Loading

Сітуацыю з беларусам Паўлам Юшкевічам, якога польскія ўлады пазбавілі сталага віда на жыхарства і загадалі пакінуць краіну, кіруючыся нейкім сакрэтным заключэннем Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW), пракаментаваў адвакат Алесь Міхалевіч. Ён распавёў, наколькі частыя ў Польшчы падобныя справы, ці ёсць сур’ёзная пагроза дэпартацыі ў Беларусь у такіх выпадках  і якія крокі варта зрабіць, каб выйсці з гэтай непрыемнай сітуацыі.

 “Такіх спраў адзінкі. Гэта вельмі рэдкая з’ява – адмова па прычыне, звязанай з нацыянальнай бяспекай. Пагрозу павінен аналізаваць сам чалавек, ці будзе для яго нейкая небяспека ў выпадку выезду ў Беларусь. Але у Еўрапейскім саюзе існуе некалькі механізмаў, каб нават, калі ўявіць, што ўсе суды ў Польшчы будуць прайграныя, нават пасля гэтага застаецца яшчэ Еўрапейскі суд па правах чалавека, які з вялікай доляй верагоднасці не дасць магчымасць такога чалавека дэпартаваць у Беларусь. Польшча з’яўляецца прававой дзяржавай, дзе ёсць судовая сістэма. Трэба праз яе прайсці, і з вялікай доляй верагоднасці на ўзроўні судоў гэтая справа можа быць вырашана.

Ці польскія спецслужбы мусяць прадаставіць гэтае сакрэтнае заключэнне, на якое яны спасылаюцца, у судзе і суд мусіць яго разгледзіць?

Гэта залежыць ад суда, ці суд будзе гэта патрабаваць. Я ведаю ў Літве адзін выпадак, калі ўсе інстанцыі суда пагадзіліся, не запытаўшыся нічога канкрэтнага, не выслухаўшы прадстаўнікоў спецыяльных служб, і было прынята рашэнне аб дэпартацыі і забароне на ўезд на тэрыторыю Літвы. Але ў звычайнай, нармальнай дэмакратычнай дзяржаве падобныя рэчы выслухоўваюцца і, калі гэтага не будзе зроблена, калі будзе проста прынята на веру, значыць будуць падставы ў тым ліку для таго, каб Еўрапейскі суд па правах чалавека ставіў пад пытанне гэтае рашэнне.

 

Comments are closed.