Loading

Кампанія па ліквідацыі апазіцыйных палітычных партый у Беларусі ў самым разгары. За лета пазбавіліся магчымасці легальна дзейнічаць такія, у прыватнасці, старэйшыя і вядомыя палітычныя арганізацыі як Аб’яднаная дэмакратычная партыя і Партыя Беларускага народнага фронту. Ужо адмоўлена ў перарэгістрацыі па новым законе аб партыях Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Ці спыніцца фактычнае існаванне партыі ад яе юрыдычнай ліквідацыі альбо сацыял-дэмакраты ствараць нейкія партыйныя арганізацыі за мяжой? Пра гэта з намесніцай старшыні БСДП (Грамада) Ганнай Канюс пагутарыў наш карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

У сакавіку 2021 года беларускія сацыял-дэмакраты, на чале якіх стаіць палітык з Магілёва Ігар Барысаў, урачыста адзначылі 30-годдзе існавання партыі. Варта адзначыць, што менавіта ў Магілёве ўпершыню ў Беларусі яшчэ ў 1990 годзе была зарэгістраваная сацыял-дэмакратычная партыя, як выключна гарадская палітычная арганізацыя. Потым, у сакавіку 1991 года, яна ўлілася ў створаную тады Беларускую сацыял-дэмакрытычную Грамаду, першым старшынёй якой быў ураджэнец Магілёўшчыны з Мсціслава выбітнейшы гісторык Міхась Ткачоў.

За час свайго існавання партыя перажыла аб’яднанні і расколы, але ніколі не спыняла легальную палітычную дзейнасць. Цяпер, пасля зменаў з закон аб партыях, БСДП (Грамада) мусіць афіцыйна знікнуць з палітычнага жыцця Беларусі. Гэта вынікае з адмовы ў перарэгістрацыі партыі Міністэрствам юстыцыі. Гэтае ведамства вырашыла не пакідаць Грамаду ў легальным палітычным полі, бо, у прыватнасці, у партыі менш чым пяць тысяч сябраў, не прадстаўлены іх пайменны спіс, не зменены статут згодна з новымі патрабаваннямі лукашэнкаўскіх улад, не прадстаўлены арыгіналы статута і пасведчання аб рэгістрацыі.

Што з гэтых усіх умоў праходжання перарэгістрацыі выканаць абсалютна немагчыма? З гэтым пытаннем я звярнуўся да Ганны Канюс.

— Найбольш невыканальнае з гэтых умоў – гэта тое, што мы павінны былі ўнесці змены ў статут, дзе павінны былі быць такія словы, што мы цалкам падтрымліваем усю знешнюю і ўнутраную палітыку краіны і трымаемся курсу, які даў Усебеларускі сход. І гэта ўвогуле непрымальна з таго пункту гледжання, што гэта не дае магчымасці з’явіцца апазіцыі, не дае магчымасці з’явіцца іншай думцы, іншаму боку нават. Другая ўмова, якая амаль аднолькавая з першай па вазе, – трэба было даць уладам спіс 5000 сябраў партыі, то бок адкрыць гэтыя спісы. Вось гэта таксама было непрымальным для нас. Адкрыць спісы кіраўніцтва партыі – гэта наш абавязак, але адкрыць шэраговых сябраў партыі – гэта для нас непрымальна.

— А чаму непрымальна?

— Таму, што мы разумеем, што па перарэгістрацыі партыі прынята палітычнае рашэнне і гэта рашэнне не ў межах заканадаўства. Гэта палітычнае рашэнне аб знішчэнні ўсёй апазіцыі, знішчэнне іншай думкі, магчымасці іншай думкі. Таму гэтыя спісы мы адразу назвалі растрэльнымі, бо гэтыя спісы даюць магчымасць проста ісці па адрасах і затрымліваць за тое, што ты не падтрымліваеш палітыку прэзідэнта.

Аднак партыя не згадзілася з такім меркаваннем Мінюста і падала скаргу ў Вярхоўны суд, патрабуючы адмяніць рашэнне аб неперарэгістрацыі. Пасяджэнне прызначана на 5 верасня. Цікава, што на 11 верасня Вярхоўны суд спачатку запланаваў пасяджэнне па іску Мінюста аб ліквідацыі партыі, нягледзячы на іск партыі аб абскарджванні. Праўда, потым судовае пасяджэнне па ліквідацыі БСДП знікла з раскладу працы Вярхоўнага суда.

— Пададзены іск ад вас у Вярхоўны суд, каб адмяніць рашэнне аб неперарэгістрацыі, якое прыняў Мінюст. А навошта, калі гэта палітычнае рашэнне і, па вялікім рахунку, вядома, што далей будзе?

— Так, мы ведаем, што далей будзе, але мы павінны прайсці гэты ўвесь шлях да апошняй кропкі. Было ў нас пасяджэнне Цэнтральнага камітэта, гэта вышэйшы орган пасля з’езду. На гэтым пасяджэнні было прынята рашэнне, што мы падаем заяву аб перарэгістрацыі, мы не ўносім ні ў якім разе папраўкі ў статут і калі штосьці адбываецца, то мы будзем праходзіць усе інстанцыі, то бок мы будзем абскарджваць рашэнне Міністэрства юстыцыі, каб у пасяджэнні ў Вярхоўным судзе паспрабаваць знайсці ўсе гэтыя дакументы, паспрабаваць ацаніць увогуле гэты закон «Аб палітычных партыях», усе гэтыя праўкі ў закон, якія былі ўнесены і па якім нам зараз прыходзіцца жыць.

— А вам яны недасяжныя, вы не можаце з імі азнаёміцца ў інтэрнэце?

— З праўкамі – можам, але хочам, каб Вярхоўны суд, каб Канстытуцыйны суд зрабіў ацэнку гэтага закона, таму што гэты закон неканстытуцыйны. Ён парушае правы людзей у Беларусі, грамадзян Беларусі. Ну вось можа так атрымаецца. Калі Вярхоўны суд скажа, што гэтага не трэба рабіць, гэта будзе яшчэ адзін факт, што такі ў нас Вярхоўны суд. Вось так яны адсочваюць заканадаўства, вось так яны ацэньваюць, усё, што робіцца ў Беларусі.

— На 11 верасня быў прызначаны разгляд Вярхоўным судом іска ўжо ад Мінюста аб ліквідацыі вашай партыі. Цяпер ён не будзе разгледжаны. Што адбылося, чаму?

— Ну гэта ўвогуле для нас была такая нечаканасць, калі мы ўбачылі, што ў нас на 11 верасня прызначаны гэты суд. Чаму? Таму што мы падалі іск на Мінюст. І пакуль гэтае судовае пасяджэнне не адбудзецца, пакуль не будзе вынесена рашэнне па нашаму іску, Вярхоўны суд не мае права прымаць і разглядаць такі іск аб ліквідацыі ад Мінюста. Калі мы ўбачылі, гэтае запланаванае на 11 верасня пасяджэнне на 11 верасня, то здзівіліся, няўжо настолькі можна было парушаць заканадаўства. Таму мы не здзіўлены, што гэтае пасяджэнне было прыбрана з раскладу і знік гэты радок. Але мы ўсе разумеем, што будзе наперадзе.

— І што чакае наперадзе БСДП (Грамаду)?

— 5 верасня будзе разглядацца наша скарга на Мінюст, потым будзе адно ці два пасяджэнні і, хутчэй за ўсё, напрыканцы верасня вынесена рашэнне аб ліквідацыі партыі. А далей мы маем толькі зачыняцца і зрабіць усё, каб нашы партыйцы ў Беларусі былі ў бяспецы. Цяпер гэта будзе наш абавязак зрабіць усё, каб іх не перамалола машына рэпрэсій. Легальнага выйсця для партыі больш не будзе. Не будзе ніякіх апазіцыйных кандыдатаў, не будзе ніякіх іншых, акрамя «генеральнай лініі партыі» так бы мовіць, мяркаванняў і так далей. Гэта прывядзе да таго, што ўсе наступныя выбары сапраўды будуць ужо не выбарамі.

— Ці можна так мяркаваць, што з юрыдычнай ліквідацыяй партыі яна будзе ліквідавана і фактычна, то бок яна не зможа дзейнічаць нідзе і ні якім чынам?

— Не. Ведаеце, партыя гэта каштоўнасці. І гэта не юрыдычны статус. Партыя – гэта ўсё ж такі людзі, гэта носьбіты сацыял-дэмакратычных ідэй, каштоўнасцяў, гэта людзі, якія прайшлі не адзін і не два гады разам, якія ўдзельнічалі ў розных палітычных кампаніях. Я не называю гэта выбарамі, бо мы ўдзельнічалі ў палітычных кампаніях, калі прапанавалі людзям іншы бок развіцця краіны. На сённяшні момант усё роўна ў нас застаецца касцяк усіх актывіста, частка з іх высокаадукаваныя. Мы зараз робім праекты законаў, распрацоўваем іх, кансультуемся з іншымі партыямі, якія зачыненымі, і з носьбітамі іншых ідэялогій, якой мы бачым Беларусь у далейшым, дзе яна будзе, якое месца яна будзе займаць на карце Еўропы, з кім яна будзе супрацоўнічаць, што рабіць з тым усім, што зараз адбываецца ў Беларусі, як гэта перажыць.

— БСДП (Грамада) не першая партыя, якая ліквідуецца. Ёсць ужо ліквідаваныя, ёсць тыя, якія хутчэй за ўсё будуць бліжэйшым часам ліквідаваныя. Некаторыя з партыйных дзеячоў у іншых партыях кажуць аб неабходнасці стварэння і дзейнасці сваіх партый у замежжы. Як вы глядзіце на такі працяг палітычнай дзейнасці?

— Партыі ў замежжы – гэта партыі ў замежжы. Можна зрабіць такую экспертную пляцоўку, размаўляць аб чымсьці на гэтай пляцоўцы. Але ўсё ж такі палітычныя партыі павінны дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі. Каб адчуваць усе гэтыя змены, якія адбываюцца ўнутры Беларусі. Знешняя палітыка – гэта добра, але ўнутраная палітыка больш каштоўная, і гэта будзе больш каштоўна для перамен. Тыя, хто знаходзіцца за мяжой могуць больш адкрыта гаварыць пра нязгоду з дзеяннямі беларускіх улад, а тыя хто знаходзіцца ў Беларусі, гэта людзі, якія праз, я так мару, два-тры гады аб’яднаюцца ў новыя альбо абноўленыя нашы партыі. Таму рабіць нейкія суполкі ў замежжы… Гэта не палітычная партыя. Гэта будзе клуб, які будзе захоўваць гэтыя каштоўнасці, каб потым прынесці іх у Беларусь. Але вырашальнае слова будзе за тымі, хто зараз у Беларусі.

Comments are closed.