага адраджэння ў беларуска-ўкраінскім хабе «Сустрэча». Паміж працоўнымі сустрэчамі і абмеркаваннямі мы паразмаўлялі са спадарыняй Алінай Коўшык пра тыя праблемныя пытанні, якія існуюць у справе нашага нацыянальнага адраджэння ў сувязі з вымушанай эміграцыяй з Радзімы многіх найбольш актыўных беларусаў і супрацу з украінскімі інстытуцыямі.

— Ці стаіць зараз такое пытанне, што беларусы, асабліва расійскамоўныя, якія зараз знаходзяцца на выгнанні, асімілюцца ў краінах свайго пражывання з мясцовым грамадствам?

— Так заўсёды было, гэта натуральны працэс і людзі, якія выязджаюць у іншыя краіны, паступова пачынаюць асімілявацца. Так ёсць не толькі зараз, так было раней. Больш за тое, мы вельмі часта казалі, што да 2020 года ў беларусаў не было дыяспары. Гэта, канешне, перабольшванне, але збольшага адлюстроўвае тыя тэндэнцыі, якія мы бачылі. Што сапраўды беларусы вельмі добра асіміляваліся, што беларусы не стваралі нейкіх сваіх супольнасцяў нацыянальных, а хутчэй за ўсё далучаліся альбо да ўкраінскіх, альбо да расійскамоўных супольнасцяў. І для іх такая беларуская тусоўка не была запатрабаваная і цікавая.

Але, канешне, ёсць выключэнні. Моцная старая дыяспара ў Амерыцы, у Канадзе, якая вельмі плённа працуе, таксама ў Велікабрытаніі. Але пасля 2020 года, думаю, шмат што змянілася. І ў беларусах, не толькі ў Беларусі, абудзіліся нацыянальныя гонар і годнасць. Мы адчулі сябе сапраўды супольнасцю, часткай адной нацыі, часткай адных палітычных працэсаў. Кожны на сваім месцы, нават у розных краінах – усе хацелі б быць часткай гэтых зменаў у грамадстве, якіх так мы – беларусы, прагнулі і хацелі.

І таму на дадзены момант паўстала безліч беларускіх арганізацыяў ва ўсім свеце. І вось гэта адна з частак нашай працы – праца з гэтымі арганізацыямі: пошук ім дапамогі, фасілітацыя – звядзенне іх, рабіць разам супольныя праекты, так, каб гэтыя беларускія арганізацыі існавалі і далей. Каб вось гэтая праца не скончылася з уздымам 2020 года, а далей працавала.

Бо моцная дыяспара – гэта вялікая сіла. Гэта тая сіла, яка дапаможа нам зрабіць змены ў тым ліку і ў краіне. Канешне ж, мы ўсе разумеем, што, перадусім, змены ў краіне робяць беларусы ў краіне. Але, тыя краіны, якія маюць моцную дыяспару – армянская, украінская, ізраільская, напрыклад, яны вельмі з гэтага карыстаюцца.

І я спадзяюся, што гэтую мадэль мы зможам зрабіць і ў нас. На дадзены момант мы, як Аб’яднаны пераходны кабінет, як такі ўрад у выгнанні, у эміграцыі, імкнемся ўсталёўваць вельмі добрыя кантакты з нашымі рознымі арганізацыямі.

Больш за тое, у нас створана амаль 20 народных амбасадаў. Уявіце сабе: гэта людзі – звычайныя беларусы, такія самыя, як вы, але якім не ўсё роўна, якія далучыліся да вялікай дыпламатычнай працы ў сваіх краінах. Вялікая пашана ім за гэта. Яны ўжо сталі спецыялістамі. Я вам скажу, што яны сталі вельмі неблагімі дыпламатамі. І вельмі часта прадстаўнікоў беларускіх народных амбасадаў запрашаюць на розныя ўрачыстасці ўзамен за прадстаўнікоў афіцыйнай дыктатарскай краіны.

Канешне, беларусы часткова асімілююцца. Гэта натуральныя працэсы, якія ўласцівыя любым народам і грамадствам. Але наша задача ў тым, каб, дзякуючы цікаўнасці да роднай мовы, культуры, гісторыі, традыцый ствараць вось гэтыя супольнасці, якія будуць падтрымліваць у нас нашу беларускасць. І, што вельмі важна, – у нашых дзецях таксама.

