Loading

Пагарталі слоўнік беларускай народнай фразеалогіі і знайшлі для вас пяцёрку каларытных фразеалагізмаў, сабраных у гаворках розных  мясцін Беларусі.

  1.   Ад’ядаць сэрца

У народзе яшчэ казалі «ад’ядаць душу» або «выядаць нервы». Гэта значыць давесці да адчаю, змучыць каго. Вось запіс са Стаўбцоўскага раёна: «Вот суседзі цяпер у мяне, слова не скажы. Робяць наперакор, чуць што – сварыцца. Ад’ясі сэрца с такімі людзьмі». А гэта запіс са Слуцкага раёна: «А мой учора прышоў як цэп і сёньня тое самэ. І веда, што пойдам у госьці, і пашоў у заработкі к Аўдоці гной выкідаць. Так пераеў серца, ня вытрываць».  

  1.   Вылупіць вочы

Казалі яшчэ «вывернуць вочы» – гэта значыць кідаць асуджальныя позіркі, выразам твару выказваць здзіўленне або пострах. Стаўбцоўскі раён: «Быў чалавек сталы такі, Гальяш звалі. Дак пагонім мы гусі пад млын, а ён вывярне вочы, да нас: «Дзеці буду браць!». А божухна, ляцім дадому, крычым ад страху». А вось модны прысуд па-стаўбцоўску: «Кап хоць рукі былі паўнейшыя або сама маладзейшая, то так сабе. А гэта выдзі ў людзі ў такой кофтачцы, кожны вылупіць вочы – баба старая, а адзела кофтачку с кароцянькім рукавом». 

  1.   Закапыліць губы

Можна яшчэ сказаць «надуць лупы» або «закапыліць грыбы». Гэта значыць загневацца, зазлаваць, надзьмуцца на каго, не размаўляць з кім. Вось запіс, зроблены ў Навагрудскім раёне: «Ёй два слова ні скажы, адразу лупы закаплыіць». А гэта ўжо з Чачэрскага: «Во ўжо хлопіц! Чуць што, грыбы надьме і гатоў заплакаць. У каго ён такі ўдаўся, ні знаю». А вось сямейная драма са Стаўбцоўскага раёна: «Марынка ўгенвалася на Аліка, губы закапыліла, адварочваецца. А ён жа ні вінаваты саўсім, ні чапаў ён яе». 

  1.   Гаварыць з чортам пацеры

Што гэта значыць? Усё проста. Гаварыць з чортам пацеры – гэта весці гаворку з тым, хто цябе не жадае слухаць, хто пярэчыць або адмаўляе табе. Ну вось напрыклад: «Што ёй ні скажы, усё яна наперакор. Вот і гавары ш чортам пацяры, слухаць ні хоча». 

  1.   Дапасці на дзясятае сяло

Такімі словамі асуджалі таго, хто ідзе па сваёй справе далёка ад роднай вёскі. Ну вось напрыклад: «Верка твая, як прыйдзя сыбота, то й пашла. Дападзе на дзісятаё сяло і ні пабаіцца ваўкоў, ні цямнаты». Ну а тут проста відавочны прадпрымальніцкі талент у жыхаркі Стаўбцоўскага раёна! Толькі паслухайце: «Пятроўская табе на дзісятаё сяло дападзе, а дастаня, яна дастаня, у яе знакомых усядых – то вымяняя, то прадасьць выгадно, то купіь дзёшаво, але набудзя». 

 

Comments are closed.