Loading

24 лютага нарадзіўся Рыгор Барадулін. Яго паэтычная спадчына – гэта дзясяткі, а нават сотні геніяльных твораў, якія нярэдка станавіліся цудоўнымі песнямі. І па іх мы таксама сёння любім і згадваем апошняга Народнага паэта Беларусі.

  1. Зміцер Вайцюшкевіч – «Пані трошкі ў гадах»

Роўна 20 гадоў таму Зміцер Вайцюшкевіч запісаў лірычную нізку песень на вершы Рыгора Барадуліна. 13 кампазіцый аб’ядналіся пад вокладкай альбома «Паравоз кахання». На кружэлцы, дарэчы, можна пачуць голас і самога Рыгор Барадуліна: да кожнай з песень паэт запісаў паэтычны эпіграф. 

«Паравоз кахання» выйшаў адразу пасля знакамітых «Паравінаў году» і працягнуў іх поспех, многія з песень на барадулінскія вершы сталі музычнымі візітоўкамі, хітамі Вайцюшкевіча. «Пані трошкі ў гадах» – адна з такіх кампазіцый.

  1. Алесь Камоцкі – «Зорка босая»

«Зорка босая» – адна з самых вядомых песень Алеся Камоцкага на вершы Рыгора Барадуліна. Творцаў звязвала доўгае і вельмі блізкае сяброўства, праз якое нарадзілася нямала супольных праектаў. Барадулін і Камоцкі разам выступалі, выдавалі кнігі, а яшчэ – пісалі рамансы. «Зорка босая» – адзін з іх.

Абсалютна простая па сваіх складніках песня – усяго два акорды, а ўступ і пройгрыш увогуле на адным – вельмі хутка стала знакавай. Практычна ні адзін канцэрт Алеся Камоцкага не праходзіў без таго, каб хтосьці з гледачоў не папрасіў яго выканаць «Зорку».  

  1. Алеся Сівохіна – «Мне не хапае»

Яшчэ адзін раманс на музыку Алеся Камоцкага і верш Рыгора Барадуліна. Асабліва пранікнёна яго радкі загучалі ў выкананні Алесі Сівохінай

Тэкст і ноты кампазіцыі, дарэчы, можна знайсці ў выданні «Каб аднойчы» . У ім надрукавана 20 непаўторных лірычных вершаў, якія ў кнізе набываюць новае жыццё, фактычна пераўтвараючыся ў песні, а кожны з твораў аздоблены кранальным фотаздымкам. Са старонак альбому на нас глядзяць жыхары звычайных беларускіх вёсачак – людзі, якія пранеслі сваё каханне праз усё жыццё. Ёсць у альбоме і фота Рыгора Барадуліна з яго жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. 

  1. Леанід Барткевіч – «Трэба дома бываць часцей»

«Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем» – гэтыя радкі з дзяцінства знаёмыя кожнаму беларусу. Музыку да хрэстаматыйнага верша напісаў Ігар Лучанок, а знакамітай кампазіцыю зрабіла выкананне Леаніда Барткевіча. Песня была настолькі папулярнай, што многія лічылі яе народнай.

  1. Аляксандр Віслаўскі – «Маленне за Беларусь»

У 2018 годзе экс-саліст «Песняроў» Аляксандр Віслаўскі выдаў праграмную кружэлку на вершы Рыгора Барадуліна. У альбом «Маленне за Беларусь» увайшло 10 кампазіцый, створаных на духоўныя тэксты народнага паэта.

«Я думаў толькі пра тое, чаму ж не запісаў гэты альбом пры жыцці Рыгора Барадуліна, – распавядаў Віслаўскі ў адным са сваіх інтэрв’ю. – Магчыма, намаганне аддаць даніну павагі вялікаму паэту і майму сябру, можа пачуццё віны мяне тады і падштурхнулі зрабіць гэты значны творчы крок».

Comments are closed.