Арганізатарам творчай акцыі выступіў Цэнтр беларускай культуры і супольнасці. Распачаўся тыдзень у панядзелак днём шляхты. У бліжэйшыя дні ў Беларускім доме чакаюць пісьменнікаў, музыкаў і мастакоў. Кульмінацыяй тыдня стане вялікі кірмаш, які пройдзе ў суботу.
Цэнтр беларускай культуры і супольнасці да Тыдня беларускай культуры падыйшоў прагматычна: улетку яго вырашылі не праводзіць, а дачакацца, пакуль беларусы вернуцца з вакацый, патлумачыла адна з арганізатарак тыдня Марына Абрамовіч:
— Звычайна тыдзень беларускай культуры адзначаецца ў ліпені, але мы перанеслі яго на верасень, таму што летам у нас вакацыі, усе раз’язджаюцца. Зараз надвор’е спрыяе, таму самы час святкаваць.
Адкрывала тыдзень гістарычная тэматыка са шляхетным ухілам. Спачатку маленькім беларусам пры падтрымцы бацькоў прапанавана было стварыць самы сапраўдны замак. Папяровыя прататыпы прывезлі з Беларусі. Выразалі, клеілі і збіралі славутасці цэлымі сем’ямі.
— Мы збіраем умацаваную царкву, якая знаходзіцца ў вёсцы Мураванка, раней яна называлася Маламажэйкаўская. Гэта такая царква, дзе маглі схавацца людзі падчас нападу, – кажа Максім, які дапамагаў дзвюм дачкам разабрацца з помнікам беларускага дойлідства 16 стагоддзя. – Дзяўчынкі хочуць усе рабіць самі, не хочуць, каб я дапамагаў. Няхай не заўсёды роўна, але самі. Як кажуць, мы не сварымся, але спрачаемся.
Пасля таго, як на сталах з’явіліся Крэўскі, Лідскі замкі, Белая вежа і шмат яшчэ якіх пазнавальных будынкаў, і ўсе крыху стаміліся ад творчасці, надыйшоў час для кавы. Прычым шляхетны напой прапаноўвалі адразу па некалькіх старадаўніх рэцэптах. Дэгустацыі папярэднічала лекцыя, што ўвогуле мы п’ем, як гэта рабіць правільна і галоўнае з чым. Кававы лікбез для нас правяла аўтар лекцыі Ніка.
— Тут рэцэпты кавы, якія былі гістарычна: кава ад Адама Міцкевіча, шляхетная кава са спецыямі і кава па-старабеларуску, якую спажывала гарадская інтэлігенцыя. Чым яны адрозніваюцца? Кава Адама Міцкевіча гэта вельмі моцная кава добрага гатунку, у якую па смаку дадаюць мёд ці вяршкі. Шляхетная кава са спецыямі – там у нас гваздзіка, абсмажаны молаты міндаль і цукар. У каву па-старабеларуску замест цукру дадаецца цукровая пудра, цынамон і гваздзіка, яна моцная, салодкая і такая «ядраная» нават, але добра ўзбадзёрвае.
Дэгустацыя праходзіла па ўсіх правілах: філіжанкі – толькі з іх правільна піць каву, тры імбрыкі з кожным відам кавы, вада з мятай ці з лімонам, бо кожны шляхціч ведаў, што пасля глытка кавы абавязкова трэба зрабіць глыток вады, каб ачысціць рэцэптары і зноў атрымліваць асалоду ад смаку. Прысмакі да кавы былі выключна мясцовыя – самаробныя цукеркі і вішня па-радзівілаўскі.
У аўторак гістарычная тэма працягнецца, але ўжо на вуліцах Вільні. Чакаецца квест па слынных для беларусаў мясцінах. У праграме Тыдня беларускай культуры таксама літаратурны і музычны вечар, і вялікі кірмаш у суботу – расказала Марына Абрамовіч.
— Кожны дзень тыдня ў нас тэматычны. Мы хацелі спачатку асвятліць адзін нейкі аспект беларускай культуры, але яна ў нас вельмі багатая, таму мы выбралі тое, што будзе цікава людзям, якія наведваюць Цэнтр беларускай культуры і супольнасці. У аўторак у нас будзе квэст, мы будзем гуляць па Вільні, рабіць розныя заданні. У сераду ў нас дзень мастацтва: там чакаецца два майстар-класы. Ствараць настрой у чацвер, дзень літаратуры, будуць Наста Кудасава і Віталь Рыжкоў. Акрамя таго будзе адкрыты мікрафон, дзе кожны можа прыйсці і выказацца. У музычную пятніцу мы ладзім караоке, і, паколькі гэта дзень бітвы пад Оршай, мы ўзгадаем і беларускія ваенныя песні. У суботу ў нас вялікі кірмаш «Беларусы запрашаюць сяброў», а ўвечары чакаецца канцэрт. У нядзелю ў нас будзе традыцыйны беларускі абед, а пасля танцы з дударом.
Сачыць за падзеямі Тыдня беларускай культуры можна тут.
Comments are closed.