Loading

Беларускі дызайнер і аўтар запамінальных лога ды слоганаў Уладзімір Маляўка стварае вельмі разнастайныя праекты, якія разыходзяцца на цытаты і імгненна становяцца мэйнстрымам. Мы пагаварылі пра самыя ўдалыя кейсы, мастацтва, эміграцыю і радзіму.

Уладзімір Маляўка. Фота: радыё Ўнэт.

— Якімі праектамі вы займаецеся зараз?

— З большага гэта пратэстныя праекты, дзе я намагаюся рэалізаваць пасыл, што нарадзіўся ў 2020 годзе. Я не тое каб трымаю нейтралітэт, хутчэй, падколваю тых і іншых. Бо я заўжды быў па-за палітыкай, як спяваў Ягор Летаў, «я всегда буду против», супраць любой улады. І калі надышоў жнівень-2020, мае праекты кардынальна змянілі напрамак. Канешне, я мог бы ўзяць камень ці дручок і пайсці на плошчу, але здаецца, выхлап будзе большы, калі я нейкія ідэі рэалізую на паперы ці ў дыджытал.

— Гэтыя ідэі найчасцей увасабляюцца ў слове ці ў візуале?

— Калісьці я працаваў у рэкламе капірайтарам. Напэўна, таму спачатку прыходзяць словы і ўжо потым — візуальныя вобразы. Мы з сябрам выпускаем цішоткі, і самая папулярная — проста з тэкстам. Мне прасцей прыдумаць слоган, заклік, загаловак, пагуляць са шрыфтамі.

— Распавядзіце пра свае самыя ўдалыя кейсы.

— Пачну з апошняга, бо ў ім самая актуальная ідэя. Гэта праект Logo for Ukraine, дзе я зміксаваў лагатыпы вядомых брэндаў з назвамі ўкраінскіх гарадоў. Я падбіраў брэнды, зыходзячы з памеру ці сугучнасці назвы. Напрыклад, Nike і Kyiv крута стасуюцца ў гэтым лагатыпе, а Adidas і Odesa сугучныя. Гэты праект разляцеўся, было шмат рэпостаў і інтэрв’ю.

Крыніца: behance.net/vladimirmalyavko

Другі праект, што падабаецца асабіста мне, гэта лога «Белавіі». Калі яны садзілі борт з Пратасевічам, я тады, як і многія, сачыў у анлайне на Flightradar24, як гэты самалёт кружыцца такой прышпільнай штучкай, і падумаў, што класна было б гэта абыграць. І вось я зрабіў скрыншот, апрацаваў у фаташопе, і выклаў такі пост, маўляў, у «Белавіі» новы карпаратыўны стыль. Нават расійскі блогер Варламаў гэта рэпостнуў, гэта быў першы такі масавы ахоп. «Белавію» я падколваў двойчы, яны самі прыносяць інфанагоды. Апошняй іх акцыяй было набіць татуіроўку і атрымаць бескаштоўныя палёты. Я намаляваў свае тэматычныя эскізы, што, на маю думку, падыходзілі ім лепей. Гэтаму градусу абсурда трэба надаваць нейкую форму, каб ён выходзіў, неяк яго выказваць.

Крыніца: behance.net/vladimirmalyavko

— Калі вы рабілі нешта па замове, наколькі важна было супасці поглядамі з кліентам? Ці было такое, што вы адмаўляліся ад праекта?

— Раскажу пра адзін вялікі фэйл. Я тады працаваў у рэкламным агенцтве. Прыйшоў кліент, які хацеў зняць ролік. У мяне ўжо быў досвед працы другім рэжысёрам на здымачнай пляцоўцы, і мне захацелася зарабіць грошай. Тады я дамовіўся са сваімі дырэктарамі, мы напісалі сцэнар, сабралі каманду, знялі, ролік вельмі добра зайшоў. Але праблема была ў тым, што рэкламаваўся Аршанскі мясакамбінат. А я веган. Вось гэты момант я і запомніў на ўсё жыццё: не варта здраджаць сваім прынцыпам і ідэалам. Лепей не зарабіць нейкія грошы, зняць нешта іншае, але застацца пры сваім да канца.

— Як выглядае польскі працоўны рынак у вашай сферы?

— Як фрылансер я займаюся распрацоўкай дапоўненай рэальнасці — маскі ў інстаграме ці фільтры ў ціктоку, напрыклад. У Польшчы ёсць адна з буйнейшых кампаній у гэтай сферы, я нават быў пару раз на сходках распрацоўшчыкаў. Патрабаванні ў іх вельмі высокія, таму я пакуль не падыходжу, трэба яшчэ развівацца. Што наконт дызайна, многія патрабуюць добрае валоданне польскай, бо гэта і камунікацыя ўнутры каманды, і праца з кліентамі, з польскімі тэкстамі. Таму кажу ўсім, хто хоча працаваць у польскіх агенцтвах — валоданне польскай мовай тут нават карыснейшае за ангельскую. 

— Ці сумуеце па дому?

— Канешне, дадому хочацца, але варта карыстацца магчымасцямі, што адкрываюцца тут для творчасці і працы. Але ніколі не трэба забывацца на тое, што адбываецца на радзіме.

— Што падалося вам прыгожым за апошні час?

— Мне вельмі падабаецца, як многія дызайнеры абыгрываюць тэму вайны. Здаецца, што можна новага прыдумаць? Вось нібыта ёсць сцягі адной дзяржавы, другой, ёсць слова «вайна», а ўсё роўна кожны раз здзіўляешся выкананню работ на ваенную тэму. Хтосьці знаходзіць новыя вобразы, у кагосьці ўдалыя ілюстрацыі ці мінімалізм. Вельмі цяжка знайсці ў творчай працы новы сэнс. Для мяне заўжды галоўнае — змест, а форма другасная.

Крыніца: behance.net/vladimirmalyavko

— Склалася ўражанне, што вы па-ранейшаму ад 20-га года знаходзіцеся ў беларускай рэчаіснасці. Ці гэта так?

— Так. Я з тых, хто супраць таго, каб блакавалі каналы ГУБАЗіКа, напрыклад. Бо ў Беларусі не засталося валанцёраў, якія могуць адсочваць інфармацыю па затрыманых. Я даведаўся пра тое, што затрымалі маіх знаёмых, толькі таму, што ўбачыў адпаведны пост. У мяне гэта зараз ранішні рытуал — кава і навіны з нейкай прапагандысцкай крыніцы. Чытаеш і думаеш — якая жэсць. Бадзёрыць маментальна.

Калі я кіну гэта чытаць, я, напэўна, згублю сувязь з беларускай рэальнасцю. Я паўгода як выехаў з Беларусі і толькі нядаўна зразумеў, наколькі жахлівыя рэчы там адбываюцца, бо пакуль ты знаходзішся там, ты звыкаешся. Таго затрымалі, іншага пасадзілі, і ты пагаджаешся — ну так, вось такая рэальнасць, што зрабіць. І ўсе нібыта бессмяротныя, думаюць, што за імі не прыйдуць, а за імі прыходзяць. Я вось маўчаць не магу, я разумеў, што калі я буду нешта казаць ці посціць, трэба будзе з’язджаць. І калі ты ўжо за мяжой, то па-іншаму глядзіш на сітуацыю. Магу сказаць усім маім сябрам: збірайце рэчы і з’язджайце.

Поўную размову з дызайнерам Уладзімірам Маляўка слухайце ў плееры ніжэй.

Comments are closed.