Вырабы пудзіл жывёл з тварамі людзей, малюнкі крывёй і чалавечымі выдзяленнямі, абрады, звязаныя са смерцю, і разбойная таксідэрмія. Пра гэта ў мастацкай галерэе Сляндзіньскіх у Беластоку расказваліі ўдзельнікі лекцыі „Memento mori: гісторыя шакавальнага смяротнага мастацтва”, якую падрыхтавала для беларусаў гарадзенская мастачка Таццяна Калач у межах праекта “Твая гісторыя”.
Нягледзячы на тое, што тэма лекцыі была даволі спецыфічная, усе сядзячыя месцы ў залі галерэі былі занятыя. Спадарыня Таццяна адразу адзначыла, што не будзе пужаць прысутных мастацкімі творамі, і лекцыя пройдзе ў “палегчаным варыянце”. Разам з тым гэтага хапіла, каб уразіцца выявамі, якія падрыхтавала мастачка, распавядаючы пра гісторыю шакавальнага мастацтва і якім чынам яго варта адрозніваць ад навуковых выстаў ці анатамічных тэатраў.
Перадгісторыяй апрацоўкі целаў мёртвых людзей і жывёл можна лічыць муміі, якія выраблялі егіпцяне. Зразумела, гэта яшчэ не было мастацтвам, а проста элементамі рэлігійнага культу. Пудзілы жывёл, якія стваралі людзі пазней, напхаўшы ў знятую шкуру рознае змесіва, таксама яшчэ не былі ўзорамі шакавальнага мастацтва. Але яно стала з’яўляцца, калі да шкуры адной жывёліны прымацоўвалі, напрыклад, галаву іншай, то бок рабілі тое, што на навуковай мове называецца “разбойнай таксідэрміяй”. Гэта значыць, што такім дзеяннем мастак хацеў выказаць нейкую ідэю. Тое ж самае можна сказаць пра інсталяцыі, у прыватнасці, з памерлымі мухамі, альбо карцінамі, намаляванымі крывёй і мачой, альбо фарбай перамешанай з чалавечым прахам.
Шакавальнае мастацтва наўпрост звязана з абрадавасцю. Спадарыня Таццяна ўзгадала многім моманты з дзяцінства, калі хавалі памерлых птушак ці рабілі так званыя “сакрэцікі” з кветкамі ці чымсьці іншым пад шклом у зямлі. Менавіта з перфоманса пахавання штучнай птушкі і пачалася лекцыя. Кожны з прысутных патрымаў птушку ў руках, перадаючы суседу. Тым часам спадарыня Таццяна спявала песню, а потым, паклаўшы птушку ў маленькую труну, закапала ў скрынцы.
“Смерць – гэта тэма, якая заўсёды цікавіла чалавецтва”, – адзначыла ў інтэрв’ю журналістам Таццяна Калач.
– Мастакі яе нездарма выбіраюць. У кожнага ёсць свае нейкія мэты, чаму яны ствараюць мастацтва менавіта на гэтую тэму, і ў кожнага мастака ёсць свае асабістыя сімвалы.
– Шакавальнае мастацтва ад усіх іншых відам мастацтва чым галоўным адрозніваецца?
– Галоўнае – гэта шок, незвычайнасць, напрыклад, матэрыялаў, з якіх мастакі ствараюць свае працы ці незвычайнасць тэмы. Хоць у нас такая шакавальная тэма, але працы будуць “па лайту”, таму што ёсць такія працы, якія вельмі шакуюць і нават для людзей 18+ яны могуць цікавымі, але страшнаватымі, а непадрыхтаванаму чалавеку можа быць не вельмі ўтульна.
– Прыклады шакавальнага мастацтва ў звычайным жыцці нам сустракаюцца?
– Канешне, сустракаюцца. Адна мастачка стварыла звычайную фатаграфію, але ў яе незвычайны кантэкст: гэта фотаздымак для яе будучага пахавання, то бок, у маладым узросце яна вырашыла такім чынам зрабіць сабе добры фотаздымак.
Comments are closed.