Loading

“Жанчыны ў гісторыі Беларусі” – такую назву носіць цыкл лекцый, які распачаў  гісторык Уладзімір Арлоў. Сустрэчы праходзяць у беластоцкім хабе “Новая зямля” пры ўдзеле нядаўна створанага на Падляшшы Цэнтра беларускай культуры.  

Крыніца: budzma.org

“Звярнуўшыся да гісторыі іншых еўрапейскіх краін, мы знаходзім таксама выдатныя імёны: Жанна Д’Арк альбо Ласкарына Бубуліна – гераіня змагання грэкаў ад турэцкага прыгнёту. Украінцы вельмі шануюць княгіню Вольгу. Але ў нашай гісторыі сталася так, што ўжо ў першыя яе стагоддзі жанчыны адыгралі можа нават лёсавызначальную ролю. Калі б не княгіня Рагнеда, якая выратавала дынастыю Рагвалодавічаў, магчыма і нашай дзяржавы не было б, бо менавіта мужнасць Рагнеды прывяла да таго, што яна ўрэшце была выслана з нялюбага ёй Кіева, ад нялюбага Уладзіміра, якому яна спрабавала адпомсціць за спалены Полацк, за вынішчаную сям’ю. Яна была выслана назад з малым яшчэ Ізяславам на сваю Бацькаўшчыну. Ізяслаў пачаў княжыць у Полацку, а пры ўнуку Рагнеды Полацк ужо аднавіў незалежнасць ад Кіева пры князе Брачыславе, а пры праўнуку, пры князе Усяславе Чарадзеі ўжо Полацкая дзяржава паспяхова супрацьстаяла ўсім спробам пазбавіць яе незалежнасці. Уявім сабе, што не было б у нашай гісторыі Рагнеды і ўсёй гэтай гісторыі.

Мы будзем казаць пра яшчэ адну, малавядомую асобу, але яна таксама сведчыць пра значнасць нашай першай дзяржавы – Полацкага княства, парадніцца з валадарамі якога лічылі магчымым і за гонар нават візантыйскія імператары і іншыя манархі еўрапейскія. Будзем гаварыць пра Сафію Валадараўну, каралеву Даніі, якая вельмі адметнае месца ў гісторыі Даніі заняла, пра гэта шмат напісана.

У перспектыве мы будзем гаварыць і пра Еўфрасінню Полацкую, асветніцу, мецэнатку, святую. Гэта таксама была асоба агульнаеўрапейскага масштабу. У нас будуць такія тэмы: “Правы і роля жанчын у Вялікім княстве Літоўскім”. Гэтыя правы былі значна большымі, чым у Масковіі суседняй, дзе жанчыны былі цалкам бяспраўныя. У лекцыях у нас будуць узнікаць імёны Анастасіі Слуцкай, Барбары Радзівіл. Пагаворым і пра Бону Сфорцу, вялікую княгіню і каралеву. Сярод нашых гераінь, канешне, калі пра тыя аддаленыя часы казаць, будзе пісьменніца і тэатральная дзяячка Францішка-Уршуля Радзівіл. І калі ўжо казаць пра ХІХ стагоддзе, то будзем весці гаворку пра жанчын-удзельніц, гераінь вызвольных паўстанняў 1831, 1863 гадоў.

Я планую адну з лекцыі прысвяціць удзелу жанчын у беларускім нацыянальным адраджэнні і ўтварэнні БНР. Тут бліжэй пазнаёмімся з Алаізай Пашкевіч (Цёткай), з Палутай Бадуновай, з Марыяй Магдаленай Радзівіл, іншымі іх аднадуміцамі, паплечніцамі. 

У планах таксама размовы пра трагічныя лёсы жанчын у гады сталінізму. Асобная лекцыя будзе прысвечана жыццю, пакутніцкаму шляху і творчасці Ларысы Геніюш. 

Для кагосьці будзе адкрыццём, канешне, лекцыя пра ўдзел жанчын у антысавецкай барацьбе ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны. Сярод гэтых гераінь асобы, пра якіх я пісаў у сваёй кнізе “Імёны свабоды”. Будзе гаворка ісці і пра славутых жынчын-дзяячак нашай эміграцыі, пра жанчын-сучасніц. Там цэлы шэраг вядомых імён, які пачынаецца са Стэфаніі Станюты, славутай нашай акторкі. Ну і можа быць завяршаецца Нобелеўскай Святланай Алексіевіч. Асобная лекцыя будзе прысвечана жанчынам Падляшша”.

Comments are closed.