Loading

Якія перспектывы беларускай культуры ў эміграцыі? Пра гэта ішла размова на адной з дыскусійных панэляў на фестывалі «Тутака», якую вёў Алесь Чахоўскі – арт-менеджэр, прадзюсар і імпрэсарыа опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук.

Палітычныя рэпрэсіі, якія дагэтуль працягваюцца ў Беларусі, прымушаюць усё больш творцаў пакідаць родную краіну. І за гэтыя два з паловай гады вялікая колькасць іх з’ехала за мяжу, але пры гэтым не змяніла род заняткаў. У той жа час знаходжанне ў эміграцыі натуральна накладвае свой адбітак на творчасць. І паводле перформеркі і мастачкі Яны Шостак, зараз не існуе беларускай культуры без актывізму, бо актывізм робіць так, каб сітуацыя ў Беларусі не сыходзіла з еўрапейскага і сусветнага парадку дня. Яна прыгадала свой вядомы «Крык аб Беларусі», дзякуючы якому беларускую тэму ўдалося пратрымаць у цэнтры ўвагі некалькі месяцаў.

Як мяркуе актор, рэжысёр і педагог Андрэй Саўчанка, культура – гэта апошняе, што памрэ на радзіме ці ў эміграцыі.

«Мне падаецца, што працэс ідзе па двух накірунках. Першы – гэта інтэграцыя, інтэграцыя з іншымі культурамі, узаемадзеянне з іншымі творцамі. А другі накірунак – гэта такая замкнёная прастора, ізаляваная ў некаторым сэнсе, якая пакуль што цалкам працуе і аналізуе ўнутры сваёй сітуацыі. Я мяркую, што гэтыя два працэсы ідуць паралельна. Першы ідзе слаба, другі ідзе занадта моцна. Мне бачыцца, што трэба шукаць такія шлюзы, выхады таго, хто мы ёсць, што мы зараз можам, мусім, хочам гаварыць, размаўляць, як гэта рабіць, як гэта даводзіць да іншых людзей, да іншых культур. Нам трэба шукаць нейкае новае месца, і мяркую, што нам трэба выжываць. Я так адчуваю, што культура знаходзіцца ў моманце выжывання», – адзначыў спадар Андрэй.

У сваю чаргу Алесь Чахоўскі згодзен з думкай, што, магчыма, варта казаць не аб беларускай культуры ў эміграцыі, а аб культурніцкай экспансіі. З гэтай нагоды радыё Ўнэт пацікавілася ў арт-менеджэра і прадзюсара, а ці ўвогуле расце зацікаўленасць беларусаў, якія ўсё больш і больш пакідаюць радзіму, беларускай культурай вакол сябе.

«З аднаго боку, шкада, што людзі з’язджаюць, бо з’язджаюць самыя актыўныя, тыя, каго часта называюць пасіянарыямі, актыў беларускі, нацыянальны, тыя, хто дбае пра культуру, неабыякавыя людзі. Але што ў гэтым класнага? Культурніцкія прадукты, праекты існуюць тады, калі ў іх ёсць аўдыторыя. Зразумела, што ёсць YouTube, ёсць лічбавыя пляцоўкі і па музыцы, але нішто нам ніколі не заменіць жывых тэатральных імпрэз, жывых праглядаў у кінатэатры, асабліва калі гэта фільмовы фестываль, жывых сустрэч, якіх тут багата на «Тутацы». Таму ў чым я бачу плюс таго, што людзей стала больш у эміграцыі? Іх стала больш на такіх мерапрыемствах. І мы назіраем, што беларускім артыстам, напрыклад, Лявону Вольскаму, Уладзіміру Пугачу, «Дай дарогу», «Дзецюкам» раней у 2021 годзе было не тое каб складана, але так «на тоненького» сабраць нармалёвую залю, а зараз у іх ёсць запатрабаванасць, у іх ёсць абмен энергіяй з публікай. Я ведаю на прыкладзе, бо я менеджэр Маргарыты і мы ладзім канцэрты, я ведаю, што ў нас будзе поўная зала, таму што ў шмат якіх гарадах ёсць аўдыторыя. І вельмі класна, што гэта аўдыторыя падцягвае мясцовых і такім чынам знаёміць з сучаснай беларускай культурай у эміграцыі. Таму для артыстаў я бачу ў гэтым плюс. Для тых, хто з’ехаў, я таксама бачу ў гэтым плюс, бо ў кагосьці гэта настальгія, а для кагосьці гэта частка іх культурніцкага коду, яны любяць гэту творчасць. Хтосьці слухае «Шуму», хтосьці – «Дай дарогу», хтосьці – Вольскага, а хтосьці – Ляўчук, і для іх гэта важна. Важна пабачыцца на фэсце, паслухаць гэту музыку, сфоткацца», – распавёў спадар Алесь.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.