— А наколькі гэтая дзейнасць запатрабавана ў розных дыяспарах?

— Я думаю, што запатрабаванасць вельмі вялікая. Калі паглядзець у мабільным дадатку «Новая Беларусь», якое прызнана ў Беларусі эстрэмісцкім, таму збольшага зараз яно працуе акурат на беларусаў замежжа, вы пабачыце якая велізарная колькасць розных беларускіх мерапрыемстваў праходзіць паўсюль. Літаральна паўсюль.

Зразумела, што не паўсюль аднолькавы доступ да рэсурсаў. Не паўсюль такая вялікая дыяспара, як у Польшчы. Але, вось літаральна на наступным тыдні будзе велізарны фестываль у Кракаве. Летась на ім было тры тысячы асобаў.

Вельмі важна, каб да гэтых беларускіх падзеяў далучаліся таксама жыхары тых краінаў, дзе яны праходзяць, каб мы не жылі ў гэтай бурбалцы. Я ведаю, што зараз цудоўны арганізатар «Мара-фэсту», які праходзіў летась у Гданьску, таксама будзе ладзіць велізарны оўпэн-эйр. Гэта сёлета будзе беларуска-ўкраінска-польскі оўпэн-эйр. З цудоўным лайнапам выбітных артыстаў. І гэта робяць беларусы.

У Берліне праходзіць вельмі шмат беларукіх падзеяў. Я вось, калі падарожнічаю, заўсёды стараюся сустракацца з дыяспарамі, размаўляць якія планы. І вось запатрабаванне на культурніцкія імпрэзы вельмі вялікае паўсюль. Натуральна, што дыяспары не паўсюль аднолькава актыўныя і неаднародныя, і не паўсюль дастаткова вялікія. Але тым не менш, мне падаецца, што нават у найменшых дыяспарах, нават у гарадах некаторых адбываюцца вельмі цудоўныя рэчы.

— Ці ёсць у Вас адчуванне разумення ўкраінскімі ўладамі нейкіх алгарытмаў супрацы з беларускімі дэмакратычнымі структурамі і ў прыватнасці, што тычыцца пытанняў культуры, нацыянальнага адраджэння, мовы?

— Ёсць вельмі шмат добрага разумення на такім асабістым узроўні. Натуральна, ва ўмовах вайны афіцыйныя адносіны ўскладняюцца. Асабліва з такімі структурамі, якія не да канца аформленыя зразумелым чынам у міжнароднай палітыцы.

Але тым не менш, у нас ёсць добрыя кантакты з рознымі ўкраінскімі інстытуцыямі. І вось гэты пачатак візіту – у мяне будзе яшчэ шмат сустрэчаў цягам двух дзён. У нас ёсць сапраўды добрыя працоўныя адносіны з Міністэрствам культуры, у мяне будзе сустрэча ў Міністэрстве адукацыі. То бок, на розных узроўнях мы стараемся шукаць сяброў Беларусі, тых людзей, якія разумеюць, што адбываецца ў нашай краіне, і хочуць дапамагаць. Людзей, якія разумеюць, што змены ў нашых дзвюх краінах павінны прайсці адначасова. Дзеля таго, каб яны былі паспяховымі.

І сапраўды, шмат ад каго разуменне ёсць. Я спадзяюся, што яно паступова пачне пераходзіць і на афіцыйны ўзровень. Але для нас вельмі важныя, насамрэч, вынікі працы, а не, быць можа, толькі такі афіцыёз. Таму для мяне важней прыйсці на канкрэтную сустрэчу, дамовіцца на канкрэтныя вынікі і глядзець, што з гэтага атрымаецца.

Але, думаю, што, канешне, зараз працаваць з украінцамі складана. Сітуацыя вайны, сітуацыя вялізарнай траўмы, яна не дапамагае нам усталёўваць дабрасуседскія адносіны. Але, тым не менш, Украіна для нас стратэгічны партнёр і мы будзем прыкладаць вельмі шмат высілкаў на тое, каб гэтыя адносіны складаліся адпаведным чынам.

Comments are closed.