Падзеі 2020 года сталі беспрэцэдэнтным узрушэннем у гісторыі беларусаў. З гэтым пагадзіліся ўсе гісторыкі, якія прынялі ўдзел у дыскусіі аб фармаванні беларускай нацыі, што прайшла на фестывалі “Прадмова” ў Беластоку. У той жа час, як ставіцца да вынікаў беларускай рэвалюцыі іх меркаванні падзяліліся – хтосьці параўноўвае іх з вынікамі паўстання нявольнікаў, а хтосьці бачыць вялікі зрух у нацыятворчым працэсе.
У дыскусіі, якую мадэраваў філолаг Валер Булгакаў, прынялі ўдзел гісторыкі Павел Церашковіч, Алесь Пашкевіч і Алесь Белы. Праўда, апошняга можна было пачуць і пабачыць толькі дзякуючы інтэрнэту, бо як ён сам паведаміў – знаходзіўся ў Ізраілі.
Гаворка, якая мусіла даць адказ на пытанне, беларусы – этнічная ці палітычная нацыя, пачалася з рэфлексій на падзеі 2020 года. Як слушна адзначыў Павел Церашковіч, такіх масштабных і масавых уласных узрушэнняў гісторыя Беларусі яшчэ не ведала. Больш за тое, тыя грамадска-палітычныя падзеі, якія так ці інакш закраналі беларускае насельніцтва цягам апошніх 200 гадоў, былі для нас толькі своеасаблівым рэхам, бо эпіцэнтры ўзрушэнняў знаходзіліся па-за Беларуссю. Гэта тычыцца і паўстанняў Касцюшкі, Каліноўскага, змен, якія меліся цягам ХХ стагоддзя. “У 2020 годзе мы самі сталі эпіцэнтрам”, – падкрэсліў гісторык, адзначыўшы, што тады было канкрэтна пастаўлена пытанне пра ўладу – народ патрабаваў правесці сумленыя выбары.
У сваю чаргу Алесь Белы, пагаджаючыся, што падзеі 2020 года былі важныя і беспрэцэдэнтныя, адзначаў, што паколькі перамога не дасягнута, нельга казаць, што адбылося нешта лёсавызначальнае. Гэта змогуць сказаць толькі наступныя пакаленні, а пакуль сцвярджэнне аб рэвалюцыйнасці падзей больш падобна на веру, блізкую да рэлігіі, казаў гісторык.
Людзі, якія выйшлі на вуліцу, праявілі сябе як згуртаваная грамадзянская супольнасць, адзначаў у сваю чаргу Алесь Пашкевіч. Паводле яго, людзі разумелі адзінства сваіх інтарэсаў і гэтае адзінства адбывалася ва ўсведамленні аб Беларусі як асобнай дзяржаве.
Алесь Белы аднак пярэчыў гэтаму. Ён прыводзіў прыклад першага ў гісторыі ўдалага паўстання нявольнікаў, якое мела месца на пераломе XVIII-XIX стагоддзяў на Гаіці. “З рэвалюцыі рабоў не паўстае свабоды, бо яны не ведаюць, што такое свабода”, – казаў гісторык і, пераносячы параўнанне на беларускую сітуацыю, адзначаў, што пабудова беларускай нацыі на падставе светапогляду прыгонных сялян непазбежна прыводзіць да лукашызму, да партыі “Белая Русь”, да “красаўцаў” гэта значыць да бязмежжа сілавікоў, што і чакае нас, паводле яго, на бліжэйшую перспектыву. Да таго ж Беларусь сёння адарвана ад еўрапейскага дэмакратычнага кантэксту і знаходзіцца разам з цытата “азіяцкімі тыраніямі” канец цытаты.
Катэгарычную нязгоду з такім поглядам выказвалі Алесь Пашкевіч і Павел Цераховіч. Спадар Алесь адзначаў, што іншыя народы таксама дзесяцігоддзямі ці нават стагоддзямі знаходзіліся пад прыгнётам, але калі з’явілася магчымасць дабіваліся дэмакратычных пераўтварэнняў. Сёння пад прыгнётам знаходзяцца беларусы і да таго ж яны не падтрыліваюць “красаўцаў”. З гэтым сцвярджэннем цяжка не пагадзіцца, улічваючы той ўзровень рэпрэсій і дзяржаўнага тэрору, які зараз пануе ў Беларусі.
У сваю чаргу Павел Церашковіч звярнуў увагу на такія азіяцкія краіны як Паўднёвая Карэя ці Японія, дзе людзі ўровень карыстаюцца дэмакратычнымі правамі і свабодамі. Таксама паводле спадароў Пашкевіча і Церашковіча, не варта і шкодна супрацьпастаўляць этнічную і грамадзянскую нацыі, бо палітычная нацыя ёсць грамадзянскай і ўключае ў сябе этнічны элемент.
Пасля дыскусіі, зноў жа вяртаючыся да падзей 2020 года, цяжка было не задаць пытанне Паўлу Церашковічу, ці былі тыя ўзрушэнні рэвалюцыяй альбо нечым падобным на паўстанне нявольнікаў.
“Рэвалюцыі неабавязкова павінны скончвацца перамогай. І можа тут будзе трошкі такога песімізму, але паглядзіце, немцы пачалі свой шлях да свабоды ў 1848 годзе, калі практычна ўсю Германію захапіла рэвалюцыя. І былі патрабаванні такія ж як у нас былі ў 2020 годзе – каб улада належала народу, а не князям, каралям, імператарам і гэтак далей. І калі, напрыклад, жыхары Макленбурга ці Брандэнбурга сталі вольнымі? Толькі ў 1990 годзе. Вось глядзіце, які гэта быў доўгі-доўгі шлях. І ў іх таксама былі паўстанні. Ужо ў ХХ стагоддзі, у 1953 годзе ў падкантрольнай Савецкаму Саюзу частцы Германіі было паўстанне і яго давілі, душылі танкамі, стралялі, і так спынілі. А ў 1989-1990 годзе нацыя ўсё ж такі аб’ядналася і паўстала. Міраслаў Грох (чэшскі гісторык) кажа, што калі існуе нацыянальны рух, то яго можна спыніць, яго можна ўвогуле знішчыць, але калі ён калісьці з’явіўся, ён усё роўна працягне развівацца, і з ім ужо нічога не зробіш. І вось гісторыя нацыянальнага руху Беларусі гэтаму пацвярджэнне.
Паглядзіце, пасля 1945 года здавалася, што ўсё – кагосьці расстралялі ў Курапатах, хтосьці загінуў падчас вайны ці збег на Захад у 1944-ым. Але раптам у канцы 80-х гадоў з’яўляюцца маладыя людзі ў, здавалася б, цалкам русіфікаваным Мінску, якія пачынаюць з пачатку нацыянальны рух. Так што гэта ўжо ёсць, гэта будзе. Можа, як і немцы, мы будзем доўга ісці да свабоды, але раней ці пазней мы прыйдзем абавязкова”.
Падрабязней слухайце наш падкаст: