Loading

Пяць гадоў таму Міхал Анемпадыстаў заўчасна пайшоў з жыцця. Ён належаў да тых людзей, якіх называюць асобамі адраджэння. Быў таленавітым мастаком і паэтам, цудоўна разбіраўся ў дызайне, мастацтве, архітэктуры і гісторыі. Многія з нас выраслі на яго тэкстах да песень гуртоў «Новае неба», «Мроя», NRM. А яшчэ, Міхал Анемпадыстаў падарыў беларусам легендарны «Народны альбом». І кампазіцыі з гэтага ўнікальнага супольнага музычнага праекта таксама ёсць у нашым топе.

1. Мая краіна

Песня нарадзілася ў сярэдзіне 1990-х гадоў і стала саўндтрэкам цэлага пакалення, чыя краіна была пад белым сцягам з чырвонай стужкай. У гэтай кампазіцыі супала ўсё: час, месца, тэкст, музыка і выкананне. Па версіі Tuzin.fm, «Мая краіна» – адна з найвялікшых беларускіх песень. І з гэтым немагчыма не пагадзіцца.

2. У чаканні Калядаў

Мы ўвосень падпальвалi лiсце
Мы ўзiмку хварэлi на гланды
I прыклаўшы далонi да вуснаў
У цямрэчы чакалi Калядаў…

Яшчэ адна песня на верш Міхала Анемпадыстава – пра чаканне даўжынёй у жыццё і ўпартую надзею: няглядзячы ні на што.

3. Калыханка для дарослых

Ці помніш ты, як мала спалі
Ці помніш ты, як шмат прысьнілі…

Ці варта ўцякаць ад успамінаў? Часамі толькі каштоўнасць перажытага ратуе ад тугі па незваротным. Яшчэ адзін культавы тэкст, музыку да якога напісаў Зміцер Вайцюшкевіч.

4. Паляўнічы

Адна з найлепшых песень Касі Камоцкай і адна з самых лірычных у «Народным альбоме», дзе Міхал Анемпадыстаў стварыў сваю Беларусь – з кантрабандыстамі і шпіёнамі, жаўнерамі, настаўнікамі і, канечне, шляхетнымі паненкамі.

5. Простыя словы

Напэўна, самая вядомая песня Міхала Анемпадыстава, якая простымі словамі навучыла беларусаў заўважаць прыгажосць у звычайным. Глянуць на полымя ў печы, прыцемкам сінім апынуцца ў бацькоўскай хаце… Вось яно, шчасце па Анемпадыставу.

Слухайце 5 лепшых песень Міхала Анемпадыстава ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.